Язэп Вількоўшчык: „Я – Бацькаўшчыны сын…” Сяргей Чыгрын

w3
Язэп Вількоўшчык, 1922 г

На старонках беларускіх віленскіх выданняў 1920-х—1930-х гадоў шмат друкавалася аўтараў пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі, сапраўдныя прозвішчы якіх да сённяшніх дзён нерасшыфраваныя, нераскрытыя, застаюцца нам невядомымі. Гэта дзесяткі паэтаў, празаікаў, простых карэспандэнтаў з розных рэгіёнаў былой Заходняй Беларусі, якія дасылалі навіны са сваіх вёсак, мястэчак, гарадоў. Далёка не ўсіх аўтараў псеўданімы і крыптанімы раскрыў у сваім „Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX стст.)” (Мн., 1983) і Янка Саламевіч (1938-2012).

Але, як кажуць у народзе, нішто нікуды не знікае і не прападае. Не знікла ў невядомасць і творчасць заходнебеларускага паэта Язэпа Вількоўскага. Гэта яго дзесяткі лірычных вершаў і розных баек друкаваліся ў віленскіх календарах, калектыўных зборніках, у часопісах „Шлях моладзі”, „Нёман” і іншых. Пад сваімі творамі ён рэдка ставіў уласнае прозвішча Язэп Вількоўскі, часцей за ўсё ён падпісваўся Язэп Вількоўшчык, Я.Вількоўшчык, Vilkouscyk J, Vilkoscyk Jazep, J.V, Я.В. Нават Янка Саламевіч у сваім „Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX стст.)” прыгадвае Язэпа Вількоўскага і што ён друкаваў у часопісе „Шлях моладзі” ў 1933 годзе ў Noпад псеўданімамі Vilkouscyk J, Vilkoscyk Jazep. Дык хто ж такі Язэп Вількоўшчык?

Сустрэча з Вількоўскімі

Гісторык і журналіст Сяргей Ёрш мне некалькі разоў нагадваў, каб я шукаў сляды Вількоўшчыка на Слонімшчыне. „Магчыма ён родам з вёскі Варонічы Слонімскага павета. Пашукай на Слонімшчыне яго сляды, усіх Вількоўскіх апытай”, – раіў мне Сяргей Ёрш. І я паслухаў сябра. Наведаў вёску Варонічы, суседнія вёскі, але там Вількоўскіх няма і ніхто Язэпа Вількоўскага са старэйшых жыхароў не памятае. А вось у Слоніме на адну сям’ю Вількоўскіх патрапіць удалося. Ірына Аляксееўна Вількоўская нядаўна яшчэ працавала настаўніцай матэматыкі ў СШ No 4 г. Слоніма, цяпер на пенсіі. Гэту жанчыну я добра ведаў, таму пасля вясковых пошукаў звярнуўся да яе. На маё пытанне, ці мае якое дачыненне Язэп Вількоўскі да яе сям’і, жанчына ўпэўнена адказала, што гэта бацька яе мужа Андрэя Вількоўскага.

w5
Язэп Вількоўскі (злева крайні) з бацькам, маці, сястрой і пляменніцай у Слоніме, 1930 г.

Не адкладваючы надоўга такую прыемную навіну, я хутка завітаў у вялікі дом Вількоўскіх на вуліцы Загарадняй. Мы гутарылі некалькі гадзін. „Тое, што бацька пісаў байкі, я ведаў, але што ён актыўна друкаваўся ў даваенных віленскіх выданнях, я нічога не чуў. Ды і бацька мне пра гэта не казаў. Ён быў маўклівы. У вольны час нешта пісаў. А што пісаў – мы не цікавіліся. Ён вельмі шмат чытаў: беларускую, рускую, польскую літаратуру, меў вялікую бібліятэку класічнай літаратуры. Ён з мамай жыў побач з нашым домам. Там былі ўсе яго архівы і бібліятэка. А калі бацькі, а потым маці не стала – мы гэты дом прадалі. Сёе-тое забралі сабе, астатнія паперы, здымкі, кнігі не перавозілі, не забіралі – усё засталося там, і гэтым усім распарадзіліся новыя гаспадары купленага ў нас дома”, – адразу расчараваў мяне Андрэй Вількоўскі.

Да нашай размовы далучыліся і Ірына Вількоўская, а потым іх дачка Вольга. Жанчыны паказалі некалькі старых пажаўцелых ад часу дакументаў, сярод іх і „Выпіска з працоўнай кніжкі” Язэпа Вількоўскага, пачынаючы з 1944 года, а таксама фотаздымкі яго і некалькі карцін. „Свёкар быў вельмі адукаваным чалавекам, шчырым, паважаным, – пачала ўспамінаць Ірына Вількоўская. – Мой муж Андрэй – гэта яго адзіны сын. І бацькі для яго, для нас, нічога ніколі не шкадавалі, усё жыццё яму дапамагалі”. Дачка Андрэя і Ірыны Вількоўскіх Вольга з вялікай зацікаўленасцю слухала нашу размову і была моцна здзіўлена, што яе дзед Юзік (так яны яго клікалі) быў беларускім паэтам. „Мой дзядуля яшчэ добра маляваў карціны, перамалёўваў творы іншых мастакоў. Але з часам усё знікла: некалькі карцін яго ўкралі, іншыя ён падараваў сябрам і знаёмым. А яшчэ мне дзед казаў, што ён дзесьці закапаў клад. Але што там ён закапаў і дзе – я не ведаю, і мама з татам таксама не ведаюць”, – прызналася Вольга. Магчыма, той клад захоўвае пісьмы ад Янкі Купалы, Якуба Коласа, Гальяша Леўчыка, Наталлі Арсенневай, Янкі Багдановіча, Язэпа Найдзюка. А, магчыма, Язэп Вількоўскі закапаў і сапраўдны скарб манетаў. Справа ў тым, што ў 1935 годзе ён для Віленскага музея Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры падараваў шмат манет, старых выданняў і фотаздымкаў. Нават атрымаў падзяку. Гэта падзяка была апублікавана ў „Беларускай крыніцы” 25 ліпеня 1935 года ў No 29: „ Падзяка. Грам-ну Яз.Вількоўскаму ў Слоніме за дараваныя для Музэю Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры: 1. Калекцыю 24-ох медзяных і сярэбраных, старадаўных і навейшых манэт. 2. Калекцыю папяровых грошаў. 3. Экзэмпляр „Беларускага Слова” No 16 з дня 22 кастрычніка, 1920 г. Горадня. 4. Экзэмпляр час. „Młody Literat” і альбом – шчыра дзякуе Цэнтральны Ўрад БІГІК”. Так што невядома, што і дзе закапаў беларускі паэт і калекцыянер.

Падчас першай сустрэчы я паказаў Вількоўскім старыя часопісы „Шлях моладзі” за 1930-я гады з вершамі іх бацькі і дзядулі. Пад некаторымі вершамі стаяла дата і месца напісання: г. Слонім. Мы дамовіліся, што Вількоўскія перагледзяць усе свае хатнія архівы, нават завітаюць да тых людзей, каму прадалі бацькаву хату, а раптам штось там засталося з рукапісаў, з пісем, са старых віленскіх выданняў…

w4
Язэп Вількоўшчык. Мастак Г. Саўчук. 1940 год

Язэп Вількоўшчык (сапраўднае прозвішча Вількоўскі Іосіф Андрэевіч) нарадзіўся 19 лістапада 1898 года ў вёсцы Варонічы Слонімскага павета. У сям’і Вількоўскіх было яшчэ чатыры сястры і брат, але брат загінуў у Першую сусветную вайну. Маці нідзе не працавала, а даглядала дзяцей, а таксама дапамагала мужу, які трымаў сваю прыватную невялікую краму. Усім адукацыю Вількоўскія даць не маглі, таму найбольш хваляваліся за сына Язэпа, які хацеў вучыцца.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, рускія казакі выгналі сям’ю Вількоўскіх, як і тысячы іншых беларусаў, у глыб Расіі. Вількоўскія трапілі ў Казанскую губерню. Там Язэп скончыў школу і паступіў у Казанскі медыцынскі інстытут.

Сродкаў на вучобу і пражыванне не хапала, таму беларускі юнак падпрацоўваў у розных канторах. То грузчыкам, то па-мастацку распісваў сувеніры, то пісаў плакаты і афармляў стэнды. Але ўсе роўна грошай не хапала, жыць і вучыцца было цяжка, а яшчэ сям’я Вількоўскіх вырашыла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Таму Язэп пакідае медінстытут і разам з бацькамі напачатку 1920-х гадоў вяртаецца на Слонімшчыну.

Атрымаўшы пэўную адукацыю ў бежанстве, ён шмат чытае, спрабуе сам пісаць вершы і байкі на рускай мове. У 1927 годзе адзін з вершаў па-руску ён адсылае ў „Беларускую крыніцу”, дзе праз часопіс у рубрыцы „Наша пошта” атрымлівае адказ: „Працы Вашай, на жаль, не надрукуем, бо яна напісана па-расейску. Прабуйце пісаць па-беларуску. Пішыце, што ў Вас чуваць? Верш дужа слабы і да друку не падойдзе” („Biełaruskaja krynica”, 1927, No27).

Сядзець склаўшы рукі на Слонімшчыне юнак не хацеў, таму паехаў у Вільню, дзе скончыў бухгалтарскія курсы. Падчас вучобы на гэтых курсах ён пазнаёміўся ў Вільні з беларускімі выданнямі, з творчай беларускай інтэлігенцыяй. Магчыма, пасля курсаў ён пэўны час працаваў бухгалтарам у Вільні. Тады і пачынае спрабаваць пісаць, але ўжо на роднай мове. У пачатку 1930-х гадоў Язэп Вількоўскі вяртаецца на Слонімшчыну. Тут ён таксама знаёміцца з творчымі людзьмі: літаратарамі, мастакамі, музыкантамі, але палітыкай не займаецца. Як пісаў аўтару гэтых радкоў Сяргей Хмара, у 1937 годзе ў Дзятлаве была створана літаратурная суполка „Маладая Ўскалось”. Тады на першым з’ездзе прысутнічалі Аляксандр Бяленка, Алена Лябецкая, Алесь Крыга, Язэп Вількоўшчык і іншыя. Далей Сяргей Хмара паведамляе, што пасля вайны Язэп Вількоўшчык быў знішчаны супрацоўнікамі КДБ (Сяргей Хмара. Рабінавы хмель. Мн., 2009. С.190-191). Аказваецца, не. Язэпа Вількоўшчыка сталінскія рэпрэсіі мінулі. Як гэта яму арышту ўдалося пазбегнуць – застаецца загадкай.

w6
На вяселлі сына (крайні злева) Язэп Вількоўскі

Перад Другой сусветнай вайной сям’я Вількоўскіх пераехала ў Слонім. Дзе працаваў Язэп Вількоўскі і кім перад вайной і падчас акупацыі – невядома. Але ў кастрычніку 1944 года, згодна з „Выпіскамі з працоўнай кніжкі”, ён уладкаваўся на 9-ую дыстанцыю службовага пуці станцыі Слонім-Брэст-Літоўскі на пасаду бухгалтара канторы. Да гэтай пасады ён меў ужо працоўны стаж 14 гадоў і два месяцы. На чыгуначнай станцыі Слонім Язэп Вількоўскі адпрацаваў 7 гадоў і даслужыўся да намесніка начальніка па кадрах. А потым ён працаваў бухгалтарам на Слонімскім лесазаводзе, у Слонімскай арцелі „Вторпром”, потым зноў на чыгунцы, адкуль і пайшоў на пенсію.

На пенсіі, па словах Андрэя Вількоўскага, яго бацька займаўся гаспадаркай. А ў вольны час вельмі любіў гуляць у шахматы. Ён выпісваў шмат газет і часопісаў, адгадваў розныя шахматныя камбінацыі і дасылаў у рэдакцыі газет. „Гуляў ён у шахматы са сваім старэйшым сябрам Ігнатовічам. Гулялі яны доўга, але часцей за ўсё перамагаў бацька”, –успамінае Андрэй Вількоўскі.

Пражыў Язэп Вількоўшчык 86 гадоў, яго не стала 18 сакавіка 1984 года. Пахавалі паэта на слонімскіх гарадскіх могілках.

Творчасць Язэпа Вількоўшчыка

Свае паэтычныя творы Язэп Вількоўшчык пачаў друкаваць у заходнебеларускіх выданнях у пачатку 1930-х гадоў. Асабліва плённымі для яго былі 1932-1934 гады. Напрыклад, часопісы „Нёман” і „Шлях моладзі” не паспявалі ўсё дасланае ім друкаваць. Слонімскі аўтар нават выказваў у пісьмах сваю крыўду. Але рэдакцыя выданняў яго супакойвала, рабіла нават пэўныя заўвагі і шчыра адказвала яму праз „Паштовыя скрынкі”, якія друкаваліся на апошніх старонках выданняў. Вось некалькі адказаў на дасланыя творы Язэпам Вількоўшчыкам: „За пажаданні для часопісу і прысланыя вершы дзякуем. Прысылайце болей. Талент паэтычны маеце. Працуйце болей над тэхнікай” (Часопіс „Нёман”, 1932, No 3). „Пісьмы і матэрыялы атрымалі, шчыра дзякуем, падробнасці будуць у пісьме, якое ў хуткім часе вышлем” (Часопіс „Шлях моладзі”, 1933, No2). „Усё атрымалі, дзякуем. Як бачыце карыстаем. „Шлях моладзі” таксама высылаем паводле жадання. За параду шчырае дзякуй” (Часопіс „Шлях моладзі”, 1934, No 1). „За прывітанне (маецца на ўвазе 5-годдзе „Шляху моладзі. – С.Ч.) шчырая падзяка. Перапрашаем, што з прычыны нястачы месца ў гэтым нумары не змаглі мы нічога даць з Вашых твораў” (Часопіс „Шлях моладзі”, 1934, No 2).

Вершы Язэп Вількоўшчык пісаў на самыя розныя тэмы. Найперш яго хваляваў лёс роднай Бацькаўшчыны, якой ён спяваў „сумныя песні”, бо перажываў за матку-Айчыну, якую „сэрцам кахаў”, за лёс свайго народа. Разам з тым заходнебеларускі паэт адрасаваў свае паэтычныя радкі і тым, хто змагаўся за Радзіму і за гэта „пайшоў у турму”.

Пісаў паэт і пра простых людзей, якія жылі з ім побач, якія працавалі на роднай зямлі, а маладых паэтаў ён заклікаў у „край адраджэння, свабоды для ўсіх”.

w7
Заходнебеларускія выданні, дзе друкаваўся Язэп Вількоўшчык

Шмат вершаў у паэта напісалася пра жыццё і смерць. Паэт умеў разважаць, філасофстваць над лёсам свайго народа. Па вершах Язэпа Вількоўшчыка можна меркаваць, што гэты чалавек валодаў літаратурнымі здольнасцямі, самабытным паэтычным талентам, лёгка мог раскрыць характар сацыяльных змен і зрухаў.

Пісаў заходнебеларускі паэт і байкі. Мажліва, яны ў яго нават атрымліваліся лепш за лірычныя вершы. Клапатлівая даследчыца беларускіх баек Вольга Ярмак на сайце Электронная библиотека БГУ >(http://еlib.bsu.by) прааналізавала шэсць баек Язэпа Вількоўшчыка. Як вядома, традыцыйныя байкі пішуцца вольным ямбам, астрафічным вершам, нерэгулярнай рыфмоўкай. Дык з шасці знойдзеных баек на думку Вольгі Ярмак, дзве напісаны вольным ямбам – „Воўк у сяле” (Я1-5) і „Курыца і качаняты” (Я1-6). У многіх байках пісьменнік імкнуўся прытрымлівацца аднаго памеру: „Рэпа і рэдзька” – Х3, „Хцівасць” – Я4, „Воўк і авечкі” – Я6. Такое адступленне ад традыцыйнасці назіраецца і ў сучасных байках. Трэба заўважыць, трохстопным харэем напісаны байкі і Кандрата Крапівы („Дзед і баба”, „Памагаты”). Згаданыя вышэй байкі Язэпа Вількоўшчыка напісаны катрэнамі (акрамя байкі „Хцівасць”), у апошняй мараль складаецца з двух радкоў, што сведчыць пра максімальны лаканізм. Байкі ж „Цыган і воўк”, „Хцівасць” таксама лёгка можна разбіць на катрэны, бо чатырохрадковыя рыфмаваныя комплексы не вызначаюцца асаблівай звязанасцю паміж сабой. Большасць баек мае мужчынскія і жаночыя рыфмы (па месцы націску), за выключэннем баек „Хцівасць” і „Рэпа і рэдзька”, якія ўтрымліваюць толькі жаночыя.

Трэба адзначыць, што амаль кожная байка настоена на „зёлках” іншых твораў. За прыклад можна ўзяць байку „Цыган і воўк”, якая з’яўляецца кантамінацыяй вядомай беларускай народнай казкі „Лёгкі хлеб” і народнай прыказкі „Галоднаму хлеб толькі ўночы сніцца”. Язэп Вількоўшчык замяняе беларускага селяніна цыганом-злодзеем, які прапаноўвае ваўку вырошчваць хлеб і жыць як людзі. Цыган, пералічыўшы ўсе бар’еры, праз якія прыйдзецца прайсці, сам разумее нерэальнасць сваіх парад. Яны разыходзяцца, такім чынам яшчэ раз пацвердзіўшы мараль-прыказку. Гэтая байка магла стаць донарам пазнейшых баек-казак (напрыклад, „Жук і слімак” Максіма Танка). Язэп Вількоўшчык паказаў сябе таксама як перастваральнік баек іншых пісьменнікаў: яго твор „Воўк і авечкі” мае асновай байку Францішка Багушэвіча „Воўк і авечка”, а „Воўк у сяле” – байку Івана Крылова „Волк на псарне”. Але ў першай байцы пісьменнік поўнасцю змяняе сюжэт, пры гэтым пакінуўшы мараль амаль сугучную:

Прапала бы і два…
і ўсе б яны прапалі
Каб воўка пастухі
па скуры не пазналі.
(Я. Вількоўшчык)
Ды скінь скуру, дабрадзею,
Бо зубкі відаць.
А авечка, хоць дурная,
А Воўка ж пазнае.

(Ф. Багушэвіч)

У другой байцы пісьменнік бярэ сюжэт крылоўскай байкі, але дыялогі робіць больш аб’ёмнымі, глыбокімі і змястоўнымі, што набліжае да натуральнасці маўлення. Адчуваецца, што пісьменнік уклаў у твор часцінку самога сябе, свой жыццёвы вопыт, літаратурную дасведчанасць. Асаблівасць байкі „Рэпа і рэдзька” ў тым, што аўтар спалучае неспалучальнае: змяняе сэнс прымаўкі на супрацьлеглае значэнне: „Ложка толькі дзёгцю / Псуе бочку мёду”.

Мараль байкі „Хцівасць” перагукваецца з многімі творамі, дзе з пазіцыі жыццёвай мудрасці высмейваецца чалавечая сквапнасць, напрыклад з пушкінскай казкай пра залатую рыбку. Параўнаем:

Sto chcivy – choča mieci bolej,
To peuna usiakamu viadoma;
Jamu nikoli nie davoli,
Choč-by usiaho mieu dosyć doma.

Байка Язэпа Вількоўшчыка ставіла за мэту выхаванне грамадскай свядомасці згодна з прынцыпамі хрысціянскай маралі.
Акрамя вышэй названых баек, Язэпам Вількоўшчыкам было напісана і апублікавана яшчэ некалькі дзесяткаў гэтых алегарычных твораў павучальна-гумарыстычнага і сатырычнага характару. Жыцьцё людзей паэт адлюстроўваў у вобразах жывёлаў, раслінаў, рэчаў або зводзіў да ўмоўных адносінаў. Таму разважаць пра байкі Язэпа Вількоўшчыка можна доўга. Але гэта асобная тэма.
Усё, сказанае вышэй пра Язэпа Вількоўшчыка, наводзіць на думку: чаму пра яго ніколі не згадвалі ў сваіх кнігах даследчыкі літаратуры Заходняй Беларусі Уладзімір Калеснік, Арсень Ліс, Аляксей Пяткевіч, Мікола Мікуліч і іншыя даследчыкі?.. Чаму Уладзімір Калеснік не ўключыў у складзеныя ім кнігі „Сцягі і паходні” (Мн., 1965) і „Ростані волі” (Мн., 1990) ніводнага верша Язэпа Вількоўшчыка? А Мікола Мікуліч у сваёй кнізе „Паэзія Заходняй Беларусі (1921-1939)” (Мн., 2010. С.116) пра Язэпа Вількоўшчыка згадаў толькі ў адным сказе: „Асаблівасці лірыка-апавядальнай стылявой плыні былі дамінуючымі ў творах многіх іншых заходнебеларускіх аўтараў, таленавітых прадстаўнікоў масавай самадзейнай паэзіі, – Я.Вількоўшчыка, У.Казаровіча, Ф.Каравацкага, С.Новіка-Пеюна”.

Нядаўна патэлефанаваў я доктару філалагічных навук Арсеню Лісу і запытаўся: чаму ніхто ніколі, у тым ліку і Вы, не згадвалі пра Язэпа Вількоўшчыка? Паважаны літаратуразнавец шчыра адказаў: „Таму што мы мала пра яго што ведалі. Чыталі яго творы ў заходнебеларускіх выданнях, але дзе ён жыў, як склаўся ягоны лёс – ніхто з нас не чуў. Мы даследавалі творчасць больш вядомых літаратараў Заходняй Беларусі – Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Алеся Салагуба, Леапольда Родзевіча, Міхася Васілька і іншых”.
Вядома, з Арсенем Лісам можна пагадзіцца. Тым больш, што ён вельмі ўзрадаваўся, калі я сказаў, што адшукаў у Слоніме сына Язэпа Вількоўшчыка Андрэя Вількоўскага. Дарэчы, калі я развітваўся з Андрэем Іосіфавічам, ён прынёс бутэльку самаробнага віна і сказаў: „Бацька мой вельмі ўмеў ставіць добрае віно. У яго былі старыя нямецкія і польскія прыгожыя бутэлькі, куды ён віно наліваў, а потым ім частаваў гасцей. Ён і мяне навучыў рабіць такое віно. Хачу вас пачаставаць”. Мы прыселі за стол, а спадар Андрэй напоўніў шклянкі чырвоным віном і мы памянулі яго бацьку – выдатнага беларускага паэта былой Заходняй Беларусі Язэпа Вількоўшчыка.

10 Comments

Comments are closed.