На пачатку было слова – кажа нам каляднае евангелле і прыпамінае, што ўсё ад яго пачалося. Людзям – ва ўсім свеце – цяжка цяпер, аднак, гэта зразумець. Як і наогул сэнс Каляд, якія ёсць надта старадаўнім святам, сягаючым каранямі яшчэ дахрысціянскіх часоў. Заўсёды былі яны момантам задумы і яднання ў радасці і любові. Для спрадвечнага чалавека калядны час (словам каляндэ даўнія славяне называлі першыя дні года, які лічыўся ад зімовага пералому пасля самых доўгіх начэй) ні дзіўна, што быў надзвычай асаблівы і проста чароўны. Гэта быў пералом – дакучлівая цемра пачынала ўрэшце скарачацца і з кожным днём было штораз відней. Цяпер гэта з’ява зразумелая нават дзецям, але тысячагоддзямі ўзбуджала яна ў людзей нейкую таемную боязь і паважанне да „нябёсаў” .
Таму тая незвычайная душэўная атмасфера не знікла і ў хрысціянскі час, калі Каляды – гэта перадусім свята Божага Нараджэння. Наадварот – набрала гэта новага яшчэ багацейшага вымярэння. Таму асабліва для нас, беларусаў, Каляды па сённяшні дзень з’яўляюцца вельмі прыгожым і вялікім святам, адначасова рэлігійным і народным, сямейным. Хаця сёння ў „рыначных” умовах і экспансіі штучнага камп’ютарна-інтэрнэтнага свету перажываем яго зусім не так радасна і чароўна, чымсьці нашы продкі.
Але вярнуся да значэння слова, узвышанага евангеллем у час Каляд. Гэта, вядома, сымбаль. Варта, аднак, пры нагодзе задумацца, чым цяпер ёсць слова. Безумоўна, надалей мае яно вялікую сілу не толькі як асноўны сродак у міжлюдскіх кантактах, але і часта як вызначальнік жыцця. Асабліва відаць гэта ў палітыцы. Паводле вызначэння палітыка гэта спосаб кіравання дзяржавай і яе галінамі. Тымчасам можна мець уражанне, што ёсць гэта змаганне менавіта на словы. Палітыкаў атоесамліваем не так з тым што зрабілі і чаго дасягнулі, але з тым, што сказалі. Выразна відаць гэта цяпер у Польшчы. Пасля восеньскіх парламенцкіх выбараў тэмпература палітычнага жыцця моцна павысілася. З Сойму, радыё, тэлебачання, газетаў і інтэрнэту безупынна ліюцца слоўныя атакі і лаянкі. Многія палітыкі паводзяць сябе як скандалісты. Замест разумных дыскусіяў і разважанняў маем вось арагантнасць, крык і некультурныя паводзіны прадстаўнікоў улады, абраных жа народам. Толькі чакаць, як у польскім Сойме пабачым змаганне на… кулакі, як напрыклад ва ўкраінскім ці японскім парламентах.
Людзі заўсёды спрачаліся адзін з адным. Але не ў такі спосаб, як цяпер. Варта тут нагадаць даўнія лаянкі беларусаў, якія ёсць малавядомай, але не ад’емнай часткай нашага спрадвечнага фальклору. Нашы продкі ў лаянках прымянялі вялікае багацце слоў, сымболікі, розныя забабоны, але і проста акцёрскія паводзіны. Прыпамінаецца мне тут цудоўная кніжка „Цёплыя вечары ды халодныя ранкі… або што спявалі ў Феліксаве”. Была яна выдадзена на пачатку дзевяностых гадоў варшаўскім аддзелам БГКТ (які даўно, на жаль, не існуе). Кніжку напісаў знакаміты Земавіт Фядэцкі, вядомы польскі славіст і перакладчык з рускай, беларускай і французскай моў, народжаны на Лідчыне, дзе яго бацькі мелі маёнтак. Памёр шэсць гадоў таму ў Варшаве. Земавіт Фядэцкі ў цяжкі час ІІ-ой сусветнай вайны некалькі гадоў жыў у Феліксаве ў сям’і свайго сябра. Разам з вяскоўцамі працаваў у полі, хадзіў на вячоркі, вяселлі. У сшытак запісваў – найбольш у 1942 г. – феліксоўскія песні, звычаі, прыказкі, а ў тым ліку сцэнкі лаянак. Усё гэта ўвайшло ў змест кніжкі. Ёсць у ёй такая сцэнка, у якой у час гарачага жніва на суседніх палосках дзве жанчыны пачынаюць з абы-чаго з сабою сварыцца. „Каб ты на гарэ стаяла і слонка не бачыла” – крычыць першая. „А ты каб па калена ў вадзе стаяла і напіцца не магла” – грыміць другая. І так гадзіну! Урэшце адна з жанчын кінула сярпок, падняла ўверх спадніцу і крыкнула: „На табе!”, паказваючы пальцам пуп. Суседка, доўга не чакаючы, зрабіла тое ж, але адвярнулася, паказваючы голую задніцу. На што другая ўчыніла тое самае. Жанчыны ў такой позе маглі трываць доўгі час, пакуль не зайшло сонца.
Такое было, вядома, вульгарнае і прымітыўнае, аднак даўнія праклёны часта мелі глыбокі падтэкст. Са свайго дзяцінства яшчэ крыху іх памятаю. Найчасцей у сварках гучала „Каб цябе пярун спаліў!” – безумоўна, гэта яшчэ з паганства. Або даволі прыдуманае: „Каб ты ўчарашняга дня не дачакаў!” ці „Каб цябе падняло і не апусціло!”
Наша знакамітая аўтарка, Тамара Болдак-Яноўская, якая ў Ч. так прыгожа дакументуе багацце простай мовы, думаю, прыгане больш такіх смакавітых пагаворак. Абавязкова трэба і гэта зберагчы нам ад забыцця.
Вяртаючыся яшчэ да Фядэцкага, я паспеў з ім сустрэцца. Было гэта падчас нейкага мерапрыемства ў Варшаве ў рамках меншаснага фестывалю „Супольнасць у культуры”. Фядэцкі зразу здаўся мне ветліва настаўленым да Беларусі і беларусаў, а ў тым ліку і да нашай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Са здзіўленнем я даведаўся, што калі разваліўся Савецкі Саюз і ўзнікла Рэспубліка Беларусь, ён запрапанаваў беларускім дзеячам у Варшаве, што перапіша ім свой маёнтак з-пад Ліды, або хай возьме яго… БГКТ. Вядома, гэта было немагчымым, тым не менш у такі спосаб Фядэцкі праявіў сваю сімпатыю ў адрас беларускага руху ў Польшчы. А яго той знакаміты зборнік запісаў фальклору роднага Феліксава набраў нават еўрапейскага рангу. Змешчаныя ў ім народныя творы беларусаў звярнулі ўвагу музыкаў у Італіі, якія назвалі іх „Песнямі Атлантыды”.
Фядэцкі з настальгіяй прыпамінаў, што гаварылі і спявалі „на каханай Беларусі” не толькі людзі. „Таксама беларуская вада часам смяецца, часам плача, нешта шэпча, а часам маўчыць. Гэта таксама гук. „А ў Бэтлеем ціхая вада” – пяюць палешукі ў калядны вечар”. Словы гэтай калядкі вельмі спадабаліся польскаму паэту Канстантаму Ільдэфонсу Галчынскаму. Ён у Фядэцкага спытаўся, ці можа ўзяць гэта ў свае вершы. „Бяры, – адказаў той. – Беларусы людзі добрыя. Не пашкадавалі песняў Міцкевічу, і табе не пашкадуюць”. Беларуская „ціхая вада” трапіла ў паэму Галчынскага „Ніёбэ”.
Наогул, старадаўнія калядкі як народная творчасць харатэрныя, пра што не ўсе ведаюць, выключна для нашай часткі свету – памежжа Польшчы, Беларусі і Украіны. І цяпер у святочны час у Беларусі і ў Расіі такіх традыцйных калядак як у нас амаль не спяваюць. Нават у тэлебачанні ці радыё. Праўда, і там штораз больш папулярныя калядныя песні, але аўтарскія. Тыя даўнія калядкі, якія ад вякоў існуюць у нас, праўдападобна ўніклі ў час царкоўнай уніі, якая ахоплівала менавіта згаданую мною тэрыторыю. І яшчэ на гэта паказваюць словы ні то рускія, ні то беларускія ці польскія або царкоўна-славянскія. Усяго патроху, як у старадаўніх нашых калядках „Ныне Адаме” ці „Скінія златая”…
Але негледзячы на гэта, тыя калядкі ёсць нашым вялікім багаццем, часткай нашай беларускай тоеснасці i культуры. Жадаю радасных Каляд ды шмат цеплыні і дабрыні ў Новым 2016 Годзе.