У студзені Яраслаў Качынскі як шэф кіруючай Польшчай партыі Права і Справядлівасць заявіў пра неабходнасць, на яго думку, фундаментальных зменаў у выбарчым кодэксе ў дачыненні да самаўрадаў. Гаворка перадусім пра абмежаванне да двух тэрмінаў для войтаў, бургамістраў і прэзідэнтаў гарадоў. Такі пастулат – не навіна, бо здаўна падымаюць яго ў дыскусіях прадстаўнікі бадай ці не ўсіх палітычных плыняў. Але Права і Справядлівасць хоча такое абмежаванне ўвесці таксама для асоб, якія дагэтуль кіруюць ці кіравалі гмінамі і гарадамі. Калі такое збудзецца, наступяць на гэтых пасадах масавыя персанальныя змены.
Пакуль у краіне разгарэлася вялікая дыскусія. Выглядае на тое, што на самое абмежаванне тэрмінаў ёсць ужо згода палітыкаў і самаўрадаўцаў. Хаця многія звяртаюць увагу на тое, што на гэтым могуць страціць тыя гміны, якімі здаўна ўмела правяць таленавітыя і кампетэнтныя войты ці бургамістры, маючы прытым вялікае паважанне сярод жыхароў. Новыя асобы, якіх трэба будзе выбраць на іх месца, наўрад ці ім дараўняюць. Прынамсі спачатку, пакуль не набудуць неабходных ведаў. Але, як кажуць, няма ж людзей незаменных.
Чым, аднак, абгрунтаваны пастулат, каб не дазволіць уладарам гмінаў працаваць на такой пасадзе даўжэй чымсьці дзесяць гадоў (плануецца, што тэрмін будзе распісаны на пяць гадоў, а не як цяпер на чатыры)? Тым перадусім, што як паказвае жыццё, „вечныя” войты закараняюцца ў гміне быццам дрэва ў зямлі, будуючы вакол сваёй асобы шматлікія персанальныя залежнасці, а нават кланы. Бо дэмакратыя ў Польшчы яшчэ даволі маладая і ўсё няма ў грамадстве дастатковай свядомасці, што дзейнасць і праца ў самаўрадзе гэта не толькі прафесійны занятак, але найперш служба і місія на карысць гміны і жыхароў (выбаршчыкаў). Паколькі больш за дваццаць гадоў паралельна з рэдактарскімі заняткамі працую я таксама ў самаўрадзе, даволі добра ведаю некаторых быўшых і цяперашніх войтаў ці бургамістраў у нашых усходніх гмінах. Таму цалкам падтрымліваю прапанову абмежавання тэрмінаў іх працы, бо неаднойчы сутыкнуўся я з „вечнымі” менавіта войтамі, якія не так думалі (думаюць) пра дабро гміны, але каб як мага даўжэй ёю правіць. Большасць знаёмых мне кіраўнікоў гмінаў сядзяць у гэтым крэсле няспынна ад чатырнаццаці і болей гадоў. Не скажу, некаторыя з’яўляюцца надта дбайнымі гаспадарамі сваіх гмінаў. Але і такія з цягам часу касцянеюць, стаючыся не так менеджэрамі, як проста чыноўнікамі. Гэта, аднак, паўбяды, але некаторыя пасля двух-трох тэрмінаў пачынаюць адчуваць сябе быццам колішнія князі…
Пра тое, як неабмежаванасць тэрмінаў спрыяе „княскаму” падыходу да працы на пасадзе гаспадара гміны, раскажу на адным прыкладзе, не выяўляючы пра каго канкрэтна разыходзіцца. А было гэта так. Калі ў 2002 годзе ў Польшчы ўвялі непасрэдныя выбары выканаўчай улады ў самаўрадах, за гэту ідэю ў адной з гмінаў усхапіўся маладзён, які дагэтуль увогуле не арыентаваўся, як на самой справе працуе самаўрад. Не меў нават вышэйшай адукацыі. Тым не менш, выкарыстоўваючы свой хітры характар і крутыя метады, свайго дабіўся. Выйграў выбары, хаця ў другім туры і з невялікай перавагай. Яго выйгрышу паспрыяла найбольш застыласць гміннай улады, якую дагэтуль узначальваў войт, сваю кар’еру зрабіўшы яшчэ ў часы Народнай Польшчы.
Жыхары гміны, праўда, надта патрабавалі ўжо змены мясцовай улады, разлічваючы на тое, што дзякуючы таму палепшыцца таксама іх асабістае жыццё. Тады было там яшчэ, як усюды, шалёнае беспрацоўе. Праца ў самаўрадавых установах – перадусім ва ўправе гміны – лічылася як і цяпер нейкім гарантам стабільнага жыцця. Не тое, што ў прыватніка, які прымушае цяжка працаваць за мінімальную зарплату, часта „на чорна” без рэгістрацыі, а і так у кожны момант можа сказаць, што ад заўтра не працуеш. Так было пятнаццаць гадоў таму, бо цяпер гэта крыху панармальнела.
Той малады войт як толькі дайшоў да ўлады ўмела выкарыстаў нестабільную сітуацыю на рынку працы ў гміне. Як толькі з’яўлялася вольная пасада ва ўправе гміны, камунальнай гаспадарцы, прадшколлі, школе, бібліятэцы ці доме культуры, асабіста вырашаў каго ўзяць на працу. Ахвотных заўсёды было шмат і калі нават трэба было правесці працэдуральны адкрыты конкурс, камісія загадзя ведала спадзяванні шэфа і паслухмяна выконвала яго жаданне.
Новы войт адразу звязаўся таксама з прадпрымальнікамі. Узамен за падтрымку на карысных умовах прадаваў ім танна участкі ці іншую гмінную маёмасць, а пасля змяншаў або цалкам касаваў для іх падатак.
У такі спосаб новы гаспадар гміны працягнуў на свой бок даволі вялікую частку насельніцтва. Бо адданасць адной асобы, якую браў на працу, працэнтавала прыхільнасцю яе сям’і, суседзяў і знаёмых. У выпадку прадпрымальнікаў перакладвалася гэта на іх працаўнікоў.
Войт асабліва дбаў пра інтарэсы радных і таму тымі ж метадамі падпарадкаваў сабе найперш большасць гміннай рады. Дзякуючы таму мог свабодна правіць гмінай, а рада хутка павялічыла яму зарплату да максімуму.
Першыя чатыры гады, трэба прызнць, войт дзейнічаў вельмі актыўна. Дадому вяртаўся толькі, каб праспацца. Нават невядома калі стаў магістрам, бо ніхто не бачыў, каб ездзіў ён на заняткі ў вышэйшай школе. Затое круглы тыдзень паяўляўся ўсюды ў гміне, дзе толькі штосьці адбывалася – імпрэзы, сустрэчы, грамадскія сходы, нарады, а нават не прапусціў ніводнага балю.
Жыхары выбіралі яго на гаспадара гміны яшчэ двойчы, хаця набіраў ён толькі ледзь за палову галасоў. Шмат людзей добра ведала, на чым папраўдзе трымаецца штучная падрымка для войта і на такое не пагаджаліся. Але ён настолькі быў ужо ўпэўнены ў сябе, што наогул перастаў лічыцца з людзмі. Грамадзян гміны калоў вочы штораз большы эгаізм іх гаспадара, таксама тое, што падазрона хутка ён надта разбагацеў. Бо стаў купляць дарагія самаходы, пабудаваў шыкоўны дом і размахваў рукой з залатым гадзіннікам. Людзі больш такога фальшу не вытрымалі і на чацвёрты тэрмін ужо яго не выбралі. Надта быў гэтым здзіўлены, да сёння не можа пагадзіцца з пройгрышам.
Гэты яркі прыклад, а падобнае адбываецца ў многіх гмінах, паказвае, да чаго можа давесці неабмежаванасць тэрмінаў для войтаў і бургамістраў. У нашых „беларускіх” гмінах, праўда, такая з’ява не такая паўсюдная. Большасць тутэйшых войтаў сваю працу выконвае належна. Але, калі ўвойдзе новы закон, і так амаль усе яны будуць вымушаны пакінуць свае пасады, бо мала хто, як войт Гайнаўкі ці бургамістр Заблудава, працуюць на такой пасадзе ўпершыню.
А ёсць у нас і такія войты, як Мікалай Павільч у Нараўцы, што кіруюць гмінай ад пачатку самаўрадавай рэформы. На іх месцы жыхары выбяруць ужо новых гаспадароў, але з гэтым могуць быць праблемы. Напэўна цяжка будзе знайсці больш адпаведнага войта жыхарам Арлянскай гміны. Пётр Сэльвясюк паказаў сябе не толькі як добрага мэнеджэра, які прыцягнуў у гміну магутнага інвестара што пабудаваў фабруку канцэрна Ікея. Аказаўся ён таксама вялікім прыхільнікам мясцовай беларускай тоеснасці. Гэта ж ён, як дагэтуль адзіны на Беласточычыне, давёў да ўвядзення ў Арлянскай гміне падвойных польска-беларускіх назваў мясцовасцей.