Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

Калі вучыўся я яшчэ ў сярэдняй школе і таксама ў студэнцкія часы меў я сяброў ажно з паўднёвага Падляшша. Адзін, памятаю, быў недзе ад Кодня, што ля Белай-Падляшскай. Іншы, не памятаю ўжо дакладна з якіх быў ваколіц, але яшчэ далей на той бок Буга, бліжэй Холма, адкуль мітрапаліт Сава, тадышні беластоцка-гданьскі епіскап. З адным жыў я ў школьным інтэрнаце, а з другім у доме студэнта ў Беластоку па Звежынецкай вуліцы. Прозвішчы тых хлапцоў былі на -ук, таму спачатку лічыў я іх „рускімі” і як я праваслаўнымі. На маё здзіўленне аказалася, што яны, аднак, католікі. Адзін нават блізка сябраваў з ксяндзом са сваёй парафіі. Яны таксама былі здзіўлены і то надта, што я прыкідваюся беларусам. У адрозненне ад мяне для іх абсалютна чужымі былі „нашы” песні, што часта гучалі з магнітафона ў маім пакойчыку, напрыклад у папулярным тады выкананні славутых Дубіноў. Аднак, што да чаго, аднаго разу пры піве сябра з-пад Кодня прызнаўся, што ў яго ваколіцы старыкі на штодзень rozmawiają właśnie w podobnie brzmiącym języku. Але толькі і выключна старыкі, і то толькі некаторыя.

Было гэта 30-40 гадоў таму. Цяпер на паўднёвым Падляшшы па карэннай паўночна-ўкраінскай мове і след прастыў. Не вывеліся, праўда, яшчэ да канца Іванюкі ці Паўлючукі, але гэтыя безумоўна нашчадкі былых тамтэйшых русінаў даўно ўжо каталікі і стопрацэнтныя палякі. Некаторыя, як чую, памянялі прозвішчы з –ук у канцоўцы на… –ак. Хаця што за розніца, Іванюк, ці Іваняк. Засталася там яшчэ і жменька праваслаўных, з адным, праўда, прыходам у Белай-Падляшскай, дзе бацюшка беларус з Гарадка. Але ўсе яны праваслаўныя палякі і выключна польскамоўныя. Іх няшмат і з кожным годам менш і менш.

Некалькі гадоў таму, калі працаваў я яшчэ дырэктарам дома культуры ў Гарадку, у гасцях падчас Сяброўскай Бяседы бываў у нас часта войт гміны Тэрэспаль Кшыштаф Іванюк. Таленавіты самаўрадавец, які і сёння там войтам, прыязджаў не зусім для беларускай імпрэзы, але як сябра гарадоцкага войта. Завельмі не відаць па ім было нейкага прынамсі сентыменту да песняў, якія плылі са сцэны ў Барыку, хаця некаторыя з іх, народныя, безумоўна даўней спявалі і на тамтэйшых землях. Толькі крыху інакш, з цвёрдым вымаўленнем.

Тое што такія песні для жыхароў з другога боку Буга амаль ужо абыякавыя, добра відаць, а лепш сказаць – чуваць, па аўдыторыі Беларускага Радыё Рацыя, якое вяшчае з Беластока сягаючы ажно за Белую-Падляшскую. У надта папулярным на Беласточчыне трохгадзінным „Падляшскім канцэрце пажаданняў” званкоў ці хаця заяў адтуль практычна няма.

Невыпадкова пішу цяпер якраз пра канчаткова пагаслую ўжо карэнную мову і культуру паўднёвага Падляшша, што паціху даканалася на працягу апошніх усяго пару дзесяткаў гадоў. Бо такі ж працэс памірання адвечнай мясцовай мовы і тоеснасці адбываецца, на жаль, і ў нас на Беласточчыне. Гэтая драматычная з’ява надта выразная, цяпер моцна прыспешыла. Чую вось штораз больш адкрытыя выказванні, што яшчэ адно пакаленне і асіміляцыя ў польскасць ахопіць рэшткі нашай беларускай мяншыні. Я, зразумела, ажно ў такі сцэнар не веру. Нельга, аднак, не пагадзіцца з тым, што жывая беларускасць з года ў год фактычна загасае. Гэта відаць голым вокам. І нельга гэтага не заўважаць. Наадварот, трэба быць свядомым, што адбываецца, каб супрацьдзейнічаць, трываць і заставацца нам сабою.

Да напісання гэтага тэксту неяк прымусіў мяне артыкул пра зніканне мясцовай гаворкі, які ў гэты нумар напісаў наш арлянскі супрацоўнік Міхал Мінцэвіч. Даўно ўжо гаворыць аб гэтым у сваіх фельетонах таксама Ян Максімюк. У апошнім нумары ў хроніцы падзей папярэдняга месяца знайшлася кароценькая нататка пра пацвярджаючыя гэтую з’яву вынікі нядаўніх навуковых даследаванняў на Гайнаўшчыне. Значыць, праблема ёсць, і то сур’ёзная.

Вярнуся яшчэ да паўднёвага Падляшша. Калі сапраўды падобны лёс чакае Беласточчыну, варта прыглянуцца прычынам. Як першы зраўняў працэсы там і ў нас Матфей Стырчуля, які ў Часопісе прысвяціў гэтай тэме некалькі рэпартажаў. Як на аўтара звонку зрабіў гэта надта трапна і заадно вельмі цікава. Але трэба памятаць, што прычыны асіміляцыі ў польскасць там і тут былі і ёсць розныя. Першы раз я пацікавіўся русінскай мінуўшчынай на поўдзень ад Буга менавіта ў школьна-студэнцкія часы. Не давала мне спакою пытанне, адкуль узяліся там мае сябры Іванюкі. Якраз тады, на пачатку 80-х гадоў, у царкоўнай святліцы пры беластоцкім саборы па вуліцы Ліповай вечаркамі арганізаваны былі даклады пра гісторыю Беларусі. Упершыню пачуў я тады – з вуснаў як ні дзіўна не гісторыка, але заіклівага пісьменніка Сакрата Яновіча – што тыя землі і іх жыхары маюць шмат супольнага з намі. Пасля даведаўся яшчэ і пра зніштажэнне там у 30-х гадах праваслаўных цэркваў і пра славутую акцыю „Вісла”, якая памяняла этнічную структуру таксама і паўднёвага Падляшша. У нас ажно такіх драматычных падзей, якія сілком прымушалі аўтахтонаў адхіліцца ад роднай тоеснасці і пайсці ў палякі не было. Апрача толькі крывавай дзейнасці бандаў у 1944-46 гг., што мае сумныя паслядоўнасці да сёння. Мы ўліваемся ў польскі народ неяк натуральна, тут шмат аб’ектыўных прычын. Падобнае адбываецца ва ўсім свеце. Пры нагодзе Міжнароднага Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, было сказана, што зноў вымерла некалькі дзесяткаў моў і іх дыялектаў. У чарзе – пад такой пагрозай у афіцыйных спісках – на жаль і наша беларускай мова. Хаця, паўтараю, не веру, што яна цалкам вымрэ.

І яшчэ раз вярнуся да сваёй школьнай маладосці. Так склалася, што ў сярэдняй школе вучыўся я разам з польскім літоўцам – Вальдэкам – Вальдаўскасам з-пад Сейнаў. Ён у размовах са мною закідваўся нават па-літоўску, а калі бліжэй мяне пазнаў, сказаў, to czemu nie mówisz, że jesteś Białorusinem… Сапраўды, польскія літоўцы ўсё-такі моцна трымаюцца сваёй няпольскай тоеснасці. Яны не разумеюць, чаму мы маем такі неадназначны падыход да гэтага. Вядома, іх мова цалкам на польскую непадобная, а наша наадварот. І тут асноўная розніца. Хаця нягледзячы на гэта, літоўцы з-пад Пуньска апалячваюцца таксама, толькі значна памалей.

Літаратурная беларуская мова мае іншую прастору, бо нават электронную і медыяльную, таму месца для яе ёсць і думаю будзе. Жывая мова ў выглядзе гаворак, аднак, на жаль, ужо дагасае. Тое, пра што піша Міхал Мінцэвіч, на маёй Сакольшчыне пачалося шмат раней, 40-50 гадоў таму. Тады на Бельшчыне і Гайнаўшчыне ў многіх месцах усюды гучала выключна гаворка. І падумаць, хапіла толькі паўвеку і цяпер там ёсць з гэтым таксама як на Сакольшчыне.

Не ўсё ж усё-такі страчана. Менавіта на сваёй Сакольшчыне наглядаю цяпер, што тутэйшая простая мова набывае пашану, а нават пэўны прэстыж. Гледзячы, як маланкава знікае з практычнага ўжытку, узніклі ініцыятывы, каб прыпамінаць яе, запісваць. На папулярным у павеце сайце iSokolka.eu вядзецца асобны блог „Pa prostu”. Заўсёды пад чарговымі тэкстамі з’яўляецца шмат каментараў. Іх аўтары праяўляюць вялікае захапленне сакольскай гаворкай. На жаль, каментары амаль выключна ўжо па-польску. Але як ні дзіўна, нашы беларускія аўтары, журналісты, пісьменнікі і дзеячы у Інтэрнэце выказваюцца таксама амаль выключна па-польску. У фейсбуку некаторыя толькі выступаюць з падвойным запісам імя і прозвішча – беларускамоўным унізе ў дужках. Але ўжо тэксты шпараць па-польску. Нават на беларускія тэмы. Сапраўды, ненатуральна выглядае профіль БГКТ у фейсбуку, дзе інфармацыі і каментары амаль толькі па-польску. Пазбягайма такога. Можна інакш. Хопіць увайсці на сайты ці ў фейсбук, каб паглядзець як гэта робяць, скажам, польскія літоўцы.