Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара.

Нядаўна пабываў я на цікавай і заадно сімпатычнай сустрэчы ў Падляшскай кніжніцы ў Беластоку. Была гэта ўрачыстая прэзентацыя трэцяга выпуску фотаальбома „Колеры праваслаўя. Польшча”. Яго выдаўцом з’яўляецца аб’яднанне „Ортфота”, якім кіруе Алік Васылюк (раней быў ён кіраўніком сайту Cerkiew.pl), а гуртуе яно фатографаў – пераважна непрафесійных, праваслаўных. На здымках паказваюць яны праваслаўныя цэрквы і царкоўнае жыццё. Свае здымкі змяшчаюць на сайце Orthphoto.net, які мае міжнародны характар, бо там здымкі праваслаўя і іх аўтары – з многіх краін свету. Адтуль, вядома, і здымкі надрукаваныя ў тоўстым фотаальбоме прысвечаным праваслаўі ў Польшчы.Першы яго выпуск паказаўся ў 2011 годзе, а ў два наступныя ўвайшло за кожным разам крыху іншых здымкаў.

Прамоцыя фотаальбома ў Беластоку, што прайшла 17-га сакавіка, была зладжана як вялікая культурная падзея. Прысутнічала шмат важных асобаў, у тым ліку Мацей Жыўна з маршалкоўскай управы ваяводства ды некаторыя войты, бурмістры або іх намеснікі, як прадстаўнікі самаўрадаў, якія дафінансавалі гэтае выданне. Прыбыла таксама каля дваццаці аўтараў змешчаных у альбоме здымкаў. Сустрэчу ўмела вялі Галена Марцінкевіч з дэпартамента культуры Маршалкоўскай управы ды галоўны ініцыятар выдання Алік Васылюк.

Мерапрыемства дасканала ўпісвалася ў вялікапосны настрой. На пачатку выступіў царкоўны моладзевы хор з беластоцкага сабора. Апрача некалькіх малітоўных твораў на царкоўна-славянскай мове адну праваслаўную малітву праспяваў ён па-польску. Яе словы ў адрозненні ад першых, вядома, усім былі зразумелыя, але адчуваўся вялікі кантраст. Царкоўны напеў па-польску ёсць проста ўбогі і сціплы, бо не аддае духоўнасці, містыкі і таямнічасці, што з’яўляецца непаўторным вялікім багаццем царкоўнай музыкі ў славянскім арыгінале. Варта тут падкрэсліць, што і калісь, шмат стагоддзяў таму, калі славянская мова была яшчэ жывая, вернікі таксама не ўсё разумелі, калі ў царкве спяваў хор. З гэтым крыху так, як з оперным спевам, дзе словы поўнасцю зразумелыя толькі спецыялістам. Вырашае акустыка і спеў як перадусім музыка, а не звычайная песня. Словы, вядома, таксама важныя, бо надта глыбокія і ад душы, але іх сэнс трэба пазнаць асобна. І тут пераклады на польскую мову сапраўды прыдатныя. Але пераклад ёсць заўсёды толькі перакладам. Немагчыма поўнасцю перанесці сэнс і значэнне слоў у арыгінале на іншую мову. Гэта датычыць і літаратуры, асабліва паэзіі. Часта пераклад гэта проста новы твор. У выпадку царкоўнага спеву гэтае зрабіць проста немагчыма.

Нашай беларускай мове ўсё-такі бліжэй да царкоўна-славянскай, чымсьці польскай. Літургія па-беларуску сапраўды прыгожая, калі па-польску – нам проста чужая. Таму шкада, што царкоўныя хары на Беласточчыне вельмі рэдка спяваюць па-беларуску. Тут, вядома, прычына іншая – асіміляцыя з паланізацыяй. Праўду кажучы, калі на прэзентацыі альбома пачуў я царкоўны спеў на польскай мове, спадзяваўся, што прагучыць нешта і па-беларуску. Але, дзе там. Дарэчы, беларускіх акцэнтаў падчас гэтай сустрэчы цалкам не было. Была гэта поўнасцю польская імпрэза, якая выхваляла праваслаўе ў Польшчы, нягледзячы, што гэта не нацыянальная рэлігія палякаў. Праваслаўнымі вернікамі ў Польшчы з’яўляюцца ў асноўным беларусы або асобы беларускага ці рускага (напэўна не расійскага) паходжання, якія, на жаль, часта не лічаць сябе беларусамі, але праваслаўнымі палякамі. Прытым праваслаўе ў Польшчы сёння гэта перадусім Беласточчына. Таму загаловак фотаальбома з націскам на слова „Польшча” ёсць мабыць крыху перабольшаннем. Але мы ўжо так маем. Каб штучна павысіць ранг аглядаў беларускай песні, іх арганізатар – Галоўнае Праўленне БГКТ – вырашыў на пачатку дзевяностых гадоў перайменаваць мерапрыемства на фестываль, называючы яго пры тым „агульнапольскім”. Хаця рэдка калі ў гэтых пераглядах удзельнічалі выканаўцы з-па-за Беласточчыны. Праўда, прыязджаў часам нехта з Варшавы, каб у Беластоку праспяваць дзве песні, але гэта аніякі аргумент. Бэгакатоўскі фестываль заўсёды быў і ёсць мясцовым, а не краёвым. Само слова „агульнапольскі” таксама не цалкам беларускае. У Беларусі гавораць – „Усебеларускі”, таму калі што павінна быць „усяпольскі”. Дарэчы, не чуваць, каб у Польшчы былі „агульнапольскія” фестывалі літоўскай, украінскай, рускай ці нямецкай песні…

Дадатак „Польшча” ў загалоўку альбома „Колеры праваслаўя” абгрунтаванне ўсё-такі мае. Змешчана ў ім каля 150 фотаздымкаў, частка якіз прадстаўляе таксама цэрквы з-па-за Падляшша. Толькі, што яны там ужо амаль апусцелыя. Альбом нават адкрывае фотаздымак старыннага праваслаўнага вялікага каменнага крыжа на могільніку ў Радаме. Але відаць на ім таксама сучасны надмагільны помнік, крыж на якім ужо каталіцкі.

Ва ўступе да альбома падкрэсліваецца, што праваслаўе на сучасных польскіх землях прысутнічае няспынна ад IX стагоддзя, калі на поўдзень дайшлі славутыя місіянеры – святыя Кірыла і Мяфодзій. Ужо прайшло, адднак, звыш тысячы гадоў, як па тадышніх першых храмах (м.інш. у Кракаве) няма нават следу.

Падчас прэзентацыі альбома таксама была паказана анімацыя „Праваслаўе ў Польшчы”. На працягу пятнаццаці хвілін прадстаўлена ў ёй уся гісторыя праваслаўнай царквы на польскіх землях і яе сучасны стан. Аглядаючы гэтую анімацыю можна мець уражанне, што праваслаўе ў Польшчы даволі магутнае як на рэлігійную меншасць у краіне, у якой 90 прац. грамадзян гэта каталікі. Прытым пададзены там лік 500 тыс. праваслаўных, а ён жа ў некалкі разоў павышаны. Ва ўступе да альбому ёсць ужо меншы лік, бо 300 тысяч. Сацыялагічныя навуковыя даследаванні даказваюць, што ў Польшчы цяпер пражывае 150 тыс. праваслаўных, з чаго 75 прац. а мо і болей на Беласточчыне. Столькі ж далічыліся праваслаўных і падчас апошняга перапісу насельніцтва ў Польшчы.

Нягледзячы на гэтую рэчаіснасць польскае праваслаўе безумоўна з’яўляецца важным духоўным і культурным багаццем у Польшчы, якім таксама можна і трэба ганарыцца ў свеце. Ініцыятыва згуртавання Orthphoto задумана менавіта таксама для таго, каб багацце польскага праваслаўя паказваць за мяжою. Апрача кніжнага альбому ёсць таксама выстаўка фотаздымкаў, якая была прзентаваная ў многіх месцах у Польшчы, а таксама ў Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Малдове, Румыніі, Сербіі, Украіне, у Еўрапейскім Парламенце ў Бруселі, а нават у далёкай Эфіёпіі. У гэтым годзе ў рамках прамацыйнай праграмы польскай культуры за мяжою, фінансаванай міністэрствам замежных спраў Польшчы, такая выстаўка будзе прэзентавацца ў Літве, Расіі і Фінляндыі.

Праваслаўе гэта найперш падляшскі „экспартны” тавар, галоўная прызнака шматкультурнасці нашага рэгіёну, адзінага такога ў Польшчы. Пра гэта падчас прэзентацыі альбома гаварыў віцэ-маршалак Мацей Жыўна. – Вера і культура неабходныя, каб рэгіён мог нармальна жыць, а праваслаўе ёсць часткай нашай культуры, – падкрэсліў ён.

Насуперак назову альбома праваслаўе ў Польшчы цяпер зусім не ў росквіце, а хутчэй за ўсё ў крызісе. Колькасць вернікаў не павялічваецца. Цэрквы на нашай Беласточчынне, якіх так густа ў краявідзе, амаль ужо апусцелі, паколькі абезлюднелі вёскі. Але і ў гарадскіх храмах – у Беластоку, Бельску ці Гайнаўцы – таксама натоўпаў няма. Гэтым, аднак, здаецца, ніхто завельмі не пераймаецца. У тым, што праваслаўе прыгасае, не відаць таксама нейкай заклапочанасці ўладаў. Было б інакш, каб было каму за гэтым заступіцца. Але праваслаўныя эліты, каляцаркоўная інтэлігенцыя, таксама ў нейкім крызісе. Яе мала і не такая актыўная яна як калісь. Амаль уся гэта эліта сабралася і на прэзентацыі альбома. Славамір Назарук, наш колішні рэдакцыйны сябра і шматгадовы (з 80-х гадоў) вядомы царкоўны дзеяч, а цяпер адзіны праваслаўны ў Гарадской радзе Беластока, у размове са мною не скрываў смутку, што ў праваслаўным асяроддзі няма ўжо такой энергіі як калісь.

Царква зрабіла памылку, адрываючыся ад традыцыі і культуры сваіх вернікаў, у нашым выпадку беларусаў. Веру ад традыцыі нельга раздзяляць. Вялікдзень – надыходзячае вось свята святаў – не быў бы такім прыгожым, цудоўным, аптымістычным і каляровым менавіта, калі б меў выключна рэлігійнае значэнне.