Амаль дваццаць гадоў таму правёў я асаблівае інтэрв’ю з Сакратам Яновічам. Гутарка была пісьмовая – у кніжку, якая ў 2000 г. выйшла пад загалоўкам „Nasze tysiąc lat”. Пісалі мы яе больш чым год. Была гэта мая ідэя. Хацеў я, каб у просты спосаб, ненавуковы, расказаць пра нашу беларускую прысутнасць на Падляшшы ад зарання ды наогул пра гісторыю і культуру беларусаў тут і за сённяшняю ўсходняю мяжою. Пры тым канцэнтруючыся на непарыўных польска-беларускіх сувязях і адвечным сужыцці абедзвюх нацый на падляшскай памежнай зямельцы. Таму гэту кніжку і напісалі мы на польскай, а не беларускай мове.
Безумоўна была патрэба выдання такой кніжкі, паколькі яе змест займальна і цікава тлумачыў звычайнаму чытачу элементарныя нават веды. Пярэчыў шматлікім шкодным міфам пра беларусаў і праваслаўных на Падляшшы. Кніжка была мною прыдуманая як працяг і дапаўненне славутай гавэнды Сакрата Яновіча „Białoruś, Białoruś”, якую напісаў ён на пачатку васьмідзесятых гадоў. Адразу прыняў ён маю прапанову, паколькі з таго часу з’явілася шмат новых фактаў, знікла няшчасная цэнзура, адкрыліся архівы.
Усю кніжку, помню, я акуратна перадумаў. Падзяліў яе на раздзелы, прысвечаныя гісторыі („Mały kraj z wielką historią”), рэлігіі („Śladem misjonarzy”) і літаратуры („Słowo jest wszystkim”). Кніжку пісалі мы так, што спярша я абдумваў па два-тры пытанні і пасылаў іх па пошце ў Крынкі. Пытанні не былі банальныя, часта на паўстаронкі. Я размалёўваў у іх фон і распытваў. Яновіч адсылаў мне адказы ўтрая і больш даўжэйшыя. Пісаў іх на звычайнай машынцы і я пасля ўпісваў іх у камп’ютар, аддрукоўваў і зноў адсылаў разам з новымі пытаннямі. Нібыта для карэктуры, але атрымоўваў адбіткі не толькі з праўкамі, бо з дапоўненымі выказваннямі.
Пасля амаль двух гадоў такой маруднай працы кніжка ўрэшце была гатовая. Асталося толькі прыдумаць загаловак. Здаўся я на суразмоўцу. І Яновіч урэшце прыдумаў, акцэнтуючы менавіта тысячу гадоў беларускай гісторыі, насуперак стэрэатыпам, што беларусы гэта нацыя свежай даты, нашмат малодшая ад палякаў ці расіян. А тут аказваецца, што беларускія карані не менш старадаўнія, а яшчэ якія яны багатыя!
Свядома даючы кніжцы такі загаловак мы дасканала ведалі, што можа ён не спадабацца некаторым незавельмі прыхільным нам палякам, для якіх беларусы гэта „невядома што”, а на Беласточчыне з’явіліся мабыць ўслед за царом, які разабраў Польшчу. Змест кніжкі, які князёў і магнатаў прыгадваў як беларускіх, мог не спадабацца таксама нашчадкам польскай шляхты і арыстакратам з „kresów”, што беларусаў атоесамліваюць выключна з „ludem białoruskim”, апісаным у тамах знакамітага польскага этнографа Міхала Федароўскага. „W dzieciństwie poznałam Białorusinów, dobrzy to ludzie” – сказала мне калісь вядомая варшаўская мастачка, якая ўжо не жыве. „Mieliśmy we dworze dobrego furmana Białorusina” – успамінала яна са слязамі ў вачах.
Затое гэтая кніжка безумоўна падбудоўвала беларускага чытача. „Ого, і мы можам ганарыцца сваёй гісторыяй” – мог падумаць не адзін з нашых, які беларус, бо любіць ён беларускія песні…
Гэтая кніжка была выдадзена поўнасцю прафесійна, дзякуючы перадусім мастацкаму афармленні знакамітага Лявона Тарасэвіча. Бадай ці не першая такая пасярод беларускіх выданняў на Беласточчыне, пераважна даволі сярмяжных і недапрацаваных. Але з яе мудрым і моцным загалоўкам было крыху і забаўнага клопату. Калі кніжка пабачыла ўрэшце свет, я задумаўся ці фармулёўка „Nasze tysiąc lat” да канца згодная з правіламі польскай мовы. Бо калі „tysiąc”, то „nasz”, а не „nasze”. Яновіч, калі сказаў я яму пра гэта, пераняўся крыху. Ён жа быў выпускніком польскай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта. Гэтая дылема была, аднак, навырост. Бо тут вырашае не так граматыка, колькі моўны звычай. Пасля я ўпэўніся ў гэтым, распытваючыся ў аднаго з прафесараў падчас нейкай навуковай канферэнцыі.
Кніжка выйшла ў даволі вялікім накладзе, бо ў тысячы экземпляраў. Для параўнання, тады кніжкі на Беласточчыне разыходзіліся ў тры разы меншым накладзе. А цяпер беларускія выданні дастаткова надрукаваць у дзвесце, а то і сто экземпляраў. Прытым прыходзіцца амаль усё раздаць дарма.
А нашу кніжку, памятаю, куплялі. Мела яна добрыя рэцэнзіі і была цёпла і з зацікаўленнем успрынятая чытачамі. Не толькі беларусамі, але і палякамі, якім дапамагла зразумець нашы справы, якія і для іх блізкія, чаго змест выразна і адназначна даказвае.
Узгадваю якраз цяпер „Nasze tysiąc lat” таму, што ў Міхалове, дзе працую як намеснік бургомістра, нядаўна знайшоўся ідыёт, які пакарыстаўся вось гэтай кніжкай, каб мне ўчыніць шкоду. Нажыў я ворага як самаўрадавец, што не здзіўляе. Такіх мае бадай ці не кожны чыноўнік на высокай пасадзе. Толькі ў маім выпадку гэты вораг закінуў мне не тое, што дрэнна ці неадпаведна выконваю сваю працу, але вырашыў мяне зняважыць у вачах жыхароў гміны. Зачэпкай стала вось гэтая кніжка, змест якой нязгодны з яго поглядамі, што вынікае з няведання ім тутэйшай гісторыі. А перадусім з заядласці, каб быць „чыстым палякам католікам”, нягледзячы на праваслаўныя ў палове яго карані. Ён адкрыта мне гаварыў, што змест гэтай кніжкі для яго неўспрымальны. Мала, што не пагаджаецца ён з беларускай рацыяй у ёй, то палічыў яе „варожай палякам”. І хаця гэта цалкам абсурд, мой вораг пачаў пераконваць іншых у маім нібыта беларускім нацыяналізме. Памеціў ён у кніжцы нейкія сказы і стаў паказваць знаёмым.
І вось напрыканцы сакавіка, быццам у час ваеннага становішча, па Міхалове былі раскінуты ананімкі афішкі-ўлёткі з тымі ж сказамі і каментарам абзываючым мяне ад „нацыяналістаў і шавіністаў”. Чагосьці такога, праўда, я не спадзяваўся. Стаў чакаць, які будзе рэзананс. У Вялікі Тыдзень пачалі прыходзіць да мяне ў магістрат абураныя жыхары і супрацоўнікі, спачуваючы мне. Размаўляў я з многімі асобамі, у тым ліку з міхалоўскім інтэлігентным ксяндзом, які заклікаў проста праігнараваць гэтае прыкрае здарэнне.
Раздаў я таксама дзесятак кніжак „Nasze tysiąc lat” і апублікаваў паясненне на гмінным фан-пейджы ў фейсбуку ды ў „Газеце Міхалова”. Пасля Вялікадня шум прыціх.
Дагэтуль у маёй працы і дзейнасці ці то ў „Часопісе”, у Гарадку, Крынках, ці цяпер у Міхалове ніколі нікому не перашкаджала мая прывязанасць да беларускасці. Наадварот, часта выклікала гэта зацікаўленне. І гэта папраўдзе не змянілася. Бо спроба, каб мне цяпер зашкодзіць, мела цалкам іншыя прычыны. У Міхалове, як у кожнай гміне, ёсць нейкая апазіцыя. Мая ангажаванасць на высокай пасадзе ў самаўрадзе пару асобам вельмі ж перашкаджае. Таму хтосьці прыдумаў вось такую абсурдную зачэпку.
Ну што ж, Сакрат Яновіч, якому ідыёты ўсё жыццё не давалі спакойна жыць абзываючы яго нацыяналістам, казаў так: „Не такое пражылі, перажывем і дэмакратыю”.