Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара

Люблю для цікавасці час ад часу прагартаць падшыўкі з архіўнымі нумарамі Часопіса. А выдалі мы іх дагэтуль ужо больш за трыста. Гэта цяпер сапраўдная крыніца ведаў найперш пра жыццё і праблемы нашай мяншыні на працягу мінулых каля трыццаці гадоў. Ды наогул пра гісторыю беларусаў на Падляшшы (Беласточчыне) і не толькі. Апублікавалі мы вельмі шмат важных і цікавых артыкулаў, у якіх часта ўпершыню былі апісаны невядомыя дагэтуль падзеі ці погляды і думкі фундаментальнага значэння для захавання і замацавання нашай тоеснасці. Змест нашага выдання, асабліва ў апошніх гадах, адначасова паказвае таксама як цяжка нам – тутэйшым беларусам заставацца сабою, бо нас менш і менш, а нашу мову як жывую на вуліцы ўжо амаль не пачуеш. Толькі ў радыё ці па тэлебачанні, або са сцэны на беларускіх імпрэзах.

Пытанне, што рабіць, каб паўстрымаць гэтыя некарысныя працэсы, не сыходзіць са старонак Часопіса ад пачатку па сёння. У апошнім часе яно становіцца штораз больш драматычнае. Наш аўтар – зямляк з Прагі Ян Максімюк у сваіх разважаннях ставіць справу адкрыта, кажучы, што калі мы, як беларускія рэдакцыі і арганізацыі, не памяняем метадаў і накірункаў сваёй працы і дзейнасці, беларускасць на Падляшшы хутка загасне. Ян з адлегласці соцень кіламетраў слушна заўважае, што за час існавання нашага выдання вырасла ўжо новае пакаленне падляшскіх беларусаў, якое да сваёй тоеснасці ставіцца інакш чым свядомыя сваёй няпольскай нацыянальнасці іхнія бацькі і дзяды. Даказвае, што мы не маем з імі ніякага кантакту, да гэтых людзей не даходзім. З гэтым да канца не пагаджаюся, бо ж чытаюць нас не адны пенсіянеры і нядаўнія вяскоўцы, але нельга запярэчыць, што новае „інтэрнэтнае пакаленне”, як яго называе Ян, жыве проста здалёк ад беларускасці і амаль поўнасцю ў польскім свеце, лічыўшы сябе палякамі. Думаю, тут пытанне не толькі ў тым як, але найперш чым заахвоціць і зацікавіць іх, каб уключыліся яны з намі ў супольную справу. Гэтае пытанне, вядома, сур’ёзнае і надта складанае, але ж і не відаць у нас аніякай дыскусіі, каб выпрацаваць нейкі план, прапановы і метады. Ян таксама такой тэмы ўвогуле не падымае.

Нашая мяншыня не ёсць выняткам. Ідэнтычныя цяжкасці з захаваннем сваёй тоеснасці маюць бадай ці не ўсе малыя нацыі ў Еўропе і ў свеце, якія жывуць у межах іншанацыянальных краін. А Польшча ёсць выняткам, некарысным, бо ў параўнанні з іншымі дзяржавамі нацыянальныя меншасці складаюць у нас мабыць самы найменшы адсотак насельніцтва. Але нягледзячы на гэта і ў Польшчы адстаем ад іншых меншасцей, якія ўсё такі мацней за нас трымаюцца сваёй тоеснасці, мовы і культуры. Хопіць паехаць на Сувальшчыну, да польскіх літоўцаў у гміне Пуньск, каб у гэтым пераканацца. Там на вуліцы, у крамах і ўстановах на штодзень голасна гучыць літоўская мова і паўсюдныя надпісы ды інфармацыі (нават аб’явы) на іхняй мове. Але і яны таксама асімілююцца, адплываюць у польскасць, толькі яшчэ не так маланкава як мы.

Шырэйшай дыскусіі і задумы над далейшым лёсам нашай мяншыні ў асяроддзі не заўважаю. Бачу за тое, што іншыя беларускія публікатары на Падляшшы маюць часам яшчэ больш рэтраспектыўны характар чымсьці Часопіс. У беларускіх радыё- і тэлеперадачах пераважаюць успаміны пра колішняе жыццё і даўнія звычаі, спевы ў народных касцюмах. Журналісты запісваюць вось апошнія жывыя беларускія (на дыялекце) выказванні бабуляў і дзядуляў з паміраючых вёсак, або ўдзельнікаў народных фэстаў. Але ці можна гэтым зацікавіць і прытуліць да беларускасці тое ж інтэрнэтнае пакаленне, я сумняваюся. А што нашы журналісты будуць запісваць, калі ўшчэнт вёскі павыміраюць?

Гістарычная тэматыка ў Часопісе ёсць усё такі вельмі важная, бо замацоўвае памяць пра адвечную прысутнасць беларусаў на сённяшняй падляшскай ўскраіне Польшчы. На жаль, такой свядомасці амаль няма ў акружаючых нас палякаў. Польскія гісторыкі і некаторыя палітыкі глядзяць на нас ўвесь час падазрона, пярэчаць гістарычным фактам і на свой капыл па-панску бачаць „шматкультурнае” мінулае нашага рэгіёну. Таму нават у Часопісе часта прыходзіцца нам даказваць, што мы проста ёсць і нас сюды аніякі цар не навёз. Паказалася таксама сотні кніжак, якія гэта адназначна прадстаўляюць, і не толькі навуковых, гістарычных. І нават, здавалася б, устаялі ўрэшце пры сваім беларускія гісторыкі (ад нас і з Беларусі). Але да канца не спыніла гэта намаганняў часткі польскіх гісторыкаў і публіцыстаў прадстаўляць нас і нашу гісторыю на іх капыл, паклікаючыся пры тым на крыўдныя для нас фальшывыя міфы.

Знакаміты Тадэвуш Канвіцкі калісь у кніжцы „Kalendarz i klepsydra” напісаў цёпла і прыгожа пра нас беларусаў як добрых людзей і што беларускі народ ніколі не нападаў на суседзяў. Амаль ужо паўвеку гэтыя залатыя сказы прыводзяцца ў розных публікацыях і выказваннях. Тым часам цяпер узнялі крылы польскія маладзёны – нацыяналісты, якія і чуць пра гэта не хочуць. Абараняючы памяць і заслугі для ojczyzny выклятых жаўнераў, не дапускаюць невыгоднай ім і горкай праўды, што ў дачыненні да мірнага беларускага насельніцтва некаторыя з іх былі не героямі, а злачынцамі. На ўсякі спосаб намагаюцца апраўдваць злачынствы паваеннага польскага ўзброенага падполля ў беларускіх вёсках на Падляшшы. Кладуць вось цяпер на нас „дабрарусаў” нядобры цень, што быццам былі мы апорай камуністаў у іх барацьбе супраць „польскіх патрыётаў”. На жаль, падтрымліваюць іх у гэтым іншыя маладзёны – даследчыкі з Інстытута нацыянальнай памяці. Чытаючы іх выказванні бачу, што неахвотна пагаджаюцца яны нават з вынікамі афіцыйнага следства, якое некалькі гадоў таму даказала, што „Буры” зімою 1946 г. дапусціўся злачынства на беларусах з прызнакамі генацыду.

Іншым шкодным для нас па сёння міфам ёсць нібыта масавы ўваход беларусаў з Падляшша ў апарат камуністычнай улады, у тым ліку ў службу бяспекі, як функцыянеры і тайныя супрацоўнікі, агенты. Гэта ёсць абсалютнае перабольшанне. Хопіць праглянуць даступныя ўжо ў інтэрнэце персанальныя спіскі ІНП, каб пабачыць, што ў часы Народнай Польшчы партыйна-дзяржаўны апарат і СБ на Беласточчыне далёка не быў здамінаваны беларусамі. Усе нашы хлопцы ці дзяўчаты, якія ад вясковай галечы ўцякалі ў гарады і ставалі на працу ў камуністычных органах, былі толькі другараднымі функцыянерамі і ў ніякім месцы колькасцю не перавышалі палякаў. Сярод нашых таксама няшмат было агентаў. Таму, што СБ утыкала такіх перадусім у польска-каталіцкія асяроддзі, а нашы там не мелі проста доступу. Ну і найважнейшае, тыя нашы хлопцы і дзяўчаты нават не лічылі сябе беларусамі.

Хаця, думаю, польскае грамадства пераважна не раздзяляе шкодных і хлуслівых поглядаў пра нас, то з усёй сілы павінны мы паўстрымаць, каб яны не пашыраліся.

Сябра Ян чамусьці ўсю адказнасць за лёс беларусаў на Падляшшы кіруе ў адрас нашага асяроддзя. Што тут не казаць, але залежыць гэта таксама, а мо і перадусім ад адносінаў да меншасці з боку большасці. І калі ў цяперашняй Польшчы, асабліва пасля яе ўваходу ў Еўрасаюз, гэтыя адносіны крыху нават пацяплелі, то ўздым нацыяналістычных настрояў у апошні час гэты працэс, на жаль, паўстрымоўвае. Часопіс з’яўляецца таксама ў нейкай ступені платформай дыялогу і абмену думкі паміж меншасцю і большасцю. Таму нашае заданне – рэагаваць на хлуслівыя і шкодныя міфы пра нашу грамадскасць. Нягледзячы на сціпласць нашага выдання, мы ў змозе са сваёй думкай прабіцца. Аб гэтым я як рэдактар пераканаўся неаднойчы.