Юрка Хмялеўскі. Ад Рэдактара

Трыялогі, якія кожнае лета адбываюцца ў Крынках, заўсёды мяне інтэлектуальна ўзбагачаюць. Вяртаюся з іх з усё новымі ведамі і глыбокімі рэфлексіямі пра нашы беларускія справы і пра філасофію жыцця наогул. Таму ад пачатку, значыць з 1999 г., не прапусціў я ніводнай з гэтых вельмі павучальных для мяне сустрэчаў. На жаль, высокі інтэлектуальны ўзровень трыялогаў па сёння не паўплываў на адносіны да нас, беларусаў, з боку палякаў, якія гэты патэнцыял і нас наогул проста маргіналізуюць. Апошнім часам гэтая важная крынкаўская падзея стала нават буйнейшай, значна павялічыўся яе бюджэт, пашырылася праграма – акрамя асноўных дыскусійных блокаў адбываюцца яшчэ мастацкія праекты ды музычныя канцэрты. Публіка трыялогаў налічвае часам і каля ста асоб, але большасць іх з па-за беларускага асяроддзя і амаль няма там нікога з мясцовых, з Крынак і наваколля. Найгоршае ёсць тое, што надта мудры змест асабліва дыскусійнага семінара не набывае пасля рэзанансу ў культурных, літаратурных і навуковых колах Беластока, Варшавы ці Мінска. Гэта паказвае, што мы проста не ў змозе прабіцца шырэй у агульную прастору са сваімі думкамі і поглядамі, бо яны часта не адпавядаюць пазіцыям іншых, разыходзяцца асабліва ў бачанні гісторыі і разуменні беларускай нацыі. Таму мала хто хоча нас і слухаць.

Пра трыялогі менш і менш увагі, на жаль, прысвячаюць сродкі масавай інфармацыі. Іншая рэч, што ім таксама надта цяжка цяпер прабіцца да гледача, слухача ці чытача. А бывала калісь, што пра трыялогі пісалася ў газетах нават на першых старонках. Вядома, за справай найперш Сакрата Яновіча, тады найбольш вядомага польскага беларуса ў свеце, а цяпер нікога такога сярод нас ужо няма і не будзе.

Трыялогі заўсёды адбываліся крыху адарваныя ад месца іх правядзення. Для крынчан была і ёсць гэта проста чужая – не іхняя – імпрэза.

Не інакш было і гэтым разам. Роднае мястэчка (б ж я ў ім нарадзіўся) у прывітала мяне другі дзень верасня ў суботні поранак ціхім шумам летняга яшчэ лістоўя. Сакольская вуліца – уязная з боку Беластока, значыць цяпер найбольш рухлівая – напамінала вуліцу нейкага цалкам абезлюднелага пасёлка. На працягу амаль кіламетра ні мінуў я ніводнай машыны і з-за шыбы аўта не ўгледзеў жывога чалавека. Легендарны дом па Сакольскай 9, у якім жыў Сакрат Яновіч, а які цяпер з’яўляецца ўласнасцю і сядзібай арганізатара трыялогаў – Фонду Віла Сакратас, пад сёлетні трыялог памяняў свой знешні выгляд. Чарговы мастацкі эксперымент праявіў яго старшыня Лявон Тарасэвіч. Ужо некалькі гадоў па яго задуме красуюцца па ўсім агародзе рознакаляровыя кветкі – вяргіні. А цяпер прафесар Тарасэвіч вельмі адважна памяняў колеры дому – на цёмна-карычневыя сцены і бліскучыя жоўтыя вокны.

Галоўны пункт трыялогу, значыць дыскусіі, пасля смерці Сакрата Яновіча былі перанесены з агратурыстычнай сялібы ў недалёкіх Лапічах у быўшую яўрэйскую бажніцу (раней было тут кіно, а цяпер гэта канцэртная зала дому культуры). Парадку на панадворку пільнавала двух мужыкоў у гальштуках. Былі яны быццам з іншага свету. Мабыць гэта таксама быў нейкі элемент задуманай Тарасэвічам „сцэнаграфіі”…

Кожны трыялог мае вядучую тэму разважанняў у трох частках – прысвечаных культуры, літаратуры і палітыцы. Тыя тэмы заўсёды інтрыгуючыя, але размовы запрошаных гасцей – выдатных і вядомых асоб з Польшчы, Беларусі і Еўропы ў многім паўтараюць тое, што было напісана Сакратам Яновічам у яго славутай кніжачцы „Białoruś, Białoruś”, а пасля яшчэ дапоўнена ў напісанай разам са мною кніжцы „Nasze tysiąc lat”. Так было і цяпер. Лозунгам дыскусіі сталі словы „Litwo! Ojczyzno moja!” з інвакацыі „Pana Tadeusza” Adama Mickiewicza. У згаданых мною кніжках ужо гэта было – і пра Міцкевіча, і пра Літву (чаму паэт, які з беларускага ж краю, пісаў па-польску, але не Польшчу ўсхвальваў). Кацярына Савіцкая-Мяжынская з беластоцкага ўніверсітэта ў дыскусіі падчас трыялогу задумвалася, ці Міцкевіч пісаў таксама па-беларуску і ці па-беларуску мабыць думаў. Безумоўна – падкрэсліла яна – дасканала разумеў ён беларускую мову, бо вырас у „шматкультурным” свеце. Калі я гэтага слухаў, успомніў як вучнем успрыняў эпапею „Pan Tadeusz”. Тую Літву з інвакацыі разумеў менавіта як геаграфічную краіну літоўцаў, а не беларусаў. Думаю, што і мае настаўніцы польскай мовы ў пачатковай і пасля ў сярэдняй школе ідэнтычна гэта разумелі. Нам, вучням, гэтага нават і не тлумачылі. Помню, аднак, што паэтычная мова ў „Panu Tadeuszu” мне надта спадабалася і я ахвотна ў школе ў Востраве дэкламаваў вывучаную на памяць інвакацыю. Асабліва блізкім майму сэрцу было слова „dzięcielina”, значыць дзяцеліна. Пасля, як узрос, спрабаваў адшукаць гэтае слова яшчэ ў слоўніках польскай мовы. Дарэмна. „Dzięcielina” гэта беларусізм, якіх шмат у „Panu Tadeuszu”. Пра гэта мае настаўніцы нават не ўспаміналі. З гэтага, што ведаю, і цяпер у школах пра гэта не ўзгадваюць. Хаця і „Pan Tadeusz” ўжо вучням стаў наогул мала цікавы. Заўважыў гэта іншы дыскутант – праф. Яўген Мірановіч з беластоцкага ўніверсітэту. Сказаў ён, што Міцкевіч для яго дзяцей і іх „інтэрнэтнага” пакалення гэта проста нейкі анахранізм.

Ігшы ўдзельнік дыскусіі, Вінцук Вячорка з Мінска, паясніў, што гістарычная Літва ўзнікла у ХVI ст. і ахоплівала на працягу звыш 200 гадоў Гарадзеншчыну (з Беласточчынай), Віленшчыну, Наваградчыну і Заходнюю Піншчыну. Гэтыя землі пасля ў свядомасці палякаў закараніліся як „крэсы”. Польскія нацыяналісты да сёння лічаць іх польскімі землямі, хаця здаецца ўрэшце пагадзіліся, што сённяшняя ўсходняя мяжа далей на ўсход перасунута ўжо не будзе. Вядомы польскі палітык і гісторык Павел Коваль у палітычнай частцы дыскусіі сказаў адназначна – праект уключыць „крэсы” прынамсі ў зону уплываў Польшчы, што хацела адрадзіць ІІІ Рэч Паспалітая, цалкам праваліўся. Гэтая візія ўжо неактуальная і не мае аніякіх шанцаў здзейсніцца. – Калі хтосьці гаворыць сёння – заўважыў Коваль – што Львоў, Вільня і Гродна гэта польскія „крэсы”, то трэба прызнаць, што такія думкі гэта іх „kresy zdrowego rozsądku”.

Словы польскага палітыка, які, дарэчы, цяпер знаходзіцца па-за ўладай, не супакоілі прысутных. Галоўны рэдактар „Нівы” Яўген Вапа сказаў, што ў гэта не верыць. – Бо як тады разумець нядаўнюю акцыю з прапанаваннем выяў Вільні і Львова ў новым выглядзе польскіх пашпартоў? – запытаў ён.

Шкада, што ніхто не згадаў яшчэ пра партал kresy.pl, які падобна фінансуецца польскай дзяржавай. Прысутны на трыялогу былы пасол Польшчы ў Мінску (цяпер у Грузіі) Марыюш Машкевіч сказаў мне, што гэты партал магчыма павязаны з маскоўскай агентурай.

Нягледзячы на ўсё я згодны з Паўлам Ковалем, што міф польскіх крэсаў у разуменні 20-х і 30-ых гадоў мінулага стагоддзя шкодны для саміх палякаў і ніхто разумны гэтага ўсур’ёз ужо не ўспрымае.