Алесь Лозка. Беларусь збірае сяброў

З 7 па 11 верасня ў Беларусі гасцявалі землякі з розных краін свету – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры падтрымцы іншых міністэрстваў і органаў дзяржаўнага кіравання праводзілі Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету, які прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 135-годдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 950-годдзю з дня заснавання г. Мінска. Маецца нагода падвесці яго некаторыя вынікі, паразважаць над фактамі і падзеямі.

Здаўна ў розных краінах св  ету нашы майстры прыгожых мастацтваў, выхадцы з беларускага краю сцвердзілі сябе як таленавітыя спевакі, музыкі, акцёры, кампазітары, майстры народных рамёстваў, мастакі, пісьменнікі. Яны радавалі сваім майстэрствам вытанчаную замежную публіку, праслаўляючы беларускую зямлю, якая іх узгадавала. Гэта – выдатныя спевакі Міхась Забэйда-Суміцкі, Пётра Конюх, Мікола Стрэчань, кампазітары Міхал Клеафас Агінскі, Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Станіслаў Манюшка, Мечыслаў Карловіч, акцёры Васіль Качалаў, Пётра Алейнікаў, мастакі Казімір Малевіч, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, пісьменнікі Мікола Гусоўскі, Сымон Полацкі, Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Фёдар Дастаеўскі і многія іншыя. А якое сузор’е талентаў праяўляецца цяпер!

Цудоўная традыцыя збіраць на роднай зямлі выдатных майстроў і талентаў зарадзілася ў 2011 годзе і падобныя фестывалі праводзяцца праз тры гады. Геаграфія грандыёзных святкаванняў штораз павялічваецца. Калі на першым фестывалі прымалі ўдзел нашы суайчыннікі з 11 краін свету, то цяпер 214 удзельнікаў мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы, мастакі, майстры народнай творчасці, пісьменнікі з 19-ці: Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі. Акрамя таго, на ранейшых фестывалях былі прадстаўнікі яшчэ з Аргенціны, Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Мексікі, Нідэрландаў, Швейцарыі. Да гэтага неабходна дадаць і геаграфічнае пашырэнне ўнутры замежных краін. Растуць жа іншыя зямляцкія аб’яднанні. Так, напрыклад, у Расіі актыўнасцю вылучаюцца Калінінградскае зямляцтва беларусаў, нацыянальна-культурныя аўтаноміі беларусаў Томскай, Растоўскай, Цюменскай абласцей, Барнаула, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Волагды, цэнтры беларускай культуры ў Яраслаўлі, Навасібірску і інш., якія і гасцявалі сёлета.

Другі фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў у 2014 годзе ў Мінску і Мінскай вобласці і ў ім прынялі ўдзел каля 250 суайчыннікаў з 18 краін свету.

У праграме трэцяга фестывалю – яго адкрыццё ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі „З любоўю да роднай зямлі”, выставы, экскурсіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і іншыя музеі сталіцы, творчая сустрэча ў музеі Янкі Купалы пісьменнікаў і паэтаў беларусаў замежжа з сябрамі грамадскага аб’яднання „Саюз пісьменнікаў Беларусі”, цырымонія адкрыцця памятнага знака „Беларусам замежжа”, канцэрты калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа „Беларусы замежжа віншуюць сталіцу” на сцэнічнай пляцоўцы каля Мінскай гарадской ратушы, урачысты прыём гасцей фестываля ад імя Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, канцэрты калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа „Ты заўсёды ў сэрцы маім, Беларусь” у рэгіёнах Беларусі.

Перад адкрыццём фестывалю адбылося яшчэ адно адкрыццё ў памяшканні філармоніі. Гэта – выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа (два адкрыцці пачынаў міністр культуры Барыс Святлоў).

Таленавітыя мастакі і майстры розных рамёстваў з беларускіх зямель здаўна славіліся ў розных краінах. Аляксандр Тарасевіч з Мсціслаўя (17 ст.) быў вядомы ў Галандыі сваімі дасканалымі гравюрамі, набылі сусветную вядомасць мастакі Казімір Малевіч, Марк Шагал, лёс якіх звязаны з Віцебскам, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, што нарадзіўся ў Бялыніцкім краі і інш.

Прывітальны канцэрт „З любоўю да роднай зямлі” ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску (Фота Міры Лукшы)

Беларускія ювеліры, майстры, дойліды ў свой час аздаблялі шэдэўры архітэктуры Каломенскі палац, Смаленскі сабор Новадзявочага манастыра, царкву Рыгора Неакесарыйскага ў Маскве, Пакроўскі сабор у Ізмайлаве. Нашы суайчыннікі былі слаўнымі збройнікамі, адлівалі славутую „Цар-гармату” ў Маскве і царкоўныя званы, стварылі крыж Еўфрасінні Полацкай, адкрылі кнігадрукаванне ва Усходняй Еўропе.

З першага фестываля мастацтваў  выпрацавалася добрая традыцыя прэзентаваць творы суайчыннікаў. Парадаваліся тады набыткамі Вікторыі Каваленчыкавай з Нідэрландаў, чые палотны ўпрыгожвалі выставы ў Швейцарыі, Германіі, Італіі, Бельгіі, Расіі і ЗША; мастака і пісьменніка Уладзіміра Банцэвіча з Растова-на-Доне, які нарадзіўся ў Пінскім раёне; мастака Вячаслава Ігнаценкі з Малдовы, што пайшоў у вялікую дарогу з Лоеўшчыны.

На другім фестывалі, 2014 годзе захапляліся талентам мастачкі, графічнага дызайнера Вольгі Гуськовай з Бельгіі, творы якой знаходзяцца ў прыватных калекцыях Бельгіі, Англіі, Нідэрландаў, Германіі, Францыі, Італіі, ЗША, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Ніны Менцюковай з Італіі, што родам з Ашмян, якая вырабляе дрэвы з паўкаштоўных і іншых матэрыялаў, мастакоў з Польшчы Міраслава Здрайкоўскага, Аляксандры Чарняўскай, Данілы Грамацкага, Кацярыны Сянкевіч і Радаслава Маціевіча, Тацяны Канавалавай і Ірыны Тапчылка з Італіі, Вячаслава Ігнаценкі, Ірыны Лазарук, Ларысы Бугаёвай, Людмілы Вайнштэйн з Малдовы.

Прыемна, што некаторыя мастакі ўдзельнічаюць у гэтых фестывалях не адзін раз. Зноў мы бачым новыя фотаработы мастака з Малдовы Ганны Мазур, алейныя карціны Радаслава Маціевіча і Кацярыны Сянкевіч, а прафесійнага мастака Ганны Колас з Вялікабрытаніі, якая ўпершыню на фестывалі, як і Тацяна Расмусен з Даніі, Галіна Харбедзія з Літвы, Людміла Гросу з Малдовы, Віктар Байкачоў з Эстоніі, Наталля Лучкіна, Пятро Якубук і Яніна Піотух з Расіі. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, фота, мастацкая апрацоўка камня і метала, ткацтва, вязанне, шыццё, ручная вышыўка. Аўтарамі з’яўляюцца як прафесійныя мастакі і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, так і аматары, але ўсіх аб’ядноўвае любоў да сваёй справы, праяўленне ў творчасці прыязнасці і любові да роднай зямлі.

Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі работы Пятра Якубука (ювелірная апрацоўка камня і метала), заслужанага мастака з Крыма, якому на днях спаўняецца 80 гадоў, выпускніка мастацкай вучэльні імя Глебава, і студэнткі Расійскай акадэміі жывапісу і архітэктуры Іллі Глазунова Яніны Піотух (г. Яраслаўль), якая падаравала музею Якуба Коласа партрэт народнага паэта-юбіляра.

Сапраўдным россыпам талентаў стаў канцэрт калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа ў беларускай філармоніі. Удзельнікі заслужана віталі заслужаных артыстаў Кыргызскай Рэспублікі Юлію Руцкую, Рэспублікі Малдова Маргарыту Івануш, маладую, але ўжо вядомую лаўрэатку шматлікіх міжнародных конкурсаў піяністаў Вольгу Сцяжко, выпускніцу Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане і гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі, прафесійных музыкаў з Люксембурга цымбалістку Тацяну Ялецкую і піяністку і кампазітара Тацяну Зелянко і іншых.

Выяўлялі сваё мастацтва, любоў да роднай Бацькаўшчыны ўдзельнікі фестывалю таксама на розных пляцоўках: каля канцэрнай залы «Верхні горад» Мінска, у абласцях (Іванаўскі, Драгічынскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Лепельскі, Докшыцкі, Жыткавіцкі, Навагрудскі раёны). Адметным выкананнем беларускіх песень, жывасцю і любоўю да нацыянальнай культуры вылучаюцца мастацкія калектывы: «Родныя карані» (Еравань), «Спадчына» (Італія), «Надзея» (Казахстан і Латвія), «Світанак» (Літва і Польшча), «Зорачкі» (Малдова), «Лянок» і «Крылы» (Львоўшчына), «Славянская душа» (Францыя), «Спадкі» (Эстонія), «Напеў» (Калінінград), «Мядуніца» і «Барвіначкі» (Томск), «Крыніца» (Яраслаўль), «Рэтра-Хіт» (Санкт-Пецярбург), «Белая Русь» (Волагда), «Славяначка» (Растоў); індывідуальныя выканаўцы: Пятро Жаркоў (ЗША), Людміла Сінкевіч і Ларыса Люцько (Латвія), Алена Капылова (Томск), Глеб Кудрашоў (Палтава) і інш.

Пранікаешся любасцю да нашых суайчыннікаў, якія захавалі аўтэнтычныя спевы далёка ад нас і групуюцца ў нацыянальна-культурных аўтаноміях беларусаў у Томскай, Навасібірскай, Растоўскай, Цюменскай абласцях, Заураллі, Прымор’і, Алтаі, Казахстане і іншых рэгіёнах, а таксама да новых беларусаў, якія цягнуцца да традыцыйнай і сучаснай культуры сваіх продкаў. Вартым узорам тут з’яўляецца фальклорны ансамбль „Вячоркі” з Цюменскай вобласці, у складзе пажылых жанчын, што цудоўна выконвае песні тых беларускіх краёў, ад якіх яшчэ ў часы сталыпінскай рэформы адарваліся іх бацькі (напрыклад, «Не журыся, дзеўка», «Не закукала зязюлечка», «У полі азярэчка», «Ой, ня быстра рэчка», «Ой ляцелі гусі»).

Самыя маладыя ўдзельнікі фестывалю – вакальна-харэаграфічны ансамбль «Пірхэй Ашдод» (Кветкі Ашдода) з Ізраіля (кіраўнік дэлегацыі Аркадзь Крумер, пісьменнік) – па дзіцячы цікавяцца ўсім беларускім, спяваюць, танчаць па-беларуску і не толькі («Рэчанька», «Родны мой горад», «Хава нагіла» і інш.).

Канцэрт „Беларусы замежжа віншуюць сталіцу”. Спявае беластоцкі „Світанак” (Фота Міры Лукшы)

Цудоўная спявачка Анастасія Дзяменцьева, дырэктар Навасібірскага цэнтра беларускай культуры, выконвае «Белую Русь» («Ясная, добрая, чыстая, светлая, белая, Белая Русь…») па-беларуску з рускамоўнага рэпертуара А. Агурбаш. А ансамбль беларускай песні «Надзея» з Латвіі спявае «Auga, auga rūžena» на латгальскай і беларускай мовах, па-беларуску песні на словы Станіслава Валодзькі з Даўгапілса, уганараваным медалём Францыска Скарыны, удзельніка ўсіх трох фестываляў. Бадай самы прыкметны ўдзельнік фестывалю з раскошнай барадою, беларускім вышываным касцюме і шырокім брылі Мікалай Крысковіч з Алтая, а родам з Асіповіч, старшыня Грамадскага аб’яднання «Нацыянальна-культурная аўтаномія Барнаула», вольна чытае свае вершы па-беларуску зацікаўленым алтайцам. Цікавых прыкладаў выяўлення нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці за мяжою беларускіх суайчыннікаў можна прыводзіць нямала.

Акрамя агульных мерапрыемстваў у пісьменнікаў-удзельнікаў фестывалю, была свая праграма і галоўнае ў ёй – сустрэча з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі ў музеі Янкі Купалы, якую праводзіла Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні. Пісьменнікі-беларусы свету (а таксама члены Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, што прысутнічалі) пазнаёміліся з дзейнасцю Саюза, прачыталі ўласныя творы, распавялі пра свае набыткі і планы. Цёпла былі сустрэты выступленні Станіслава Валодзькі з Латвіі, Мікалая Крысковіча з Алтая, а таксама самай вялікай дэлегацыі з Польшчы, у складзе Юрыя Баены і Міраславы Лукшы – членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама Барбары Гаральчук, Ганны Радзюкевіч і Яўгена Чыквіна. Адбылася зацікаўленая размова і абмен кнігамі.

Усе ўдзельнікі фестывалю з прыемнасцю наведалі Беларусь, наведалі музеі і выставы, убачылі і пачулі выступленні мастацкіх калектываў у сталіцы і рэгіёнах, пакінулі землякам яркія прэзентацыі сваіх мастацкіх дасягненняў і творчых набыткаў, выявілі пашану да нацыянальных традыцый і культуры, роднага слова і славутай гісторыі, здзейснілі своеасаблівыя справаздачы папулярызацыі культурных каштоўнасцей беларусаў за межамі Беларусі, пакінулі спадзяванні на новыя сустрэчы.

 

Алесь Лозка