Бандароўская гасцёўня, а часам плывуць слёзы…

Адкрываюць фэст намеснік бурмістра Міхалова Юры Хмялеўскі, солтыс Бандароў Марыя Бура ды старшыня БГКТ Ян Сычэўскі (Фота Міры Лукшы)

На сцэне, за якой спеюць нівы, перад якой красуецца стол з фігурыстым караваем, перад тысячнай публікай – беларускія калектывы, вядомыя з беларускай эстраднай і фальклорнай сцэны. Весяло, гучна, цёпла, па-сямейнаму.

– Паслухаеш родную песню – і жыць хочацца! – кажуць Марыя Стэпанюк і Васіль Скепка сярод іншых старажылаў на лавачцы пад бандарскімі блёкамі.

Прайшоў ужо 18 раз традыцыйны народны беларускі фэст „Бандароўская гасцёўня”. Якраз у разгар іншых беларускіх мерапрыемстваў у суседніх гмінах. «Гледачы проста пераязджаюць з аднаго фэсту на другі, добра калі маюць самаход, бо ж аўтобусы тут не ездзяць, – смяецца Янка Шыманюк з Семяноўкі. – Але «калі ты самаходам», не кульнеш чарачкі на бяседзе».

Імпрэзу ладзіць актыў вёсак Бандары, Рыбакоў і наваколля, у Міхалоўскай гміне, разам з Беларускім грамадска-культурным таварыствам і Гмінным асяродкам культуры ў Міхалове, пры падмацоўцы перш за ўсё Гміны Міхалова ды Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, пажарнікаў і тутэйшых спонсараў.

„Бандароўская гасцёўня” з’яўляецца працягам беларускіх фэстаў, якія яшчэ з шасцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, ладжаныя БГКТ, збіралі шматлюдную публіку тутэйшую і «зарэчанскую».

Як кажа адзін з найактыўных арганізатараў свята, Віктар Бура, родам з Рыбакоў, адзін з задумшчыкаў фэста, вядомы шматгадовы дзеяч беларускай культуры: «Гэта беларускае cвята ладзіцца, перш за ўсё, для людзей, якіх перасялілі ў Бандары з пяці вёсак, якія былі затоплены дзеля пабудовы Семяноўскага вадасховішча. У гэтым ліку – і мая асоба. Сустракалісы мы, і вырашылі штосьці зрабіць, каб людзі не сумавалі. І выдумалі свой беларускі фэст. Людзі прыходзяць, прыязджаюць, ідуць на возера і дзівяцца. На месцы іх двароў вада – успамінаюць свае хаткі, цэлыя патанулыя вёскі. Гэта нагода сабрацца і сустрэцца і нам-перасяленцам, і нашым дзецям ды ўнукам. Сёлета вадасховішчу споўнілася 40 гадоў, але нам надалей баліць душа. Гэта вялікая трагедыя для людзей гэтых вёсак. Вада заліла нашу культуру, нашы звычаі, нашу беларускую тоеснасць. Улады зрабілі вялікую памылку, калі стварылі гэты вадаём. Гэта вялікая трагедыя для беларускай культуры Падляшша»…

Новы калектыў «Славяская нота» з Міхалова вельмі ўсім спадабаўся (Фота Міры Лукшы)

Старшыня БГКТ Янка Сычэўскі адзначыў, што свята апіраецца на традыцыі ды актыўнасці саміх бандароўцаў: „Гэтае асяроддзе абсалютна выключнае ў тым сэнсе, што асабліва актыўнае”. Сапраўды, гэта вельмі гасціннае мерапрыемства. Далучыліся да свята дырэктарка Дому сацыяльнай апекі Галіна Саковіч і яе падапечныя, непаўнаспраўныя. Жывуць яны ў былым гатэлі які з вялікім размахам быў пабудаваны на беразе Семяноўскага возера. Мастакі смела і хораша выступілі на цэне з прадстаўленнем пра жніво, пачынаючы ад старапольскіх вершаў і беларускіх народных летніх песень, дэкламавалі таксама вершы свайго калегі Яна Ласкага (рыхтавалі іх Крыстына Дрозд і Аля Салавей). Заўсёды хвалюе слухачоў і слухаецца імі цярпліва аматарскае выступленне гэтых пакрыўджаных лёсам людзей, якія знайшлі ціхі прытулак пасярод буяючай прыроды і добрых людзей, хаця тыя прыйшлі паслухаць чагосьці вясёлага і патанцаваць пад выдатна выкананую песню. А для жыхароў «гатэля» якая ж вялікая радасць, выступіць перад тысячнай публікай, разам з такімі мастакамі сцэны!

Моладзь займалася ў спартыўным блоку, гуляла ў агародзе гульняў. Яшчэ далёка да пачатку імпрэзы гледачы, пакуль заселі на лавах амфітэатра, цікавіліся вырабамі рукадзелля, размаўлялі з творцамі, частаваліся стравамі рэгіянальнай кухні і чымсьці майнейшцым, дзецярня цешылася ласункамі і цацкамі.

Фэст прывабіў аматараў роднай песні з Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў ды турыстаў з усёй краіны. Вельмі ўсім спадабаўся новы калектыў «Славяская нота» з Міхалова, які першы раз выступіў у Бандарах, і «зубры» беларускай песні – «Каліна» з Залук, «Крыніца» з Беластока, «Маланка» і «Васілёчкі» з Бельска-Падляшскага, «Лайланд» з беластоцкіх Засцянак, «Світанак» з настаўніцамі з беларускага садка н-р 14 у Беластоку, якія прадставілі па некалькі твораў са свайго рэпертуару. З Беларусі прыехала ат-група «Багач» перш за ўсё з фальклорнымі песнямі. Да забавы далёка ў ноч зайграў «Лайланд».

Фэст прывабіў аматараў роднай песні з Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў ды турыстаў (Фота Міры Лукшы)

Сярод рукадзельніц – заўсёдная Анна Кузьма з Міхалова:

– Калісь я сядзела дома і гафтавала, вышывала, і баялася выязджаць. А цяпер, калі прыйдзе час, калі пачынаюцца беларускія фэсты, мяне хочацца з’ездзіць, паказацца, беларускае слова і песню пачуць, палюбавацца гэтымі строямі. Проста – роднае свята! А вышываць вельмі люблю. Калі мне было шэсць гадоў, я ўжо вышыла краявід. Калісь не было такіх ніцей як цяпер… Пасля, калі я выйшла замуж, заняло мяне сямейнае жыццё, але пра вышыванне я не забылася. Вечарком, зімой, бывала, вышыю што-небудзь… Але цяпер, калі я ад 2000 года ўдавою, жыву адна. Дзеці мае ў Беластоку. Мяне тое вышыванне так уцягнула, што калі што-небудзь раблю, думаю: „А Божа мой, то ж я сёння іголкі яшчэ ў рукі не брала!” Так я гэта люблю! Хаця б трошкі павышываць. Вельмі мне хочацца, каб нашы маладыя дзяўчаты таксама гэтым заняліся, каб гэтае майстэрства не ўмярло: праца рук нашых бабцяў, прабабцяў. Калі хто панімае гэтую работу і яе любіць – гэта як маляванне іголкай і ніткай. Гэта краса, багацце народа.

Першы раз на такой імпрэзе быў Франак Гвуздзь, цяпер з Цісоўкі. Прыехаў на свята з дачушкамі і драўлянымі вырабамі пра славянскую абраднасць і лясныя цуды-дзівы. Цішы шукаў тут аж ад Бяшчад. А сваімі творамі з каранёў, якія знаходзіць і апрацоўвае над Нарвай – хоча дакласціся да тутэйшай культуры.

 

(лук)