Браніслаў Тарашкевіч і беларускі лёс

Вуліца Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, якой пагражае перайменаванне (Радыё Рацыя)

Браніслаў Тарашкевіч (1892 – 1938) несумненна ўпісаўся ў гістарычную памяць беларусаў. Яго імя здаўна (пасля рэабілітацыі ў 1957 г.) знаходзіцца ў беларускіх энцыклапедыях. Біяграмы ў беларускай і польскай „Вікіпедыі” сведчаць пра яго прысутнасць таксама ў віртуальнай прасторы. 

Браніслаў Тарашкевіч (1892 – 1938) і вокладка легендарнага падручніка яго аўтарства

Менавіта беларуская „Вікіпедыя” звяртае ўвагу на тое, што Браніслаў Тарашкевіч быў беларускім грамадска-палітычным дзеячам, мовазнаўцам і пісьменнікам-перакладчыкам. У польскай „Вікіпедыі” прадстаўляецца яго ў першую чаргу як беларускага палітыка, дэпутата польскага сойму, старшыню Беларускага пасольскага гуртка, старшыню Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, грамадскага дзеяча, мовазнаўцу, перакладчыка, аднаго са стваральнікаў арфаграфіі беларускай мовы. Паказваюць яны шматграннасць зацікаўленняў і заняткаў Браніслава Тарашкевіча.

На працягу 46 гадоў жыцця здолеў вызначыцца ў некалькіх сур’ёзных жыццёвых ролях, якія трывала ўпісаліся ў гістарычную памяць не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, і ў Літве. Яго імем з 1972 г. названы вуліцы ў Радашкавічах і ў Маладэчне, а з 2003 г. – у Мінску. 5 сакавіка 1969 г. за дырэктарства Міколы Гайдука было нададзена яго імя Агульнаадукацыйнаму ліцэю з беларускай мовай навучання ў Бельску- Падляшскім. Зараз уваходзячы ў ліцэй стаіць вялікі стэнд у гонар
Б. Тарашкевіча з яго здымкам, гадамі жыцця, асноўнай інфармацыяй пра яго: „беларускі грамадскі дзеяч, вучоны, літаратар, перакладчык” і словамі з прамовы на судзе: „Народ беларускі прабудзіўся і нявольнікам ён не застанецца”. На другім паверсе школы на калідоры знаходзіцца вялікі стэнд са здымкамі і інфармацыямі пра жыццё і дзейнасць Б. Тарашкевіча. Паводле слоў цяперашняга дырэктара ліцэя Андрэя Сцепанюка інтэр’ер ліцэя быў абноўлены ў 2009 г. мастаком Міраславам Здрайкоўскім. У школьнай бібліятэцы знаходзяцца кнігі Аляксандры Бергман пра Б. Тарашкевіча на польскай мове. На ўроках беларускай мовы і гісторыі гаворыцца пра Б. Тарашкевіча і яго заслугі для беларусаў. Як сказаў дырэктар ліцэя Андрэй Сцепанюк мусіць зараз найменш кажацца пра палітыку, а больш пра яго граматыку беларускай мовы, пра пераклады „Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча і „Іліяды” Гомера на беларускую мову, пра яго аратарскія здольнасці. А. Сцепанюк асабіста на прыкладзе абмену Б. Тарашкевіча і Ф. Аляхновіча гаворыць вучням пра страшны беларускі лёс.

Яму прысвечаныя табліцы на дамах, у якіх жыў у Радашкавічах і ў Вільні. У 1972 г. на 80-ыя ўгодкі
Б. Тарашкевіча ў Радашкавічах на доме Сніткаў была адкрытая мемуарная дошка: «Тут у 1923-1931 гг. жыў і працаваў вядомы вучоны і палітычны дзеяч, актыўны ўдзельнік вызваленчага руху працоўных Заходняй Беларусі, акадэмік АН БССР Тарашкевіч Браніслаў Адамавіч». 27 верасня 1979 г. у Вільні на вуліцы Людаса Гіра 37 (колішняя Віленская 12) была адкрытая памятная табліца на літоўскай і беларускай мовах: «У гэтым доме у гадах 1924-1926 жыў беларускі вучоны і педагог, выдатны дзеяч рэвалюцыйнага руху, член камуністычнай партыі ад 1925 года Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч».

Несумненны беларускі палітычны лідар пасля І сусветнай вайны, нават у сітуацыі стаўлення яго перад судом, быў параўнованы публіцыстам Альбінам Стэповічам з Магатмай Гандзім, змагаром за правы гіндусаў: «Gdy był posłem sejmowym w poprzedniej kadencji, zwracał na siebie uwagę jako osobnik ruchliwy, ekspansywny, śmiały. (…) Na trybunie zwraca na siebie uwagę jako człowiek o manierach i wyglądzie Europejczyka. (…) Przemawia spokojnie i dużo, ale nie nużąco. Z postawy i tonu bije duma i wyniosłość. Nic w nim nie znać z oskarżonego. Odnosi się wrażenie, że nie zależy mu wcale na uniewinnieniu, gdyż mówi rzeczy, jak się wyraził obrońca „niepopularne” dla sądu. Istotnie, twierdząc, że jest marksistą, kolektywistą, że „po tamtej stronie buduje się białoruski Dom” obronie sytuacji nie ułatwiał, mimo to kategorycznie neguje jakąkolwiek organizacyjną łączność  z partją komunistyczną. Przyznaje się, że odrzucił ułaskawienie Prezydenta po wyroku Hromady, ponieważ nie objęło ono jego kolegów. (…) Taraszkiewicz ideę postawił wyżej wolności osobistej. Nie załamał się i dlatego w oczach swoich zwolenników, którzy mogli nieco powątpiewać o jego szczerości, urósł znacznie wyżej niż przedtem. Można twierdzić z całą pewnością, że Taraszkiewicz, mimo całej mglistości swej politycznej ideologji cieszy się dziś popularnością wśród wszystkich niemal Białorusinów i ma zwolenników bodaj znacznie więcej od najbardziej czołowych działaczy białoruskich. (…) Prawie wszyscy Białorusini stoją na stanowisku, że Białoruś w przyszłości musi stać się samodzielnem państwem. Ten postulat łączy wszystkich, natomiast wypisywanie na sztandarze haseł o formie ustroju przyszłej Białorusi od razu zaczyna różnić i rozpraszać jednolity front. Zdaje się, iż Taraszkiewicz zdaje sobie z tego sprawę i na pytanie sądu, jaki ma być ustrój przyszły Białorusi, uchylił się od odpowiedzi nie z obawy przed wygłoszeniem osobistych życzeń i poglądów, ograniczając się do uwagi, że o ustroju Białorusi zadecydują w przyszłości białoruskie masy chłopskie i robotnicze. Takie stanowisko należy uważać za trafne i zapewniające Taraszkiewiczowi wszechstronną popularność w kołach białoruskich. Nie ulega wątpliwości, że wyrok skazujący nie przekreśli roli Taraszkiewicza w ruchu białoruskim, podobnie jak trzymanie w więzieniu Gandhiego nie pomniejszyło jego wpływów i znaczenia wśród Hindusów”.

Б. Тарашкевіч не ўсімі беларусамі ўспрымаўся спачувальна. Асаблівае стаўленне выказаў нядаўні яго грамадоўскі паплечнік Фабіян Акінчыц у брашуры «Правакацыя беларускага народу (да справы б. старшыні Грамады Б. Тарашкевіча»: «Для беларускага нацыянальнага руху дрэнна ўжо тое, што ён сваёю папулярнасьцю, якую здабыў за часоў Грамады, сьведама вядзе яўна камуністычную працу, прыкрываючы яе нац.-вызваленчаю фразэалёгіяю. (…) Легенда аб ягонай ідэёвасьці і нацыянальным гэраізьме павінна закончыцца назаўсёды». Брашура была ўспрынята адмоўна. Альбін Стэповіч, сам будучы хадэцкіх поглядаў, пісаў пра яе: «Ukazała się wprawdzie niedawno broszura napastliwa, charakteryzująca Tarszkiewicza jako zdecydowanego komunistę; zdaje się, że, wbrew intencjom autora, broszura ta w pewnej mierze ułatwiła Taraszkiewiczowi wyjazd do Sowietów. Był to jedyny jej efekt”. Брашура пазней трапіла ў бібліятэчныя спецфонды і да 90-ых гг. была недаступнай. Выйшла рэпрынтам у Мінску ў 1991 г. і ў адрозненні ад 1933 г. распаліла нанава эмоцыі вакол асобы Б. Тарашкевіча і яго ролі ў беларускім нацыянальным руху. Тым больш, што прарочымі аказаліся словы Ф. Акінчыца наконт будучыні Б. Тарашкевіча: «Мы не памылімся, калі скажам, што Тарашкевіч, будучы чалавекам слабавольным, «метнулся» у камуністычны бок дзякуючы шкадлівым уплывам «злых духаў» Беларускага народу, якія заселі ў Вільні і кіруюць адтуль усімі цёмнымі справамі праз падстаўленых людзей. Яны плянова і сыстэматычна губяць усе патрэбныя для беларускай справы адзінкі, якія толькі падпадаюць пад іхнія ўплывы і яны-ж зьяўляюцца галоўнымі вінавайцамі таго, што здарылася з Тарашкевічам і ягонымі таварышамі. Толькі дзякуючы гэтай акалічнасьці і сваяму ўласнаму бязвольлю Тарашкевіч, наперакор здароваму сэнсу цьвердзіць, што ўсе ягоныя сымпатыі там, дзе камуністы пабудавалі «Беларускі Дом…» Калі небудзь мы будзем сьведкамі таго, як ён апынецца ў гэтым «доме» і загаспадаруе… Цяжка быць цяпер прарокам, але думаем, што ад ягонага выезду беларуская справа ў Польшчы нічога не страціць, а ў Савецкай Беларусі – нічога не прыбудзе. Магчыма й так, што Тарашкевіч сам, разам са сваімі таварышамі, пераканаецца, нарэшце, якімі фалшывымі шляхамі яны ішлі, шукаючы спосабаў вырашэньня  беларускага пытаньня. Але будзе позна…».

Асаблівай папулярнасцю ў пачатку 90-ых гадоў стаў цешыцца эпізод абмену палітычнымі вязнямі Браніслава Тарашкевіча і Францішка Аляхновіча ноччу з 6 на 7 верасня 1933 г. Упершыню пра той факт напісаў у „Пшэглёндзе Віленскім” Альбін Стэповіч: «Droga, którą przebył Taraszkiewicz w swojej działalności politycznej i poglądach jest ze wszechmiar pouczającą. Od niefortunnej próby współpracy z Polakami, poprzez walkę opozycyjną względem rządów polskich, przychodzi wreszcie do przekonania, że marksizm w interpretacji Lenina jest jedyną doktryną, zdolną przeobrazić świat i udoskonalić go. (….) Droga Taraszkiewicza, dzięki polityce narodowościowej u nas, coraz bardziej staje się bitym gościńcem dla Białorusina. Polityka ta właśnie poprowadziła Taraszkiewicza z obozu radykalizujących polonofilów do obozu wiernych wyznawców doktryny komunistycznej. (…) O ile wyjazd Taraszkiewicza nikogo nie zadziwił, o tyle wymiana jego na Alechnowicza wszystkich zaskoczyła. Jaka ironja losu! Dawni starzy przyjaciele stanęli przy słupach granicznych, jako przedstawiciele wrogich sobie kierunków politycznych. I obydwaj uzyskali wolność po kilkuletnim więzieniu – jednocześnie…”.

Францішак Аляхновіч, будучы ўжо ў Вільні, пісаў пра нахабства, якога дапусціліся ўлады БССР, мяняючы дакрэтам Рады народных камісараў з 15 верасня 1933 г. беларускі правапіс: «Wiceprezes Białoruskiej Akademji Nauk tow. Dąbal wyjaśnia w prasie mińskiej, iż pomieniona reforma ma na celu oczyszczenie języka białoruskiego od naleciałości wprowadzonych przez białoruskich demokratów narodowych, którzy rzekomo usiłowali utworzyć sztuczną barjerę między jęz. białoruskim a rosyjskim, drogą wyeliminowania zeń elementów rosyjskich. Reforma obejmuje 27 osobliwości jęz. białoruskiego, „reformując” go w ten sposób, iż one tracą swe brzmienie białoruskie i upodobniają się do rosyjskiego, a niektóre z nich wprost są zamienione wyrazami rosyjskiemi. Tak ważny akt kulturalno-naukowy odbywa się bez udziału sił naukowych, staje się zarządzeniem administracyjnem, którego nikt nie poważy się nie spełniać. Co najciekawsze, że dekret o reformie pisowni przypada niemal w jednym czasie z przybyciem do Mińska autora reformowanej gramatyki B. Taraszkiewicza, bez wiedzy i aprobaty tegoż. To już nie tylko brak niezbędnej w podobnym wypadku kurtuazji, lecz coś więcej. (…) Białorusini, zamieszkujący w Polsce, jak było do przewidzenia reformy sowieckiej nie uznali. Odbył się szereg protestów przeciwko rusyfikowaniu języka białoruskiego przez bolszewików”. Пасля ў Польшчу даходзілі чуткі пра арышт, а нават пра смерць Браніслава Тарашкевіча.

У Беларусі пра яго стала больш вядома толькі праз 20 гадоў – пасля 1956 г., калі 27 студзеня Ваенная Калегія Вярхоўнага суда СССР перагледзела справу па абвінавачанню Б. А. Тарашкевіча і спыніла яе „зза адсутнасці саставу злачынства”. Тады і пачалося вывучэнне яго біяграфіі і розных дзялянак яго дзейнасці. Разам з палітычнай адлігай загаварылася і пра Браніслава Тарашкевіча, пры тым амаль адначасова ў Беларусі і ў Польшчы. У 1964 г. пра першыя мінскія публікацыі пра яго згадала Аляксандра Бергман на старонках беластоцкай „Нівы”. Да 1964 г. у Беларусі паказаліся ў друку артыкулы пра яго як аўтара беларускай граматыкі Льва Мірачыцкага, Арсеня Ліса і Барыса Клейна – пра яго грамадска-палітычную дзейнасць. Аляксандра Бергман звярнула ўвагу на рознабаковасць падыходу да жыцця і дзейнасці Браніслава Тарашкевіча: «Знаёмячыся з творчасцю Б. Тарашкевіча, з усёй яго дзейнасцю, біяграфіяй, нават сёння цяжка сказаць, што ў ім перамагала: вучоны, вялікі рэвалюцыйны дзеяч, аратар, публіцыст? (…) Публікацыі, якія з’явіліся ў Мінску ў апошнія гады, абапіраюцца на шырокія крыніцы, пачэрпнутыя з архіваў, больш шырокія, чым гэта было раней, калі да значнай часткі важных матэрыялаў амаль ніхто не меў доступу. І ў гэтым найбольшае значэнне апошніх публікацый».

У 60-ыя гады перамагла тэндэнцыя, каб паказваць Браніслава Тарашкевіча як беларускага гарамадска-палітычнага дзеяча (стваральніка і старшыню Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, пасла на сойм, вязьня польскіх турмаў), а не як мовазнаўцу, у тым ліку аўтара беларускай граматыкі. Магчыма абавязуючы БССР-аўскі правапіс у навучанні беларускай мовы і ў беларускіх выданнях у Польшчы  не спрыялі памяці Б. Тарашкевіча як мовазнаўцы і аўтара беларускай граматыкі.

У той час жыло яшчэ шмат людзей, якім Б. Тарашкевіч быў вядомай асобай, пра што пісаў Арсень Ліс, якога кніга „Браніслаў Тарашкевіч” выйшла друкам у Мінску ў 1966 г.: „Сярод старэйшых людзей у былой Заходняй Беларусі і сёння амаль не сустрэнеш чалавека, які б не ведаў імя Браніслава Тарашкевіча. Адны ўспамінаюць, што вывучалі родную мову па ягонай граматыцы, другім з даўніх год запала ў сэрца палымянае слова Тарашкевіча-дэпутата, сказанае ім на мітынгу, ці баявая антыўрадавая прамова ў польскім сейме, трэція сустракаліся з кіраўніком Беларускай сялянска-работніцкай грамады на суровых этапных шляхах панскіх астрогаў. Мужны і таленавіты абаронца інтарэсаў працоўных, выдатны арганізатар мас, вучоны-патрыёт, чалавек высокай культуры і абаяльнасці – такім быў слаўны сын беларускага народа Браніслаў Тарашкевіч, такім застаўся ён у памяці пакалення рэвалюцыйных барацьбітоў 20-30-х гадоў. Такім дораг ён нашчадкам”. Пра гэтае выданне пісала ў „Ніве” Аляксандра Бергман.

Захапіўшыся феноменам БСРГрамады і заадно Б. Тарашкевічам пра новыя знаходкі і распрацоўкі гэтай тэмы публікавала яна ў „Ніве” ды ў польскіх гістарычных часопісах. Шукала звестак у польскіх, беларускіх, літоўскіх і расейскіх архівах, шукала яго радні і знаёмых. Яшчэ ў 60-ыя гады пазнаёмілася м.інш. з яго першай і другой жонкамі, з вядомым беларускім паэтам Станіславам Шушкевічам, які сустрэў Б. Тарашкевіча ў 1937 г. у Мінскай турме, але на той час не смеў пра тое ёй сказаць. Толькі праз 24 гады 8 сакавіка 1988 г. ён пісаў Аляксандры Бергман: „Пані была ў нас тады, калі нельга было казаць праўду і трэба было прыслухацца, ці няма каго за дзвярыма… Сядзеў у старой турме (у Мінску) у паўпадвальнай камеры. Было нас чацвёра. Адзін сярод нас быў польскі камуніст і ўмеў шляхам перастуквання перамаўляцца цераз сцяну. Быў у камеры 15, а ў 16-й знаходзіўся Браніслаў Адамавіч (Тарашкевіч). Было гэта, наколькі помню, у пачатку чэрвеня 1937 года. Мы даведаліся, што Браніслаў прыйшоў увесь збіты. Сказаў, што не выжыве, што ўся яго бялізна ў крывавых плямах, што, здагадваецца, яго зноў павязуць у Маскву…”.

Гэты прыклад паказвае, як мянялася грамадска-палі­тычная сітуацыя ў Савецкай Беларусі, у СССР – у 1988 г. была там „перастройка” і „гласнасць”. Пачыналася гаварыць пра сталінскія рэпрэсіі, пачыналася беларускае нацыянальнае адраджэнне, вярталіся забытыя імёны беларускай гісторыі. Тады таксама ў 1990 г. у Беларусь вярнулася імя Францішка Аляхновіча, выдаліся яго творы, м. інш. „У кіпцюрох ГПУ”, у якім піша ён пра абмен на мяжы ў 1933 г. Загаварылася пра двух выдатных беларускіх дзеячаў як пра беларускі лёс у ХХ ст. А яшчэ Арсень Ліс у сваёй працы пра Б. Тарашкевіча не мог падаць прозвішча „абменніка”.

Тымчасам Браніслаў Тарашкевіч да гэтага часу існаваў ідэалагічна як грамадска-палітычны дзеяч, які змагаўся за правы працоўных Заходняй Беларусі і супраць палітыкі польскай дзяржавы.

Нягледзячы на ідэалогію ў 1968 г. у навуковы ўжытак уводзілася яго беларуская граматыка (у „Гісторыі беларускай літаратурнай мовы” І. Крамко, А. Юрэвіч, А. Яновіч), праўда – як гісторыя беларускай мовы з адназначнай ацэнкай яе значнасці ў развіцці беларускай літаратурнай мовы: „Асобнае месца сярод першых спробаў выпрацоўкі нормаў беларускай літаратурнай мовы займае „Беларуская граматыка для школ” Б. Тарашкевіча, першае выданне якой выйшла ў 1918 годзе. Яна прадстаўляе сабой першы і тым не менш вельмі ўдалы вопыт вылучэння асноўных заканамернасцяў беларускай мовы. Прапанаваная аўтарам фанетыка-граматычная сістэма беларускай мовы замацавалася як сістэма яе літаратурных нормаў. Граматыка Тарашкевіча на працягу 10 гадоў вытрымала 5 выданняў (апошняе, 5-е выданне 1929 г., значна пераробленае і пашыранае), доўга заставалася адзіным па сутнасці стабільным вучэбным дапаможнікам, на аснове якога ствараліся ў далейшым новыя падручнікі, працы і даследванні на беларускай мове. (…) Неабвержаным доказам правільнасці выбранага напрамку ў развіцці беларускай літаратурнай мовы служыць тое, што сучасная беларуская літаратурная мова адлюстроўвае ўсе галоўныя асаблівасці і нормы, вызначаныя ў свой час Тарашкевічам”. Факсімільнае выданне „Беларускай граматыкі для школ” з 1929 г. выйшла толькі ў 1991 г. у Мінску. Раней гэта было немагчымае, перад усім з увагі на тое, што беларускія эмігранцкія выданні карысталіся „тарашкевіцай”, а ў Беларусі абавязвала т.зв. „наркомаўка”, уведзеная паводле рэформы правапісу ў 1933 г. Таксама беларускія незалежныя выданні („саміздат”) у Беларусі з канца 80-ых гадоў пачалі карыстацца „тарашкевіцай”.

Аляксандра Бергман у Польшчы з пасіяй збірала звесткі пра Браніслава Барашкевіча і пісала пра іх у „Ніве”. Таксама ў гэтым беларускім тыднёвіку беларусаў у Польшчы шмат месца адводзілася яму пры нагодзе юбілеяў з нагоды дня нараджэння. Уладзімір Паўлючук адшукаў яго сям’ю ў Польшчы. У першым адрэзку пісаў: „Аб Браніславе Тарашкевічу, кіраўніку аграмаднай 100-тысячнай беларускай арганізацыі – Грамады, ведаем параўнальна мала. Пакуль што нямнога знойдзена дакументаў, якія б паказвалі жыццё і дзейнасць гэтага вялікага змагара беларускага народа. Не прэтэндуючы да пісання біяграфіі гэтага беларускага рэвалюцыянера, хацеў бы расказаць аб Браніславу Тарашкевічу такім, якім рысуецца ён у памяці блізкіх яму асоб: сястры, швагра, хроснага сына, вучаніцы”. Сястра Тэкля з мужам Геранімам Янкоўскім жыла ў Эльблёнгу і наведаў іх У. Паўлючук у снежні 1965 г. Сястра звярнула ўвагу на рэлігійнасць брата, які пасучы свінні насіў іконы і аддаваўся рэлігійным практыкам. Сям’я вырашыла, што павінен ён стаць ксяндзом і аддалі яго вучыцца. Але ён не хацеў быць ксяндзом.  Г. Янкоўскі ўспамінаў візіты ў хаце Тарашкевічаў кс. Яна Семашкевіча: „Калі прысутныя падвыпілі, Тарашкевіч пазіруючы ігру на скрыпцы і штурхаючы ксяндза локцем, пачаў прыпяваць: Ой, каб ксёндз жонку меў, ані піў бы, ані еў, ані еў бы, ані спаў бы, толькі жонку цалаваў бы”. Кс. заходзіў да бацькі і казаў яму: „Твой Бронцё пачаў рабіць нейкую рэвалюцыю ў сейме, каб ты ведаў, што ён там цяпер чаўпе. Ты пакрычы на яго, калі прыедзе, каб перастаў”. А той казаў бацьку: „Якую там, бацька, рэвалюцыю. (…) Я толькі хачу, каб была на свеце справядлівасць. Навошта вось, для прыкладу, прысылаюць нам войтаў аж з Познані, ці ж у нас няма сваіх людзей добрых? Або паліцыянтаў? А навошта такую армію ўтрымліваць, падаткі на яе плаціць? Няхай дадуць людзям свабоду, тады і армія непатрэбная стане”.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, калі Тарашкевіч у канцы 1918 г. завітаў у родныя ваколіцы сустрэўся з дваюрадным братам і хросным сынам, малодшым 16 гадоў, Пётрам Ганцэўскім, які жыў у вёсцы Вясёлая на Віленшчыне, 25 км ад Чарнулішак. У 1966 г. жыў ён у Кайкове каля Аструды і працаваў у мясцовым ГС. Быў у 1923 г. на вяселлі ў Тарашкевіча. Апошні раз П. Ганцэўскі бачыў Тарашкевіча на судзе ў Вільні, калі той „на пытанне аб месца жыхарства адказаў іранічна: турма, а на пытанне аб веравызнанні заявіў горда: няверуючы”. Б. Тарашкевіч адказваў брату на пытанне пра беларускую дзяржаўнасць: „Будзем мець, але толькі тады, калі будзем мець многа адукаваных людзей. Без адукацыі нічога не створым”.

У. Паўлючук знайшоў таксам і яго вучаніцу Надзею Касову, настаўніцу біялогіі у школе н-р 5 у Аструдзе: „Браніслаў Тарашкевіч належаў да людзей, якіх усе любяць. І мы яго любілі. На школьных урачыстасцях знаходзіўся ён заўсёды ў кругу разрадаванай, вясёлай моладзі, чалавек надзвычай дабрадушны з нягаснучай усмешкай на вуснах. Вучні беларускай гімназіі нідзе раней беларускай мовы не вучыліся, ведалі яны толькі віленскі беларускі дыялект, у якім параўнальна многа паланізмаў. Тарашкевіч не здаваўся, з гэтай жа дабрадушлівай ухмылкай цярпліва выпраўляў моўныя недахопы вучняў. Кніжак да навучання беларускай мовы амаль не было. Тарашкевіч найчасцей прыносіў з сабою кніжкі з хаты, вучні чыталі іх на ўроках, часта бралі з сабою дадому. Чыталі вершы Купалы, Коласа і іншых беларускіх пісьменнікаў. Часта Тарашкевіч чытаў вучням свае вершы проста са сшыткаў. Слухаючы ўспамінаў Надзеі Касовай аб добрадушнасці, спакойным настаўніку Браніславе Тарашкевічу, цяжка ўявіць сабе, што быў гэта той самы паслядоўны, непахісны рэвалюцыянер, якога палымяныя прамовы некалькі гадоў пазней узнялі беларускі люд на барацьбу з санацыйным рэжымам”.

На артыкулы У. Паўлючука адазвалася Вера Ніжанкоўская з Радашкавіч, першая жонка Б. Тарашкевіча, звяртаючы ўвагу на недакладнасці журналіста.

Да сёння невядома дзе пахаваны Б. Тарашкевіч. Упершыню ў 1957 г. стала вядома, калі памёр Б. Тарашкевіч. У даведцы аб рэабілітацыі пададзена была дата смерці 22 лістапада 1941 г. Такую дату падала Аляксандра Бергман у сваёй кнізе пра Б. Тарашкевіча. Толькі ў 1979 г. выявілася, што Б. Тарашкевіч у сапраўднасці быў расстраляны 29 лістапада 1938 г.

У 1967 г. на першай старонцы „Нівы” з нагоды 75-ых угодкаў Б. Тарашкевіча быў змешчаны яго здымак і рэкамендаваліся ўспаміны Мар’яна Пецюкевіча, які сустракаўся з Б. Тарашкевічам, калі той быў яго настаўнікам і дэпутатам польскага сойма . М. Пецюкевіч успамінаў яго як свайго настаўніка ў  Віленскай беларускай гімназіі, які правіў яго першыя паэтыцкія спробы. Сустракаўся з ім таксама ў яго роднай парафіі ў Лаварышках, дзе ксяндзом быў Янка Семашкевіч, а арганістам Янка Пазьняк.

А. Бергман была таксама ўдзячная М. Пецюкевічу за дапамогу ў распрацоўцы біяграфіі Б. Тарашкевіча. Як шмат ён ёй дапамог сведчаць яго лісты. Аляксандра Бергман вярнула памяць пра Браніслава Тарашкевіча ў Польшчы публікуючы пра яго кнігу ў 1977 г. „Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu”, раней апублікаваўшы пра яго артыкулы ў „Ніве” і ў польскіх гістарычных часопісах. Ва ўступе да беларускага выдання гэтай кнігі, напісала пра свае зацікаўленні Б. Тарашкевічам: „Калісьці ў мяне спыталі, чым так прывабіла мяне асоба Браніслава Тарашкевіча, чаму гэтулькі часу аддаю збіранню матэрыялаў пра яго. Адказала і сёння паўтараю: прычыны належыць шукаць у ім самім, у гісторыі яго жыцця. Спачатку Тарашкевіч зацікавіў мяне толькі як заснавальнік і правадыр Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. (…) Паступова, па меры збірання звестак, пераканалася, што не толькі гэты перыяд, але і ўсё жыццё Тарашкевіча было цікавае і ў многіх адносінах павучальнае, бо належаў ён да тых людзей з Віленшчыны, якія валодалі незвычайнай годнасцю і выключнымі здольнасцямі. Намер напісаць па магчымасці поўную біяграфію Браніслава Тарашкевіча з’явіўся ў ходзе бліжэйшага знаёмства з яго асобай. (…) Матэрыялы пра Браніслава Тарашкевіча пачала я збіраць з 60-х гадоў, але толькі ў 1972 годзе пашчасціла мне апублікаваць тое, што ў ранейшых варунках было не так проста зрабіць, – надрукаваць хоць бы нарыс з яго жыццяпісу”. У размове Георгія Валкавыцкага (галоўнага рэдактара беластоцкай «Нівы») з Аляксандрай Бергман, пасля выхаду яе кнігі пра Б. Тарашкевіча яна сказала пра яго значэнне: «Вучыцца ў яго можна ва ўсіх галінах, у якіх прымаў удзел, бо быў творчы. Перш за ўсё асоба. У кожных абставінах грамадскі і нацыянальны інтарэс ставіў вышэй асабістага. У цяжкіх хвілінах не вёў сябе пакутнікам, ахвярай часу, захаваў чалавечую годнасць. Усё рабіў з задавальненнем, цяжкасці яго ў пэўным сэнсе развесялялі і выклікалі добры настрой. Цяжкасці сустракаў з узнятай галавой». Кніга А. Бергман была перакладзена на беларускую мову толькі ў пачатку 90-ых гг. і выйшла ў Мінску толькі ў 1996 г., амаль 20 гадоў пасля польскага выдання. У «Слове да чытача» Арсень Ліс пісаў пры высокія вартасці кнігі: «рэч, бясспрэчна, актуальная. Актуальнасць манаграфіі польскай даследчыцы заключаецца перш-наперш у тым, што яна прысвечана аднаму з найбуйнейшых дзеячаў беларускага адраджэнска-вызваленчага руху навейшага часу. А. Бергман асэнсоўвае палітычны лёс Тарашкевіча на ўнікальна багатым дакументальна-архіўным матэрыяле, скрупулёзна сабраным у Варшаве, Вільні, Маскве. Гэта дазволіла даследчыцы глыбей прасачыць унутраныя пружыны грамадска-палітычных працэсаў 20-30-х гадоў, аб’ектыўней зразумець і больш выпукла паказаць вобраз аднаго з самых самаахвярных і трагічных барацьбітоў за суверэнную Беларусь. Надзённасць кнігі А. Бергман яшчэ і ў тым, што яна зноў жа грунтоўна асвятляе грамадаўскі рух, ля вытокаў якога стаяў Тарашкевіч. (…) Ацэнка ўкладу грамадаўскага руху ў палітычнае разняволенне беларускага народа яшчэ наперадзе. Зрэшты яна ў пэўнай меры выцякае і з даследаванняў А. Бергман, якія ў адрозненне ад эскападаў супроць БСР Грамады, зробленых у апошнія гады журналістамі, носіць не публіцыстычны, а навукова аргументаваны характар. Няма сумніву, што беларускі вызваленчы рух, пазначаны этапам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, быў і застаецца прыкметнай вехай на ахвярным шляху беларусаў да свабоды».

Аляксандра Бергман увяла Б. Тарашкевіча перад усім у беларускую гістарычную сведамасць у Польшчы. З чытачамі «Нівы» дзялілася сваімі знаходкамі і думкамі. Б. Тарашкевіч, як правадыр БСР Грамады, якая у палавіне 20-ых гадоў цешылася вялікай папулярнасцю на Беласточчыне, ставаў таксама блізкім нашчадкам быўшых грамадоўцаў. Таму з нагоды чарговых круглых угодкаў з дня нараджэння паяўляліся пра яго артыкулы ў «Ніве» і ў «Беларускіх каляндарах».

Зацікаўленне А. Бергман Б. Тарашкевічам мела яшчэ і звычайнае людское, эмацыйнае вымярэнне. Калі ў 1989 г. у Маскве памерла другая жонка Б. Тарашкевіча Ніна Аляксандраўна, А. Бергман напісала пра яе ў «Ніву»: «Яе супольнае жыццё з Браніславам Тарашкевічам не працягвалася доўга – ад 1934 года да мая 1937 г., калі Браніслава Тарашкевіча і Ніну Аляксандраўну арыштавалі ў іх маскоўскай кватэры. Якія ж былі гэта гады! Мала сказаць: цяжкія. Усё, аб чым марыў Тарашкевіч, калі ў польскай турэмнай камеры, у 1933 г., даведаўся, што будзе абменены ў СССР, – усё знявечылася. Марыў аб працы ў Беларусі і для Беларусі – а мусіў жыць у Маскве, працаваць у Міжнародным аграрным інстытуце – ён, адзін з найбольшых беларускіх філолагаў, член Акадэміі Навук БССР. Марыў аб сустрэчы з сябрамі, таварышамі па барацьбе, а толькі пасля прыбыцця ў Маскву даведаўся, што ўсе дзеячы «Грамады» і «Змагання» – арыштаваны і палічаны агентамі польскай разведкі. Ці Ніна Аляксандраўна ўсведамляла сабе цэлую трагедыю сітуацыі? Адчувала яго боль. Рабіла ўсё, каб не адчуваў адзіноцтва, стварыла для яго сямейную атмасферу і стала для яго ў гэты страшны час самым блізкім чалавекам. (…) Якім дарагім быў для яе Браніслаў Тарашкевіч, ведаем таксама з яе гераічнага змагання, да апошніх дзён жыцця, за выратаванне літаратурнай спадчыны Тарашкевіча. Неадкладна пасля атрымання дакумента аб яго рэабілітацыі, ужо ў 1957 (!) годзе паехала ў Мінск з рукапісам яго перакладу «Пана Тадэвуша» Міцкевіча і на працягу многіх год змагалася за яго выданне, чаго наканец дачакалася. Праўда, працягвалася гэта 24 гады! Але – дачакалася. Гэты рукапіс выратаваны толькі дзякуючы таму, што схавала яго ў сваёй сястры. У гэтым жа 1957 годзе Ніна Аляксандраўна пачала барацьбу за адшуканне калонак і машынапісу перакладу «Іліяды» Гамера на беларускую мову. (…) Варта тут яшчэ ўспомніць што ў 1976 годзе Ніна Аляксандраўна гасцявала ў Варшаве, была госцем і Беластока. І што было для яе асаблівым перажываннем – наведанне Агульнаадукацыйнага ліцэя  ў Бельску-Падляшскім імя яе мужа. (…) Яе прыезд да нас прынёс ёй многа хвалявання, а нам паказалася цудоўнай і інтэлігентнай жанчынай, якая была для Браніслава Тарашкевіча не толькі добрай жанчынай, але і найбліжэйшым прыяцелем на цяжкім этапе яго жыцця».

А. Бергман падтрымлівала таксама сувязі з першай жонкай Б. Тарашкевіча – Верай Андрэеўнай Ніжанкоўскай. Упершыню едучы ў беларускія бібліятэкі і архівы у канцы 80-ых гадоў атрымала я адрас В. Ніжанкоўскай з просьбай наведаць яе і перадаць падарак ад А. Бергман. Мне не верылася на той час, што жонка Б. Тарашкевіча магла быць у жывых. Дзякуючы А. Бергман на працягу 10 апошніх гадоў яе жыцця я шмат разоў наведвала  В. Ніжанкоўскую, дзякуючы якой гісторыя беларускага нацыянальнага руху і постаць яе мужа ставаліся жывымі. Жыла яна надзеяй на стварэнне музея ў сваім быўшым доме, які улады адабралі за савецкім часам. Разрысоўвала планіроўку, захоўвала экспанаты. Вера Ніжанкоўская памерла 6 мая 1998 г. так і не дачакаўшыся музея. Варта згадаць, што дзякуючы Аляксандры Бергман пасля яе смерці, на выдадзеныя ў 2005 г. «Лісты» М. Пецюкевіча, адгукнулася прафесар акулістыкі з Вроцлава Ганна Ніжанкоўская, якой сям’я, асабліва сын, гадамі шукалі звестак пра Уладзіслава Ніжанкоўскага, які расстаўся са сваёй першай жонкай і ажаніўся з Верай Тарашкевічыхай. Ад мяне даведаліся пра яго дачку Ірыну з Радашкавіч і змаглі з ёй пазнаёміцца. Б. Тарашкевіч таксама стаўся ім блізкай асобай, вядомай як аўтар беларускай граматыкі.

У выніку да 125-ых годкаў нараджэння Б. Тарашкевіча можна задумацца над яго месцам ў беларускай гістарычнай памяці. Часта пры ім паяўляюцца такія акрэсленні: «нязнаны», «забыты», што аддае яго прысутнасць у сведамасці беларусаў. «Для адных гэты чалавек – бацька беларускай граматыкі, для іншых – камуніст і агент Камінтэрна» – напісаў Ігар Мельнікаў. «Сярэдні малады мінчанін не ўмее сказаць зашмат і пра патрона (Б. Тарашкевіча – прып. Л. Г.), а можа нават і нічога» – напісаў Мацей Халадоўскі ў беластоцкай «Ніве», апошні раз успамінаючы Б. Тарашкевіча ў 2015 г. пры нагодзе кастынгу да спэктакля па п’есе Эльдара Бякірава «Браніслаў Тарашкевіч». П’есу пра Б. Тарашкевіча «Арышт» напісаў таксама свайго часу Сакрат Яновіч пад уплывам кнігі А. Бергман, якая выйшла ў Польшчы ў 1977 г. Пісаў яе на працягу 20 гадоў, а пасля паслаў у Акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебск. Там яе паставілі пад загалоўкам «От цо да» і ў 2002 г. прывезлі ў Крынкі, Бельск і Гайнаўку на Беласточчыне. Прысутны на спектаклі аўтар сказаў: «Здзіўлены, гэта больш чым урадаваны, бо жыццё Тарашкевіча – цэлая эпоха, мініяцюрны лёс усіх нас, лёс ад якога нельга ўцячы». У 1958 г. Багдан Падоскі, следчы суддзя ў працэсе БСРГ, які праслухоўваў Б. Тарашкевіча, успамінаў яго: «Formalnym i faktycznym przywódcą Hromady był Bronisław Taraszkiewicz, poseł na Sejm. (…) Był jednym z twórców współczesnego języka białoruskiego i autorem jego gramatyki. Była to jednostka nieprzeciętna i ideowa. (…) Podkreślał, że pragnie, aby nie zaginęła prawda historyczna o pierwszej w dziejach narodu białoruskiego masowej organizacji politycznej. (….) Stwierdził, że jako działacz niepodległościowy białoruski naśladował świadomie Józefa Piłsudskiego, który walcząc o niepodległość Polski posługiwał się socjalistycznymi hasłami społecznymi, jako narzędziem do pozyskania mas ludowych dla idei niepodległości. Zastąpił on jedynie hasła socjalistyczne hasłami komunistycznymi, jako współcześnie bardziej, zdaniem jego, atrakcyjnymi. Natomiast jeśli chodzi o praktyczną akcję polityczną, Taraszkiewicz uznał za godną naśladowania metodę biernego oporu Gandhiego i dlatego zdecydował się na propagowanie haseł niepłacenia podatków i odmowy rekruta. Jestem przekonany, że wyjaśnienia Taraszkiewicza były zgodne z prawdą i odzwierciedlały jego sposób myślenia”.

 

Лена Глагоўская