Старадаўняе места Крынкі, рынак якога кшталтам парыжскага, мае галерэю. Такой галерэі і такога рынку не мае таксама і сталічна-падляшскі Беласток, адлеглы ад Крынак амаль паўсотні кіламетраў. Дабрацца туды можна на рэдкім аўтобусе, або ў хвілін сорак пяць на аўто, каб апынуцца на гэтым незвычайным кругавым скрыжаванні са шматвяковай гісторыяй. Калі шафёр кіруецца GPSам, уехаўшы ў Крынкі той голасам рэйдавага шафёра разгублена лямантуе, што «не тудою едзеш». Але заўсёднікі вернісажаў і сустрэч у рамках беларускіх трыялогаў на гэтым рынку ўжо не разгубляюцца, перамогшы па некалькі разоў гэтую пятлю. І іншыя, што ў першы раз прымалі ўдзел у мерапрыемствах сусветнага маштабу – як незвычайная прэм’ера «Антыгоны» – зноў сюды вернуцца. Тая адлегласць можа больш ментальная – паміж сталіцай ваяводства і местам на польска-беларускай мяжы. Можа тыя непераадольныя больш псіхалагічна. Лявон Тарасэвіч, прызнаны ў сучасным свеце мастак, скарачае гэтую адлегласць ва ўступе да каталога «Galeria Krynki Галерэя Крынкі. Krynki Gallery. 2011–2016” пішучы пра тое што найважнейшае: «Крынкі гэта золата». Каталог быў апублікаваны з нагоды пяцігоддзя Галерэі Крынкі і ён значна больш, чым дакументацыя мастацкай дзейнасці Фонду Віла Сакрата. Сябар памерлага чатыры гады таму вядомага беларускага пісьменніка Сакрата Яновіча (ад імя якога было сфармавана імя фонду) Лявон кажа, што Галерэя Крынкі была заснавана, «таму што ў польска-беластоцкім свеце для нас замала паветра». У непрыкметным белым будыначку, які быў і бібліятэкай. Яго ўздзеянне пашырылася на ўвесь свет. На зайздрасць іншым галерэям, паказвае тут усё «з вышэйшай паліцы». З імёнамі гучнымі на ўвесь свет, і прызабытымі. Пра ўсё можна прачытаць у тоўстым, каляровым тамішчы, поўным гісторый і анекдот ды фатаграфічнай дакументацыі таго, што паказвалася, пра дух месца. Пра тое, што з’яўляецца найбольш важным і адметным для крынкаўскай прасторы сярод іншых у Польшчы:
– Перш за ўсё гэтая галерэя для нас. Паяўляюцца тут людзі з такіх мастацкіх прастораў, якія нас цікавяць, маюць важнае значэнне, якія не маглі б быць паказаны ў іншым месцы, напрыклад, «Птушкі» Чабана. Ён чалавек, які жыве ў Крынках і рэзьбіць сюррэалістычных птушак, папраўляе тварэнне Пана Бога, – сказаў Лявон Тарасевіч у інтэрв’ю з Паўлам Грэсем, рэдактарам выдання. – Галерэя з’яўляецца адной з калон Фонду Віла Сакрата і служыць гэтай часты гэтай абшчыны, якая мае патрэбу ў кантакце з мастацтвам. Праграма Галерэі заснавана на дыялогу з іншымі культурамі і нацыянальнасцямі, іншымі творцамі. Назва з’яўляецца найбольш натуральнай. Важна адзначыць, што жыхары Крынак павінны зразумець, наколькі важная назва іх горада. Многія людзі ў свеце ведаюць, дзе знаходзяцца Крынкі. Мы пачалі працаваць, убачым, як гэта развіваецца. Галерэя ўяўляе сабой кацёл, дзе заўсёды штосьці кіпіць, бурліць, ён такі нам патрэбны.
Які незвычайны гэта «кацёл», сведчыць калекцыя 22 выстаў і адкрытых пленэрных праектаў, якія ў апошнія некалькі гадоў удалося падрыхтаваць Фонду ў рамках Галерэі Крынкі. Часам гэты «набор» у катле ахоплівае мастакоў, якіх, здавалася б, немагчыма спалучыць. З аднаго боку – „Beth Ha Kneseth. Reanimacja Wielkiej Synagogi” Міраслава Балкі. У 2014 годзе мастак адправіўся ў Крынкі па запрашэнні Тарасэвіча, працаваў з добраахвотнікамі пры расчыстцы зарослых руін сінагогі дзевятнаццатага стагоддзя, і праіснавала сцэна, калі паток вады (б’ючы з месца, дзе калісьці чыталі Тору) стаў пералівацца вясёлкай. Гэта сімвалічны вобраз застаўся ў памяці ўсіх удзельнікаў. Здарылася штосьці магічнае і метафізічнае. Міраслаў Балка, найвыдатны польскі сучасны скульптар, абнавіў прастору ды зварухнуў сэрцы. Адкрыліся руіны сінагогі, дзе б’ецца сэрца места, у якім яшчэ да Першай сусветнай вайны габрэі складалі 90 адсоткаў насельніцтва. З пажарнага шланга, за які трымаліся розныя людзі, хлынуў струмень вады. Крыніца біла некалькі хвілін. Ачышчала зямлю, руіны і сэрцы. Балка казаў, што мастацтва перш за ўсё ў перажыванні, а не толькі ў візуальным вопыце. Праект паказаў, як можна трапіць да людзей з ясным пасланнем павагі да іншых, закрануць сэрцы і разбудзіць памяць мясцовай супольнасці па крынкаўскіх габрэях.
Пасля ўсяго пяці гадоў існавання сёння крынкаўская галерэя мастацка бліжэй да праграмнай лініі беластоцкай галерэі Арсенал, бачнай у Польшчы ў якасці адной з самых значных калекцый сучаснага мастацтва. У Галерэі Крынкі хапіла месца для розных незвычайных выстаў, такой як «Птушкі» Яна Чабана, народнага скульптара з вёскі Баратыншчына, Станіслава Кагуцюка – жыхара Холмшчыны, званага «Нікіфарам з Плаваніц» ці Зэнка – Іларыёна Данілюка, памерлага ў 2000 годзе мастака-прымітывіста з-пад Гайнаўкі (родам з Каменя). З нагоды каталога ўвекавечваюцца хоць крышынкі памяці пра чалавека, які ўпрыгожваў сваімі карцінамі прыватныя кватэры, столі дамоў, лесвіцы. Падрыхтаваная ў кастрычніку 2013 года выстава стала прэзентацый зборніка фотаздымкаў яго прац з прыватных хат. Каб пашукаць яго працы, мастакі стукаліся ў дзверы гайнаўскіх блёкаў. Але дзякуючы настойлівасці і рашучасці Янкі Грыкі, выкладчыка факультэта мастацтва ўніверсітэта ў Любліне, створаны фатаграфічны збор большасці прац зробленых «Зэнкам», ён дачакаўся цікавасці з боку іншых арт-крытыкаў, і пісалі нават пра яго магістарскія дысертацыі. Янка Грыка сарганізаваў паказ прац Зэнка ў Люблінскай Бялай Галерэі. Працы «Зэнка» пайшлі ў свет, паказваюцца ў прэстыжных галерэях сучаснага мастацтва. Важнымі былі таксама для крынчан экспазіцыі Аляксандры Чарняўскай і Маргарыты Дмітрук, якая зрабіла сваю графіку прама на сценах галерэі. Фатаграфічная дакументацыя цяпер стала адзіным бачным следам яе працы. Важнай з’яўляецца таксама фотадакументацыя спалучаная з каментарамі Анды Ротэнберг пленэрнай рэалізацыі Міраслава Балкі „Beit Kneset Hagadol – Wielka Synagoga Reanimacja”, падрыхтаванай у рамках XV Трыялога ў 2014 ля Гарбарскай вуліцы ў Крынках. Ад выкарчавання пустазелля да фінальна б’ючай крыніцы, якая ў сонечным святле ператварылася ў вясёлку. Польскі мастак нагадаў жыхарам места яго назоў ад крыніц, якія б’юць у Крынках. Усяго пару дзесяцігоддзяў раней жылі побач з беларусам і палякамі таксама крынкаўскія яўрэі…
Каталог перакладзены на англійскую і беларускую мовы, з’яўляецца дасканалай рэкламай для Вілы Сакрата, але перш за ўсё для мастацкага духу места, які можа пашукаць кожны па-свойму. А зайсці ў Галерэю Крынкі, што па вуліцы Пілсудскага, 6, у будыначак з кафлянымі печкамі, з шэрымі сценамі трох залак, на якіх пабачым актуальныя выставы можна амаль штодзень – хопіць пазваніць па тэлефоне, што на лістку наклееным на шыбе. І адчыняць вам, і пакажуць, і раскажуць.
Міра Лукша