Размова з Уладзем Міхневічам, адным з ініцыятараў міжшкольнай групы з навучаннем беларускай мовы ў Варшаве
З верасня ў Варшаве ў адной са школ пачнуцца заняткі з беларускай мовы. Колькі бацькоў зацікавілася прапановай? Ці гэта былі беларускія сем’і, ці міжнацыянальныя (мяшаныя) сужонствы?
– Арганізацыйнае ядро складалі тры асобы. Караліна Лукашэвіч з польска-беларускай сям’і, Марыя Луцэвіч-Напалкава з беларуска-
-расійскай і я Уладзімер Міхневіч з беларускай.
Мы пачыналі з суботніх заняткаў у варшаўскай бібліятэцы „Наўтылус”. Заняткі працягваліся больш за год і былі першым крокам, каб вывесці нашу сямейную адукацыю з хатняй прасторы ў публічную. Тут я хацеў бы выказаць вялікую падзяку кіраўніку бібліятэкі спадарыні Іаанне Клос, якая заўсёды стварала хатнюю атмасферу, каб нашы дзеткі з ахвотай наведвалі заняткі. Апрача таго варта дадаць, што ў бібліятэцы была заснаваная беларуская палічка дзіцячых кніжак.
Калі мы давалі абвестку альбо тэлефанавалі да бацькоў, то было два тыпы рэакцыі. Альбо станоўчае: „Так, я гатовы вазіць дзіцё праз увесь горад”. Альбо: „На жаль, я не буду мець часу”. А шмат хто з бацькоў жыве ўвогуле ў суседніх з Варшавай гмінах.
Але нягледзячы на ўсе складанасці нам удалося сабраць мінімум, то бок, траіх школьнікаў і траіх дашкольнікаў неабходных для ўтварэння і школьнай і дашкольнай групаў. Тут варта падкрэсліць, што сапраўдная колькасць жадаючых большая, толькі з-за незразумелых для нас прычынаў заявы некаторых сем’яў яшчэ не дайшлі да школы. Таму агульная колькасць дзяцей будзе вядома пасля арганізацыйнага сходу, на якім будзе магчыма запісаць новых дзяцей склаўшы заявы непасрэдна дырэктару.
Калі я правільна зразумеў, то дзеці з суседніх гмінаў таксама могуць навучацца ў Варшаве?
– Дакладна так. Дзякуючы прапанове фонду „Беларуская Iніцыятыва”, была прынятая папраўка ў распараджэнні міністра адукацыі, якая дазваляе дзецям з іншых гмінаў навучацца там, дзе паўстала група.
Вы скарысталі з закона аб нацыянальных меншасцях. З падляшскага боку гэта вельмі важная з’ява – польская дзяржава прызнала беларускім мігрантам статус меншасці. Ці я не памыляюся? Як вы да гэтага пытання ставіцеся?
– Не, Польшча не надавала эмігрантам статуса меншасці. Абавязковай умовай было польскае грамадзянства дзяцей, а каб дзіцё атрымала польскае грамадзянства, трэба каб хтосьці з бацькоў яго меў. У сваю чаргу закон аб нацыянальных меншасцях дае магчымасць навучацца на роднай мове, галоўнае каб было жаданне бацькоў.
Ці кантактуеце з Беласточчынай? Якія ў вас сувязі на педагагічнай ды беларускай нівах?
– Так, кожны з арганізатараў мае сяброў на Падляшшы. Палова бацькоў, якія склалі заявы, паходзіць менавіта аддуль. Калі казаць пра арганізацыйны аспект, то шмат цэнных парадаў дала нам Аліна Ваўранюк з Беластока. І каб замацоўваць нашыя кантакты, у нас з’явілася задума арганізаваць беларускі летнік на Падляшшы, каб сталічныя дзеці маглі правесці час са сваімі аднагодкамі з этнічнага беларускага абшару, каб убачылі гарадскую ды вясковую архітэктуру, паўдзельнічалі ў мясцовых святах.
Якая будучыня беларускай дыяспары ў Варшаве? Магчыма захаваць нацыянальнаю ідэнтычнасць па-за межамі Беларусі?
– Захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці ў іншамоўным асяроддзі магчымае толькі дзякуючы вельмі цяжкой працы бацькоў. З дзецьмі трэба ўвесь час гаварыць па-беларуску, чытаць з імі літаратуру, паказваць фільмы, перакладаць штодня мноства словаў і абавязкова слухаць музыку. Вельмі важным момантам у выхаванні з’яўляюцца кантакты з аднагодкамі, і менавіта таму мы пастанавілі вывесці нашу хатнюю асвету ў публічную прастору, каб дзеці бачылі, што беларуская мова прысутная і ў дзяржаўных установах, такіх як школа. Гэта ўзмоцніць ў іх патрэбу да лепшага яе ведання.
Усіх зацікаўленых у навуцы беларускай мовы запрашаем на арганізацыйную сустрэчу 14 верасня а 18 гадз. да Szkoły Podstawowej nr 395 przy ul. Sierakowskiego 9.
Гутарыў
Тамаш Суліма