– Прывялі і сабаку! Далі панюхаць трампатулы на маіх нагах, а той пазычаны з Міхалова службовы цюцька ўзяў ды сеў азадкам на мой ступак і нікуды і не збіраўся шукаць слядоў майго „злачынства”! Я засмяяўся: вось і майстар, бачыць, што няма чаго тут шукаць па маіх тапках, а пагранічнік кажа паліцыянту, што ваўчок проста стомлены, і шукаць яму сёння цяжка будзе ў такую гарачынь!
Такія „трапматулы”, на гумовай падэшве, карэйскага вырабу пад еўрапейскія „галёўкі”, можна набыць у Гайнаўцы ці Бельску па 15 злотых, у Нараўцы яны ў жалезнай краме каштуюць 16,50. „У іх такі пратэктар, падобны як на чобатах!” – фахова інфармуе Яўген Чачэн, які набыў такія лёгкія „ветрагоны”, каб упраўляцца ў гаспадарцы (больш за 12 гектараў), хадзіць у лес ці над вадасховішча. Здзяруцца – па новыя можна скочыць у гмінны цэнтр. Слядамі такіх „пратэктараў” спярэшчаны пясчаныя сцежкі ўзлескаў прыпушчанскіх вёсак, бо на шашы ў Баб’ю-Гару ўжо лягло асфальтавае палатно. Асфальт чысценька разлёгся на старой грэблі, ды цяпер аўтобусам на старажытную Баб’ю-Гару не даедзеш у нядзелю ці суботу. Хоць у бок Пушчы імчаць аўтамабілі – ці то прыватныя легкавушкі, ці аб’язныя крамы, ці аўто беларускіх купцоў, якія акружною дарогай завітваюць і ў гэты бок, хоць да мяжы ад Медзвядзёў будзе чатыры кіламетры. Усё, значыць, тут у памежнай зоне. Чужы не праслізнецца. Нядаўна чачэнец перабраўся праз мяжу, у Польшчу, скінуў летнік і штаны, увапхнуў у кулёк, кінуў у кусты, апрануўся ў майку і шорцікі, бы які турыст з Варшавы ці адкульсьці плёнтаўся па ўзлесках. Паўгадзіны так пахадзіў, як яго злавілі. А пагранічнікі сюды-туды ездзяць, і глядзяць, і распытываюць. У Баб’яй-Гары, што на самой ускраіне Белавежскай пушчы, распытваюць у цётак ці дзядзькоў, ці каго чужога не бачылі. А што не ўбачыш – прыязджаюць чужыя. То паселяцца ў Мірыка ці Андрэя, ці самі купяць якую хату. Во ў Масеве нават спявак Сойка такі жыве. Відныя людзі. Як які азіят паявіцца, то ж адразу распазнаеш. Людзі гамоняць, жартуюць. На пенсіі неяк час правесці трэба, з людзьмі словам перакінуцца. Пакуль ёсць сілы – ідзеш па грыбы, ягады, зелле, каб падзарабіць. Пакуль нас, тутэйшых, з нашай пушчы не выганяць! Бы тутэйшы чалавек горшы ад тае мурашачкі, што натуральна ў лесе жыве. А, можа, мы тут ужо ў нейкай рэзервацыі? „Рэзервацыя ці не рэзервацыя, а „разарвацца” трэба!” – усміхаецца Яўген Чачэн на ўспамін жарту аднаго бабігорца, хоць яму самому не да смеху. Бо тут пагранічная справа. У якой прымаюць удзел ягоныя „трампатулы” і ён сам, бо пагражае яму прынамсі гродскі суд. Па артыкуле нелегальнага пераходу дзяржаўнай мяжы.
Хтосьці перайшоў дзяржаўную мяжу паміж Польшчу і Беларуссю. І не вельмі вядома, хто куды ішоў – з Польшчы ў Беларусь, ці з Беларусі ў Польшчу. Беларускі бок не прыкмеціў нічога. А на памежнай паласе, прыгожа зааранай, у тры метры, хтосьці прайшоўся. Увайшоў, папятляў туды-сюды, і выйшаў. Невядома, куды. Мабыць, з Беларусі ішоў на Падляшша, а далей у Еўропу, бо чаго ж было б назад? Ды сваімі дарогамі думкі ходзяць у беларусаў. Калі б злачынца быў беларусам, з гэтага ці таго боку. Заездзілі-замітусіліся пагранічнікі, паявіліся і антытэрарысты: можа, нейкі афганец-іранец прэцца ў Заходнюю Еўропу ўчыніць тэракт? Самагубца? Пяць машын падняло б пыл на дарозе ў Баб’ю-Гару, Медзвядзі, Альхоўку, Грушкі, Гушчэвіну, Баравыя (калі б не было там асфальту), па дарозе ва ўрочышча Падкапоўскае (тудэма найбліжай дабрацца можна да памежнай паласы). А ў Баб’яй-Гары на лавачцы сталі меркаваць: „Пэўна, чачэн які зноў перакрочыў мяжу, тыя ж „пратэктары” зусім як на тутэйшых трампатулах карэйскага вырабу”. Увесь свет ходзіць у такіх трампатулах,ці то Амерыка, ці то Азія, ці то вёска пад пушчай, дзе калісь была мяжа паміж Княствам і Каронай.
Якраз на мяжы паміж Кныствам і Каронай злавілі Яўгена Чачэна. Само пёр на ровары, з пустой бутлягай ад малака. У той дзень і ў прыватным лесе быў, два разы заходзіў да суседа ў Медзвядзях, быў у свае сяброўкі, у бабы Манькі. На мяжы за Падкапоўскім гадоў дзесяць не быў! – затармазіў на ровары з піскам колаў. Абскочылі яго пагранічнікі і антытэрарысты, не пазачыняўшы нават дзвярэй у машынах. Толькі двое ў форме. Дакажы, што не быў на мяжы! Ну, не быў жа ж! Хадзіў туды і туды, рабіў тое і тое. Сведкаў мае. А і яны маюць сведку, толькі не скажуць, што за асоба, для дабра следства, каб не чапляўся. Найлепш было б, каб падазроны сам прызнаўся да нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы, тады заплаціць штраф у сто злотых, і ўсё будзе ціха. А то чакае яго прынамсі гродскі суд, і агульная няслава.
Яўген Чачэн, цяжка дыхаючы (нядаўна перайшоў траўму лёгкіх расчаўленых у аварыі ў час палявых работ), тлумачыўся, што не меў чаго на тую мяжу ісці, а хтосьці з мясцовых для жарту папятляў на пагранпоясе. Ён сур’ёзны дзядзька пад пяцьдзесятку, гаспадар. Нашто япу такая няслава? Чаго ж яму прызнавацца да таго, што не зрабіў? Прыйшлося падпісваць пратаколы, дзе частку – несваіх слоў – трэба было перакрэсліць. І чакаць, што будзе далей.
Цяпер ходзіць на вёсках легенда пра Яўгена Чачэна. Што ён кур’ер, пераводзіць праз зялёную мяжу азіятаў, а за гэта якія тышчы грабе! Не дарам ён Чачэн! Або што на ягоны хутар можна пад Падкапоўскім перабрацца падземным ходам з самое Беларусі. Сам Яўген ужо дванаццаты раз быў на справе ў Апеляцыйным судзе ў Беластоку, дзе змагаецца з КРУСам: крусаўская юрыстка на Гайнаўскі і Бельскі паветы прабуе даказаць, што траўма зусім няшкодная, хоць усе кансультанты сцвердзілі, што страціў ён у аварыі 20 працэнт свайго здароўя.
– О, уладза! – з сур’ёзнай усмешкай ківае галавою Генік Чачэн, пасівелы ўжо жыхар прыпушчанскай вёскі.
Канчаткова справа, пасля апеляцыйных разбораў у Акруговым судзе, на якія шматлюдна прыбываў квет СМІ, электронных і папяровых, прытым з усяе Польшчы, вярнулася ў Гайнаўку, дзе Яўген Чачэн быў апраўданы. Установа – польская пагранічная служба, павінна была заплаціць за судовыя разборы і адвакату Яўгена, вядома, з дзяржўнай казны. Юрыст Пятро Юшчук, кажуць у народзе, у судах і пракуратуры, – найлепшы ў такіх нетыповых справах.
– О-о-о, нашага чалавека хацелі «залатвіць»! – гучна цешыўся дзядзька з-пад Гайнаўкі, які з прыемнасцю заглянуў у залу Гродскага суда на агучэнне прысуду, каб падзівіцца, як просты беларус бярэ верх над установай, якая несправядліва, беспадстаўна ды загадзя яго абвінаваціла і засудзіла.
Міра Лукша