Ірына Мельнікаў – цана за беларускасьць

1. Год таму, 13 лістапада 2016 г., памерла Ірына Мельнікаў – заснавальніца Беларускага таварыства ў Гданьску ў 1967 г. Ніхто з беларусаў не ведаў пра яе сьмерць, ніхто не прысутнічаў у яе пахаваньні на Гданьскіх могілках Лостовіцэ.

Загадкавыя пытаньні

Хаця перад канікуламі 2016 г. па просьбе яе сябра Алеся Юзэфовіча – яшчэ з 1967 г. і дасюлешняга беларускага актывіста на Памор’і – мы правялі яе пошукі. Алеся занепакоіла даволі даўняя адсутнасьць Ірыны Мельнікаў у царкве падчас нядзельных набажэнстваў. Я яе сустрэла недзе вясной 2013 г. пры Старым горадзе ў Гданьску з экскурсіяй. Ірына была вядомым экскурсаводам па Гданьску, асабліва для нямецкіх і расейскіх турыстаў. Ад дзяцінства валодала рускай і нямецкай мовамі. Пры той нечаканай сустрэчы сказала мне, што пара ўжо канчаць гэтыя экскурсіі, бо ўзрост больш за 80-гадовы. Хаця выглядала вельмі добра, як на свае гады. Потым шмат разоў да яе званіла на хатні тэлефон, каб запрасіць на нейкую беларускую сустрэчу, ці проста пагаварыць пра штодзённыя справы. А тут маўчаньне поўнае, якое не давала спакою не толькі мне. Пошукі перад мінулымі канікуламі выявілі, што Ірына Мельнікаў не жыве пад сваім гданьскім адрасам – там жылі нейкія людзі якія купілі кватэру, але пра яе даўнюю ўласьніцу нічога не ведалі. Для нас гэта было шокам. Аказалася, што выпісалася яна са сваёй кватэры па вуліцы Пястоўскай у Гданьску 18 чэрвеня 2013 г. І нідзе не прыпісалася. Сталася асобай без прапіскі. Падумалі мы, ці не пайшла ў нейкі дом для састарэлых. Абзванілі некалі на Узбярэжжы. Нават пазванілі на Грабарку, каб запытаць, ці яе там няма. Прыходзілі ў галаву найстрашнейшыя думкі, але аказалася, што не было яе і сярод памерлых, што давала надзею, што яна хаця жывая.

І раптам на пачатку 2017 г. пазваніў да мяне старшыня гданьскіх экскурсаводаў Станіслаў Сікора, з пытаньнем, ці я ведаю, што ад лістапада 2016 г. не жыве Ірына Мельнікаў. Яго супрацоўніца, гартаючы старыя газэты, y „Dzienniku Bałtyckim” ад 16 лістапада знайшла нэкралог, пад якім падпісалася сям’я. У ім была інфармацыя: «Z głębokim żalem zawiadamiamy, że 13 listopada 2016 roku odeszła nasza ukochana ś.p. Irena Mielnikow. Pogrzeb odbędzie się 17 listopada 2016 r. o godz. 14.00 na cmentarzu Łostowice w Gdańsku. Pogrążona w smutku  Rodzina”. На жаль, своечасова на дзень перад пахаронамі гэтага нэкралога не прачытаў ніхто з гданьскіх экскурсаводаў ні з беларусаў. Адразу звярнулася я да рэгента гданьскага царкоўнага хору Анатоля Валічэнкі, які ведаў, што Ірына Мельнікаў не жыве, але на пахаваньні не быў, бо якраз хварэў. Параіў мне звязацца з настаяцелем гданьскай праваслаўнай царквы а. Дарафеем Юзьвікам. Бацюшка сказаў, што было такое пахаваньне, але хаваў не ён, але а. Данель. Прытым зазначыў, што ён не ведаў нічога пра нябожчыцу, і верніца, якой сказаў пра пахарон таксама нічога пра яе не ведала. У выніку на пахаваньні амаль нікога не было, бо не ведалі пра яго ні беларусы, ні экскурсаводы. А хто хаваў, якая «сям’я», невядома. Вядома адно, што Ірына Мельнікаў ніякай сям’і не мела. Была самотнай асобай. А бацькі яе даўно памерлі – бацька ў 1970 г., а маці – недзе ў 1974 г.

1967 г. Перад Балтыцкай операй у Гданьску пасля выхаду з царквы. Злева: Ян Шэрынскі, Ірэна Мельнікаў, Мікола Такаюк, Анна Красько, Вольга Сапежка, Рыгор Семеняка, Ірэна Мартузальская

З Гродна ў Гдыню

«Каб не Ірына, не было б у нас ніякага беларускага таварыства» – так усе мне казалі 30 гадоў таму назад, калі прыехаўшы ў Гданьск, знайшла я гданьскіх беларусаў. Насуперак такім сьцьвярджэньням амаль кожнага з іх, Ірына так і заставалася праз доўгі час для мяне незнаёмкай. Калі ў1990-ыя гады я задумала напісаць кнігу пра беларусаў на Гданьскім узбярэжжы, вырашыла усё ж такі з ёй пазнаёміцца. Тэлефон да яе быў у тэлефоннай кніжцы, так што звязацца з ёй было даволі лёгка вячэрняй парой – днямі вадзіла экскурсіі па Гданьску. Пры тым сустракала яе ў Гданьскай царкве. У Беларускае таварыства ў Гданьску не хадзіла, хаця калі мы ў 1992 г. вырашылі стварыць Беларускае культурнае таварыства «Хатка» ў Гданьску прыйшла і стала адной з яго заснавальніц.

Не было лёгка дамовіцца з Ірянай Мельнікаў на ўспаміны пра мінулы час. Пераканала яе да асабістай сустрэчы ў кавярні «Пэлёўскі» ў Гданьску, кажучы, што хачу напісаць кнігу і не ўяўляю гэтага без яе успамінаў. У «ніўскіх» артыкулах пра гданьскіх беларусаў з канца 1960-ых і пачатку 1970-ых гадоў пра Ірыну Мельнікаў не пісалася. Чаму заставалася яна, заснавальніца Беларускага таварыства ў Гданьску па-за ўвагай «ніўскіх» журналістаў, хаця пісалася пра маладзейшых выхадцаў з Беласточчыны, якія актыўна ўключыліся ў яе ініцыятыву і якія гаварылі: «калі б не, Ірына нічога тут не было б»?

Ірына Мельнікаў у адрозненьні ад маладых выхадцаў з Беласточчыны была крыху за іх старэйшай. Паводле афіцыйных дакументаў нарадзілася 9 лютага 1930 г. у Гродне ў інтэлігенцкай сям’і Аляксандра і Натальлі (з дому Дабычын). Аляксандр Мельнікаў, сын Андрэя і Анны Уланавай, народжаны 27 жніўня 1895 г., быў інжынерам армянскай нацыянальнасьці. Дзе і калі вучыўся, як апынуўся ў Гродне, дзе пазнаёміўся з Натальляй Дабычын, невядома. Яна – дачка Пятра і Стэфаніі Пранеўскай – нарадзілася 22 кастрычніка 1897 г. у Гродне. Так прынамсі вынікае з афіцыйных дакумантаў. Паводле слоў Ірыны Мельнікаў маці паходзіла з Крынак, да І сусьветнай вайны закончыла Пецярбургскую кансерваторыю і была «певіцай» Пецярбургскай оперы. Відаць пасьля І сусьветнай вайны сям’я Дабычыных асела ў Гродне, дзе знайшоўся таксама Аляксандр Мельнікаў. Чым там займалася маладое сужонства, ці мелі працу і якую, астаецца пакуль невядомым. У 1938 г. Натальля і Аляксандр Мельнікавы з адзінай дачушкай Ірынай пераязджаюць у Гдыню, якая разбудоўваецца ў вялікі горад, дзе інжынер атрымаў без праблемаў працу і кватэру. Не мелі яны польскага грамадзянства і ў Гдыні жылі на «нансэнаўскіх» пашпартах, як людзі без дзяржаўнай прыналежнасьці. Калі праз год у верасьні 1939 г. у Гдыню ўвайшлі немцы, тыя, што не мелі польскага грамадзянства, не падлягалі ані арыштам, ані дэпартацыі, ані прасьледаваньням са стараны немцаў. Адносна спакойна пражылі ваенны перыяд у Гдыні. Чым займаліся Наталля і Аляксандр Мельнікавы, невядома, але інжынер пэўна быў патрэбны і немцам. Ірына хадзіла ў нямецкую школу і пакуль закончылася вайна, здабыла ў ёй атэстат сталасьці. Сказала мне гэта ў вялікай таямніцы, у адказ на маё пытаньне пра дасканалае веданьне нямецкай мовы. Пасля вайны невыгодна было да гэтага прызнавацца. Магчыма нават, што была яна ў сапраўднасьці старэйшая, бо ж паводле пасьляваенных дакументаў, у 1945 г. мела яна толькі 15 гадоў. Ці магла ў такім узросьце мець атэстат сталасьці, сумняваюся. Паводле дасье Гданьскай бяспекі з 1970 г. Ірына Мельнікаў да 1939 г. жыла ў з бацькамі ў Гдыні-Арлове па вуліцы Інжынерыйнай 16, а пасьля па вуліцы Мар’енбургеншстасэ 108. Там відаць і ў 1945 г. быў арыштаваны пасля ўваходу савецкай арміі яе бацька. Ірына з жудасьцю ўспамінала, як узяўшы яго здымак у рукі, хадзіла па месцах, дзе стаялі часьці савецкай арміі і шукала свайго бацькі. Пошукі аказаліся пасьпяховымі, бацьку ўдалося выкупіць. Пасьля Аляксандр ненавідзеў саветаў і камуністычнай сістэмы да таго ўзроўня, што забараніў жонцы і дачцэ працаваць у дзяржаўных установах новай дзяржавы. Ірына ўспамінала, як ім цяжка жылося пасьля вайны – рабілі з маці на прутках шведры, шкарпэткі і прадавалі іх на базары, і з гэтага жылі. Бацька, відаць, таксама не працаваў, хаця не быў такім старым чалавекам – у 1945 г. было яму толькі 50 гадоў. З дакументаў бясьпекі вынікае, што Мельнікавы жылі ў Гдыні да 1952 г., а пасьля перасяліліся ў Гданьск і пачалі жыць у цэнтры Гданьска па вуліцы Стшэлецкай 6 кв. 3. Дом знаходзіцца побач сьледчага арышту і пасяляліся ў ім пасьля вайны яго супрацоўнікі. Адзінай сям’ёй не звязанай з арыштам былі Мельнікавы. Займалі невялікую кватэру (кухня і пакой) на другім паверсе.

 

Гданьск, вуліца Стшэлецка (Strzelecka) 6/3
і Беларускае таварыства

У кватэры Ірыны Мельнікаў пад такім адрасам пачаліся яднацца беларусы, якія прыехалі на Узбярэжжа перад усім за працай ці навукай у вышэйшых установах, якіх не хапала на Беласточчыне. Падобна было і з працай, а ў Гданьску патрэбныя былі рукі да працы – у суднаверфі, у порце, у будаўнічых прадпрыемствах. Таму моладзь з перанаселеных вёсак Беласточчыны ахвотна сюды ехала. Праўда цяжкавата было з прапіскай ды кватэрамі, але чаго маладому чалавеку трэба, браў валізку ў рукі і ехаў у невядомае шукаць шчасьця і лепшай будучыні. У Гданьску дзейнічала праваслаўная царква, у якую хадзілі выхадцы з Беласточчыны. У пэўным сэнсе яднала яна аднаверцаў падчас нядзельных службаў, але не яднала іх нацыянальна ані культурна. Кожны ішоў пасьля багаслужбы да сябе. А моладзь, якая выходзіла з царквы, знаёмілася паміж сабою, хацела разам праводзіць час. Прыхаджанкай праваслаўнай царквы была і Ірына Мельнікава, якая запрапанавала ім яднаньне на нацыянальным грунце.

 

(Працяг у наступным нумары)
Лена Глагоўская