Сатыра
Доўга смаліў за ўсё жыццё Мікіта Лапуць. Папяросы, цыгарэты, піпку. Бо, кажуць, піпка менш шкодзіць здароўю. Але лекар напалохаў Мікіту: як цыгарэты і папяросы пагражаюць ракам дыхальных шляхоў, так піпка – ракам вуснаў. Але ж, так як кожная выкураная папяросіна скарачае жыццё на восем хвілін, так аж паўгадзіны табе з жыцця забірае паўгадзінная язда на ровары! Але што зробіш, калі засталася табе, скажам, адна тая прыемнасць, нічога, што згубная!.. Але ж, жыць яшчэ хочацца.
Несумненна, кінуць курыць неабходна. Сам я гэта кажу Мікіту ўжо з чвэрць стагоддзя. Спачатку спрабаваў змагацца Мікіта са згубнай заганай адзін, напружваючы ўласную волю. Не змог, хоць на падсвядомасць ціснула свядомасць цэнаў. Пайшоў пасля Мікіта на кадзіраванне па Даўжэнку. Трэба было спачатку, да сеанса, папасціць ад дымка, а да гэтага не стасаваўся Мікіта, таму, пэўна, тая кадзіроўка не памагла. Хоць казалі, што год не пацягнецца ні да піпкі, ні да цыгарэты, яго ўзяла аскома ўжо праз тры дні, і не справіўся з голадам нікаціну. Даведаўся Мікіта, што будуць сустрэчы для курцоў у адвентыстаў па вуліцы Юравецкай у Беластоку, у іхняй капліцы. Усе, хто туды хадзілі, яксьці перамаглі сваю хваробу. Так як і Мікіта слухалі даклады, глядзелі ўнушальныя фільмы пра шкоднасць курэння і красу здаровага ладу жыцця, насілі ў кішэні яйка… Нашто тое яйка? Змагаючыся з ахвотай закурыць, носіць у кішэні, замест пачкі папярос, сырое яйка. Вядома, думае пра яго, прысвячаючы яму не менш часу (каб не пабіць, не падушыць, не запэцкацца) чым цыгарэце, якой мог бы ў кожную хвіліну задаволіць сваю смагу. Пасля тыдня свядомага мучэння з гэтым яйкам, кажуць, людзі свядома кідаюць курэнне. Калі не, могуць яшчэ раз выбрацца на бясплатныя сеансы на Юравецкую. Але, апроч Мікіты Лапуця, усе іншыя, хто туды пайшоў, перасталі курыць.
Урэшце Мікіта, з плачам і енкам папасціўшы два тыдні, яшчэ раз падаўся на напаўгіпнатычны сеанс па Даўжэнку, і закадзіраваўся на паўгода. Затое стаў больш есці. І то не бульбачку, капусту таптаць, а сала ды мяса. Схопіць пута каўбасу ды ўплятае без хлеба. Румяны стаў, аж свеціцца; як то кажуць – чырвоны, то і здаровы. І зацікаўленне да жыцця вярнулася. Часам і нездаровыя зацікаўленні, таксама… не менш шкодныя.
Па ўсім Беластоку новая фірма радаснага праводжання часу разаслала, бачыце, наступную аб’яву: „Цудоўныя дзяўчаты запрашаюць – у нас, у цябе – non stop – незабыўныя хвіліны, фантастычны адпачынак! ПАЗВАНІ! Тэлефон…” У кожную паштовую скрынку ўкінулі, і маладым, і старым, і бабам, і мужыкам, і веруючым, і бязбожнікам. Мікіта схаваў паперку ў кішэню, а там знайшла яе ягоная Адэля. Аб’ела вушы за распусту, дык сапраўды пазваніў. А паненка больш кашуте чым піпка ці папяроса. А і тая прыемнасць – не менш кароткахвілінная, асабліва ў Мікітавым узросце.
Міра Лукша