Kalendarium

Кастрычнік kal– гадоў таму

585 – 27.10.1430 г. памёр вялікі князь Вітаўт (нар. каля 1350).

240 – 7.10.1675 г. у Гузаве нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі, кампазытар. Памёр 15.10.1833 г.

150 – 12.10.1865 г. у Смаленску нарадзіўся Міхал Анцаў, беларускі кампазытар і харавы дырыжор. Памёр у ліпені 1945 г.

130 – 20.10.1885 г. у Вільні нарадзіўся Аляксандар Бурбіс, нацыянальны дзeяч, амбасадар Беларускай Нацыянальнай Рэспублікі ў Маскве. Памёр у 1922 г.

125 – 19.10.1890 г. у мястэчку Брагін Рэчыцкага павету нарадзіўся Сяргей Палуян (пам. 20.04.1910), публіцыст, празаік, літаратуразнавец часоў „Нашай нівы”.

125 – 26.10.1890 г. у вёсцы Летнікі Дзісьненскага павету нарадзіўся Янка Пачопка, беларускі аграном і публіцыст. Супрацоўнічаў з „Нашай нівай”, „Калосьсем”, „Сялянскай нівай”, „Хрысьціянскай думкай”. З 1925 г. рэдагаваў двухтыднёвік „Праваслаўны беларус”. Памёр 26.05.1977 г. у Малінаўцы на Глыбоччыне.

125 – 27.10.1890 г. у Шутовічах Ашмянскага павету нарадзіўся кс. Віктар Шутовіч, беларускі ксёндз. Быў пасьвячаны ў 1913 г. у Вільні. Пачаткова служыў у Барадзенічах Браслаўскага павету. Суджаны польскімі ўладамі за казані на беларускай мове. Быў на парафіях у Лідзе, Тшцянным. З 1932 г. вікары і прэфэкт у Харошчы каля Беластоку. 26.01.1945 г. арыштаваны саветамі, прысуджаны на 10 гадоў турмы, звольнены 20.03.1955 г. Атрымаў парафію ў Барысаве, там памёр 1.03.1960 г.

115 – 17.10.1900 г. нарадзіўся Ібрагім Гембіцкі (пам. 1.01.1974), беларускі графік.

95 – 2.10.1920 г. у Гародні выйшаў з друку першы нумар газэты „Беларускае слова”.

95 – 18.10.1920 г. закончыліся ваенныя дзеянні паміж Польскім войскам і Чырвонаю арміяй.

95 – 25.10.1920 г. ген. Станіслаў Булак-Балаховіч разам з 15 тыс. жаўнераў перасек часовую мяжу, прыступіў да змаганьня з Чырвонаю арміяй. 10.11.1920 г. здабыў Мазыр ды абвясьціў незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. У выдадзеным маніфэсьце ўрад БНР, які ўзначаліў Вячаслаў Адамовіч заклікаў да змаганьня за незалежную Беларусь. Абвясьціў падзел вялікай зямельнай маёмасьці на тэрыторыі дзяржавы.

85 – 2.10.1930 г. у Гародні быў надрукаваны першы нумар грамадзка-культурнага часопісу „Беларуская думка”. Выдаваўся да 1932 г.

70 – 15.10.1945 г. пачала свой першы год працы Беларуская гімназія ў ДП-лягеры ў Ватэнштаце (Нямеччына). Дырэктарам школы быў Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч).

65 – 15.10.1950 г. у Саўт-Рывэры (ЗША) а. Мікалаем Лапіцкім і Сьвятаславам Коўшам было заснавана Аб’яднаньне праваслаўных беларусаў.

40 – у кастрычніку 1975 г. у Нью Ёрку выйшаў з друку першы нумар беларуска-ангельскага часопісу „Bielarussian Times”. Рэдактарам быў Расьціслаў Гарошка.

Апрацавалі Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы

5 Comments

Comments are closed.