Календарыюм (03/2017)

Шчыра ўсіх вітаем з най­большым беларускім нацыянальным сьвятам, Днём Незалежнасьці Беларусі – 99-мі ўгодкамі Акту 25 Сакавіка! Калектыў „Ч”

Сакавік – гадоў таму

950 – 3.03.1067 г. адбылася бітва на рацэ Нямізе (прыток Сьвіслачы ў межах Менску) паміж войскамі кааліцыі князёў Кіеўскай Русі (Яраславічаў) і войскамі полацкага князя Усяслава Брачыславіча. Яраславічы захапілі Менск, пасеклі ўсіх мужчын, а жанчын ды дзяцей узялі ў палон. Абшырна пра гэтую бітву пісаў летапісец, аўтар „Слова аб паходзе Ігаравым”.

490 – у 1527 г. у Тураве нар. Канстанцін Васіль Астрожскі – сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх (пам. 21.03.1608 г.), выдатны дзяржаўны і рэлігійны дзеяч Рэчы Паспалітай. Адзін з найбагатшых тагачасных магнатаў, яму належала 25 гарадоў, 10 мястэчак і 670 вёсак. Вялікі апякун праваслаўя ў РП, асабліва пасьля берасьцейскай уніі (1596 г.). Заснавальнік Астрожскай акадэміі, школ у Слуцку і Тураве, друкарні, выдавец „Астрожскай Бібліі”, апякун беларускіх кнігадрукароў Івана Фёдарава і Грыня Івановіча. Удзельнічаў у задушэньні сялянска-казацкіх паўстаньняў, якімі кіравалі К. Касінскі. С. Налівайка.

405 – 19.03.1612 г. памерла ў Слуцку Соф’я Алелька-Радзівіл (нар. у 1585 г.), жонка Януша Радзівіла. Змагалася за абарону праваслаўя перад уніяй. Пахаваная ў Слуцкім Сьвятатроіцкім манастыры.

240 – 5.03.1777 г. у Гарадку на Віцебшчыне нар. Юзаф Маралёўскі, паэт і пэдагог. Закончыў езуіцкі калегіюм у Оршы, з 1794 г. настаўнічаў у езуіцкіх калегіюмах у Мсьціславе, Магілёве, Полацку, у 1814 – 1818 гг. кіраваў Полацкай Акадэміяй. Памёр 12.08.1845 г. на Валыні.

205 – 4.03.1812 г. у Варшаве памёр Іаахім Ігнацый Юзаф Літавор Храптовіч (нар. 4.01.1729 г. у Ясеньцу на Наваградчыне), палітычны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, уладальнік маёнткаў Шчорсы на Наваградчыне і Вішнева на Ашмяншчыне; з 1765 г. маршалак Галоўнага Трыбунала ВКЛ, з 1793 г. канцлер ВКЛ, дзеяч Адукацыйнай Камісіі, уладальнік вялікай бібліятэкі (больш за 10 тыс. кніг).

165 – 15.03.1852 у г. Усьвяты на Віцебшчыне нар. Аляксей Сапуноў (пам. 2.10.1924 г. у Віцебску), гісторык, першы выдатны дасьледчык Віцебшчыны.

155 – 20.03.1862 г. у мяст. Халопенічы Бабруйскага павету нар. Адам Багдановіч (пам. 16.04.1940 г. у Яраслаўі), фальклярыст, этнограф, мовазнавец, гісторык культуры, дзеяч Народнай Волі, бацька выдатнага паэта Максіма Багдановіча. Шматлікія ягоныя працы былі апублікаваныя друкам, як напрыклад „Этнічны склад народаў славянскіх і рускіх”, „Этнічны склад беларускага народу”.

145 – 11.03.1872 г. у Жыровіцах памёр Плакід Янкоўскі (John of Dycalp – нар. 20.09.1810 г. у Вайской каля Каменца), пісьменьнік і рэлігійны дзеяч; у 1818 – 1824 гг. вучыўся ў Сьвіслацкай гімназіі, у 1830 г. закончыў Віленскі унівэрсытэт. Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай сэмінарыі. Сьпярша быў вуніяцкім сьвятаром, а пасьля скасаваньня уніі стаў праваслаўным.

135 – 22.03.1882 г. у Будславе Вілейскага павету нар. Эдуард (Эдзюк) Будзька (пам. 14.08.1958 г. у Чыкага), выдатны грамадзкі ды нацыянальны дзеяч, паэт, выдавец, публіцыст. З 1906 г. пастаянна друкаваўся ў „Нашай Ніве”. У 1918 г. быў адным з арганізатараў у родным Будславе беларускай гімназіі. Дзеяч шматлікіх арганізацыяў, беларускага каапэратыўнага руху. З 1944 г. у эміграцыі, пачаткова ў Нямеччыне, потым у ЗША. Зьяўляўся сябрам Рады БНР.

130 – 19.03.1887 г. памёр у Жэнэве Юзаф Ігнацы Крашэўскі (нар. 28.07.1812 г. у Варшаве), пісьменьнік, аўтар каля 600 твораў. Дзяцінства правёў у родавым маёнтку Доўгае каля Пружанаў, вучыўся ў Сьвіслацкай гімназіі і Віленскім унівэрсытэце. Пасьля студзеньскага паўстаньня вымушаны эміграваць.

125 – 8.03.1892 г. у в. Дукоркі Ігуменскага пав. Мінскай губ. нар. Аляксандр Чарвякоў, беларускі савецкі палітычны дзеяч. Адзін з заснавальнікаў БССР, першы народны камісар асьветы БССР. 16.06.1937 г. падчас перапынку 16-га зьезду КП(б)Б каб пазьбегчы арышту, пакончыў жыцьцё самагубствам (застрэліўся).

99 – 25.03.1918 г. у Менску была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

95 – 18.03.1922 г. у в. Апечкі Стаўпцоўскага пав. нар. Васіль Шчэцька, грамадзкі, царкоўны дзеяч у ЗША. Выпускнік Лювэнскага Унівэрсытэту ў Бэльгіі (1955 г.), член рэдакцыі беларускага моладзевага часопісу „Наперад”. Памёр 27.05.2011 г. у ЗША .

90 – 7.03.1927 г. выйшаў у Вільні першы нумар тыднёвіка „Беларускі Дзень”. Рэдактарам і выдаўцом быў Францішак Умястоўскі. Выдаваўся на працягу двух гадоў.

90 – 17.03.1922 г. у Вільні нар. Лявон Луцкевіч, сын Антона Луцкевіча, абсальвент Віленскай Беларускай Гімназіі, рэпрасаваны пасля ІІ сусветнай вайны. Быў адным з беларускіх дзеячаў у Вільні, якія адраджалі там беларускасць пасля распаду Савецкага Саюза. Вёў беларускія праграмы на літоўскім радыё, напісаў кнігу пра беларускія мясціны ў Вільні „Вандроўкі па Вільні”. Памёр 28.07.1997 г. у Вільні, пахаваны на Росах.

90 – 21.03.1927 г. было падпісана польскімі дзяржаўнымі ўладамі абяшчэньне пра дэлегалізацыю Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады.

90 – 30.03.1927 г. выйшаў у Вільні з друку першы нумар газэты  грамадаўскай плыні „Наша Праўда”, якой фармальным рэдактарам быў С. Татарын. Апошні, 50. нумар выданьня з прычыны закрыцьця дзяржаўнымі ўладамі паявіўся 24.09.1927 г.

75 – 10.03.1942 г. у Мсьціславе нар. Міхась Ткачоў (пам. 31.10.1992 г. у Менску), археоляг, настаўнік, актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху (між іншым член кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту, старшыня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады). Даследаваў матэрыяльную культуру Беларусі, суаўтар кніг „Нарысы па археалёгіі Беларусі”, „Гісторыя беларускага мастацтва”.

75 – 23.03.1942 г. на перасыльным пункце ў Аткарску (Саратаўская вобласць) памёр Антон Луцкевіч (нар. 30.01.1884 г.), адзін з пачынальнікаў беларускага адраджэння і беларускай дзяржаўнасці у пачатку ХХ ст.

60 – 24.03.1957 г. у в. Мокрэ каля Бельска нар. Юрка Баена, пісьменьнік, настаўнік, член Беларускага Літаратурнага Аб’яднаньня „Белавежа”. Віншуем!

30 – 21.03.1987 г. памёр у Менску Адам Русак (нар. 24.05.1904 г. у Пясочным каля Копыля), паэт і саліст, аўтар вядомай песьні „Бывайце здаровы”. Пахаваны ў Пясочным.

30 – 27-29.03.1987 г. адбыўся І Зьезд Беларускіх Студэнтаў у Бельску. У Зьезьдзе ўдзельнічала больш за 170 студэнтаў-дэлегатаў з розных акадэмічных цэнтраў Польшчы, выпускнікоў сярэдніх школаў. Адыграў ён вялікую ролю ў фармаваньні беларускага студэнцкага руху ў Польшчы, між іншым была прынята пастанова пра стварэньне ды юрыдычную рэгістрацыю Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў.

25 – 14.03.1992 г. пам. у эміграцыі Уладзімір Цьвірка (нар. 2.01.1928 г. у Міры), грамадзкі дзеяч, журналіст. Выпускнік Лювэнскага Унівэрсытэту ў Бэльгіі (1954 г.), зьяўляўся галоўным рэдактарам беларускага моладзевага часопісу „Наперад”. Прымаў удзел у палітычнай дзейнасьці Рады БНР.

20 – 9.03.1997 г. у новазаснаваным Тэлебачаньні Беласток адбыўся першы выпуск праграмы пра нацыянальныя меншасьці „Самі пра сябе”, а ў ім 11-хвіліннай беларускай часткі.

Апрацавалі Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы