Календарыюм (06/2017)

Чэрвень – гадоў таму

950– пад 1067 г. у летапісах упамінаюцца Менск і Рша (Орша).

530 – каля 1487 г. быў створаны ўнікальны летапісны звод – Радзівілаўскі летапіс, упрыгожаны 618 каляровымі мініяцюрамі.

445 – 23.06.1572 г. уКнышыне на Беласточчыне памёр Зыгмунт Аўгуст (нар. 1.08.1520 г.), апошні кароль Польшчы ды Вялікі князь літоўскі з роду Ягелёнаў.

315 – 13.06.1702 г. нар. князь Міхал Радзівіл (пам. 15.05.1762 г.), гетман ВКЛ, аднавіў нясьвіжскую сядзібу роду. Заснаваў на беларускіх землях шэраг мануфактураў (м. інш. па выпуску слуцкіх паясоў), прафесіянальны тэатр, аркестр народных беларускіх інструмантаў.

260 – 3.06.1757 г. у Несьвіжы пам. Ян Пашакоўскі (нар. у1684 г.), пэдагог і выдавец. Вучыў сыноў Міхала Радзівіла-Рыбанькі, на працягу 1737-1749 гг. выдаў у Вільні 20 „Палітычных каляндарыкаў”, якія запачаткавалі пэрыядычны друк у Вільні.

240 – 24.06.1777 г. у Крывічах Вялейскага пав. нар. Ян Ходзька (Барэйка, Jan ze Świsłoczy), пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзеяч. Памёр 10.11.1851 г. у Менску.

205 – 24.06.1812 г. пераправа войск Напалеона І цераз раку Нёман, пачатак вайны з Расіяй.

175 – 6(18).06.1842 г. у Гродне нар. Ягор Замыслоўскі, гісторык, археограф, пэдагог. Выкладаў гісторыю Расіі ў Пецярбургскім унівэрсытэце, з 1888 г. член карэспандэнт Акадэміі Навук. Памёр 9(21).05.1896 г. у Пецярбурзе.

155 – у чэрвені 1862 г. выйшаў, праўдападобна надрукаваны ў  Беластоку, першы нумар „Мужыцкай праўды” – першай, нелегальнай, рэвалюцыйнай газэты на беларускай мове. Было выдадзеных сем нумараў.

150 – 14.06.1867 г. у Рэчыцы нар. Мітрафан Доўнар-Запольскі, гісторык, этнограф, фальклярыст, пэдагог. Зьбіраў, публікаваў ды вывучаў творы беларускай народнай творчасьці. Займаўся гісторыяй Беларусі, аўтар м. інш. грунтоўнай працы „Гісторыя Беларусі”. Памёр 30.09.1934 г. у Маскве.

145 – 4.06.1872 г. у Варшaве памёр Станіслаў Манюшка (нар. 5.05.1819 г. у фальварку Убель на Меншчыне), кампазытар, дырыжор і пэдагог, аўтар вядомых опэр „Галька”, „Страшны двор”. Пачатковую адукацыю атрымаў у Дамініка Стэфановіча ў Менску. З  840 г. быў арганістам і дырыжорам у Вільні, у 1858-1872 гг. – дырыжорам і дырэктарам опэрнага тэатру, прафэсарам Музычнага Інстытуту ў Варшаве. У творчасьці выкарыстоўваў беларускі фальклёр.

120 – 16.06.1897 г. у Межаве Полацкага пав. нар. Аляксандар Шлюбскі, літаратуразнавец, этнограф, фальклярыст, бібліёграф. Закончыў Віцебскае аддзяленьне Маскоўскага археаграфігічнага інстытута (1922), удзельнічаў у арганізаваньні архіваў у Веліжы, Оршы, Полацку, Віцебску, з 1923 г. – у Інбелкульце, з 1929 г. – у Інстытуце гісторыі АН БССР. У 1930 г. арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў ссылкі ў Ніжні Ноўгарад, у 1935 г. – арыштаваны паўторна і асуджаны на 3 гады лагернага зьняволеньня. Далейшы яго лёс невядомы.

110 – 22.06.1907 г. у Дынабургу нарадзілася Вольга Пракаповіч, мастачка. Вучылася на факультэце мастацтва Віленскага ўнівэрсытэта, праектавала вокладку часопіса „Калосьсе”. Паваенны яе лёс невядомы.

110 – 24.06.1907 г. нар. Іосіф Зазека, пісьменьнік, навуковец, пэдагог. Быў м. інш. выкладчыкам у Беластоцкім Пэдагагічным Інстытуце ў 1940-1941 гг.. Памёр 27.08.1977 г. у Менску.

105 – 19.06.1912 г. у мястэчку Радунь Лідзкага пав. нар. Пятро Бітэль, паэт, перакладчык, краязнавец, настаўнік. У 1950-1956 гг. зьняволены ў лагерах Сібіры і Казахстана, дзе пераклаў на беларускаю мову „Пана Тадэвуша”
А. Міцкевіча. Памёр 18.10.1991 г. у Вішневе.

100 – 10.06.1917 г. у Менску выйшаў першы нумар газэты „Вольная Беларусь” пад рэд. Язэпа Лёсіка.

90 – 7.06.1927 г. Барыс Кавэрда, супрацоўнік „Беларускага Слова”, забіў у Варшаве савецкага пасла Пятра Войкова.

80 – 16.06.1937 г. у выніку абвінавачаньня ў антысавецкай і контррэвалюцыйнай дзейнасьці пакончыў жыцьцё самагубствам Аляксандр Чарвякоў (нар. 8.03.1892 г. у Дукоры на Меншчыне), дзяржаўны дзеяч Беларусі, у 1920-1924 гг. старшыня ЦВК і СНК БССР.

80 – 21.06.1937 г. з вакна будынку Народнага Камісарыята Унутраных Спраў БССР у Менску выкінуўся Мікалай Галадзед (нар. 21.05.1894 г. у Старым Крыўцы каля Новазыбкава), дзяржаўны дзеяч БССР, у  927-1937 гг. старшыня СНК БССР. 14.06.1937 г. арыштаваны ў Маскве і накіраваны ў Менск.

75 – 5.06.1942 г. у Ракаве нар. Вячаслаў Рагойша, літаратуразнавец і перакладчык, аўтар шэрагу манаграфіяў па тэорыі, практыцы і гісторыі беларускай літаратуры. Віншуем!

75 – 28.06.1942 г. у Маскве трагічна загінуў Янка Купала (Іван Луцэвіч), беларускі пясьняр, клясык беларускай літаратуры.

65 – 4.06.1952 г. у ЗША пам. Язэп Варонка (нар. 16.04.1891 г. у Сакольскім пав.), беларускі палітычны дзеяч, адзін з удзельнікаў абвяшчэньня БНР, старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі ў 1918 г., міністр беларускіх спраў у Літве да красавіка 1920 г., у 1923 г. выехаў у ЗША (Чыкага), дзе дзейнічаў у беларускіх арганізацыях.

60 – 18.06.1957 г. у Маскве памёр Вітальд Бялыніцкі-Біруля (нар. 29.02.1872 г. у Крынках каля Бялыніч), жывапісец-пэйзажыст, у 1889-1896 гг. вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідзтва. Пахаваны на Новадзевічых могілках у Маскве.

50 – 8.06.1967 г. у Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёну адкрыты філіял музэя Якуба Коласа.

35 – 11.06.1982 г. у Менску памёр Рыгор Семашкевіч (нар. 12.09.1945 г. у Дамашах Маладзечанскага раёна), пісьменьнік і літаратуразнавец, аўтар працы „Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе” (1971).

25 – 22.06.1992 г. у Лембарку на Памор’і памёр Аўген Бартуль (нар. 26.02.1908 г. у Пецярбурзе), дзеяч Беларускага Студэнцкага Саюза (1927-1931), паэт і публіцыст. У 1931 г. закончыў права ў Віленскім унівэрсытэце. Судовую аплікацыю рабіў у Берасьці. З 1936 г. працаваў судзьдзёй у Ашмянах, Яшунах, а з 1937 г. у Лунінцы (з 1938 г. быў там кіраўніком Гродзкага суда). Падчас ІІ сусьветнай вайны ў Вільні, Варшаве і ў Кракаве. Пасьля вайны атрымаў накіраваньне на працу судзьдзі ў Лембарк на Памор’і, дзе да 1951 г. быў кіраўніком Гродзкага суда. З 1951 г. працаваў натарусам у Дзяржаўным натарыяльным бюро ў Лембарку. Пра яго лёс чытайце ў гэтым нумары.

25 – 23.06.1992 г. у Варшаве быў падпісаны старшынёй Вышэйшай Рады Рэспублікі Беларусь Станіславам Шушкевічам і прэзыдэнтам Рэчыпаспалітай Польскай Лехам Валэнсам польска-беларускі Трактат пра добрае суседзтва і сяброўскае супрацоўніцтва

25 – 25.06.1992 г. Ваяводзкі суд у Беластоку зарэгістраваў Праграмную Раду тыднёвіка „Ніва” (выдаўца тыднёвіка Беларусаў у Польшчы „Ніва”), у якую ўвайшлі прадстаўнікі Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў, Беларускага Літаратурнага Аб’яднаньня „Белавежа”, Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднаньня, Асацыяцыі Беларускіх Журналістаў і Зьвязу Беларускай Моладзі.

 

Апрацавалі
Лена Глагоўская і Вячаслаў Харужы