765– 1252 г., першыя летапісныя зьвесткі пра гарады Наваградак (Новогородок), Слонім (Услоним, Вислоним), Ваўкавыск (Волковыеск).
695 – У 1322 г. дружыны Гарадзенскага княства (у склад якога тады ўваходзіла ўсходняя Беласточчына) на чале з князем Давыдам Гарадзенскім разграмілі пад Псковам нямецкіх і дацкіх рыцараў.
615 – 1402 г., апошняя аблога крыжакамі Гарадзенскага замку.
515 – 1502 г., разбурэньне горада Турава крымскімі татарамі.
450 – У верасьні 1567 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з Р. Сангушкам разбілі 9-тысячную маскоўскую армію. Штурмам узялі замак Улу каля Полацка.
210 – 18.09.1807 г. у Вільні памёр Францішак Смуглевіч, мастак, аўтар карцін на гістарычныя тэмы, партрэтаў, размалёвак у касьцёлах і цэрквах Беларусі (нар. 6.10.1745 г. у Варшаве). Жывапісу вучыўся ў бацькі і ў Шымана Чаховіча, у Рыме ў А. Марона і ў Акадэміі сьв. Лукі; у 1797–1807 гг. прафэсар жывапісу і малюнку ў Віленскім унівэрсытэце, дзе аформіў залу бібліятэкі. Яго вучнямі былі м. інш.: Язэп Аляшкевіч і Язэп Пешка.
155 – 15.09.1862 г. у Вільні памёр Уладыслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч), паэт і публіцыст (нар. 29.09.1823 г. у Смольгаве Бабруйскага пав.). Жыў і пісаў у фальварку Залучча Наваградзкага пав. (1844 – 1852), потым у Барэйкаўшчыне на Віленшчыне (з 1852 г.).
130 – У 1887 г. быў надрукаваны першы падручнік і слоўнік мовы эспэранта, аўтарства ўраджэнца Беластоку Людвіка Заменгофа.
125 – 30.09.1892 г. нар. Зоська Верас (сапр. Людвіка Сівіцкая, па мужу Войцік, пам. 8.10.1991 г.), выдатная грамадзка-культурная дзеячка, пісьменьніца. Нарадзілася ў Мяджыбажы Падольскай губ. (Украіна), аднак сваёй радзімай лічыла фальварак Альхоўнікі каля Новага Двара на Беласточчыне. Друкавацца пачала з 1907 г., была пастаянным карэспандэнтам „Нашай Нівы”. Падчас вайны дапамагала бежанцам, потым удзельнічала ў выданьні заходнебеларускіх газэт. Была рэдактарам дзіцячых часопісаў „Заранка” (1927-1931), „Пралескі” (1934-1935) ды таксама селькагаспадарчых „Беларуская борць”, „Беларуская Ніва”. Апрацавала беларуска-польска-лацінскі батанічны слоўнік, пісала вершы, апавяданьні.
105 – 17.09.1912 г. у в. Пількаўшчына на Вілейшчыне нар. Максім Танк (сапр. Яўген Скурко, пам. 7.08.1985 г. у Менску), паэт і грамадзкі дзеяч. Горача ўсхваляў камунізм. Друкаваўся з 1932 г. Першыя кніжі выйшлі ў Вільні („На этапах” – 1936; „Журавіны цьвет” – 1937), паэмы: „Нарач” (1937), „Кастусь Каліноўскі” (1938). Часта бываў на Беласточчынне.
95 – 15.09.1922 г. у Менску была заснавана Нацыянальная Бібліятэка Беларусі.
95 – 17.09.1922 г. у Сіняўскай Слабадзе на Наваградчыне нар. Уладзімір Калесьнік, літаратуразнавец і пісьменьнік. Памёр 15.12.1994 г.
90 – 3.09.1927 г. у Канюхах на Меншчыне нар. Алесь Адамовіч, пісьменьнік і літаратуразнавец,
адзін з пачынальнікаў нефармальнага руху ў Беларусі ў 80-ыя гг. ХХ ст. Жыў у Маскве. Памёр 26.01.1994 г.
80 – 5.09.1937 г. расстраляны Анатоль Дзяркач (сапр. Зіміёнка), паэт і перакладчык (нар. 18.04.1887 г. у Турцы на Наваградчыне). Працаваў рэдактарам у газэтах „Беларуская вёска”, „Піянер Беларусі”, „Дубінка”. Напісаў працу „Интервенция и оккупация в Белоруссии” (Москва 1932). 16.10.1936 г. быў арыштаваны.
80 – 14.09.1937 г. расстраляны Сяргей Астрэйка, паэт (нар. 9.07.1912 г. у Каласоўшчыне на Меншчыне). Дэбютаваў у 1928 г., у 1932-1933 гг. працаваў у слоўнікавай камісіі ў АН БССР; у 1933 г. быў арыштаваны і сасланы ў Ірбіт Сьвярдлоўскай вобл., у 1937 г. быў арыштаваны паўторна.
80 – 28.09.1937 г. расстраляны Уладыслаў Галубок, беларускі драматург і акцёр (нар. 15.05.1882 г. на станцыі Лясная каля Баранавіч). У 1920 г. стварыў Беларускі вандроўны тэатр, у 1932 г. перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны тэатр-3, які быў закрыты ўладамі ў 1937 г., а яго кіраўнік і акцёры арыштаваныя.
45 – 1.09.1972 г. асьветныя ўлады Польскай Народнай Рэспублікі ліквідавалі 9 апошніх беларускіх школаў (зь беларускай мовай навучаньня) у Бельскім і Гайнаўскім паветах. Сталася так па просьбе Галоўнага Праўленьня Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства, якую падпісалі старшыня арганізацыі Міхась Хмялеўскі і сакратар Янка Зенюк.
Апрацавалі
Лена Глагоўская
і Вячаслаў Харужы