«ЧП на поўдні Беларусі: караед прыйшоў з Украіны і Польшчы, заражаныя не менш за 6000 гектараў лесу!» – абвяшчае беларуская прэса. З такой масавай гібеллю соснаў леснікі сутыкнуліся ўпершыню. Першымі забілі трывогу ў Лельчыцкім і Мілашэвіцкім лясгасах. Да сярэдзіне ліпеня паражаны тэрыторыі ў Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях складаюць не менш за 6000 гектараў. Літаральна пару месяцаў таму тут быў здаровы лес, прыгожыя насаджэнні. Пачалося ўсё з паражэння сасны, потым усё дрэва становіцца рудое. За тры тыдні ўся ігліца ападае. Прычына гэтак імклівай гібелі лесу – ствалавыя шкоднікі. Вяршынны і шасцізубчаты караеды працуюць у тандэме: адны паражаюць ніжнюю частку ствала, другія – верхавіну дрэва. Вынік такога супрацоўніцтва – стоадсоткавая гібель хвоі. Тры гады засухі на поўдні Беларусі аслабілі дрэвы настолькі, што яны няздольныя супрацьстаяць шкоднікам. Большую частку жыцця караеды праводзяць ўнутры ствала, таму апрацоўка лясоў хімікатамі ў барацьбе з імі беспаспяховая. Выратаваць беларускія сасновыя лясы могуць толькі суцэльныя санітарныя рубкі, – лічаць леснікі. – Толькі на Гомельшчыне да 1 жніўня трэба будзе высечы 4000 гектараў лесу. Для таго, каб спыніць рост ачагоў, заражаны лес трэба не толькі аператыўна высякаць і вывозіць, але і канчаткова паліць драўняныя рэшткі. Праца каласальная. Па словах намесніка кіраўніка ляснога ведамства Леаніда Дзямяніка, караед прыйшоў у Беларусь з Польшчы і Украіны. Лес у суседніх краінах казуркі-шкоднікі пачалі пашкоджваць каля трох гадоў таму. Справіцца з праблемай канчаткова там яшчэ не змаглі, – перадавала tut.by. Спецыяліст распавёў, што караед пашкоджвае толькі слабыя дрэвы. Здаровая хвоя сама ў стане справіцца з шкоднікамі. Яна выпрацоўвае жывіцу і «засмаляе» насякомых. Зараз у польскай частцы Белавежскай пушчы ідзе высечка дрэў, супраць чаго актыўна выступаюць мясцовыя эколагі, а таксама еўрапейскія структуры. Польскія ўлады называюць меру вымушанай, тлумачачы, што прычынай стала беспаспяховая барацьба леснікоў з жуком-караедам, знішчаючым дрэвы.
Караед-тыпограф акупаваў больш за 429 гектараў, у тым ліку 31 у запаведнай зоне ў беларускай частцы Белавежскай пушчы. Каб не дапусціць прагрэсаванне дадзенага віду ў Нацыянальным парку штогод праводзяць лесаахоўныя мерапрыемствы па вывучэнні ўплыву насякомых шкоднікаў на іглічныя і лісцяныя пароды дрэў.
«Паднагляднымі» ў Белавежскай пушчы ў мінулым годзе былі 11 відаў такіх насякомых. Гэта сасновы шаўкапрад, звычайны сасновы пільшчык, рыжы сасновы пільшчык, манашанка, няпарны шаўкапрад, зімовая пядзенікі, зімовая дубовая ліставёртка, хваёвая соўка, зімуючы пабегаўюн, гадовы пабегаўюн і караед-тыпограф», – паведамілі ў аддзеле аховы лесу Нацыянальнага парка Белавежская пушча. Акрамя гэтага з 2017 г. у 15-лясніцтвах Белавежскай пушчы назіраюць за новым відам – вяршынным караедам. Для вывучэння колькасці караеда-тыпогрофа і вяршыннага караеда ўжываецца 860 пастак.
Белавежская пушча перажывае нашэсце караеда, але высечка заражаных дрэў забаронена. З 2013 года, пасля амаль дзесяці адносна спакойных гадоў, ідзе новая хваля нашэсця караеда-тыпографа, яго колькасць расце.
Цяперашні год можа стаць пікавым. «У мінулым годзе ў ферамонных пастках мы налічылі ў два разы больш караедаў-тыпографаў, чым у мінулым, – кажа інжынер-лесапатолаг Алена Дзямянчык. – З улікам адносна цёплай зімы можна выказаць здагадку, што жук шчасна перазімуе»…
Невялікі жучок усяго каля 5 міліметраў даўжынёй ужо не раз станавіўся прычынай гібелі яловых лясоў на вялікіх плошчах. Складаная сітуацыя і на гэты раз. Аднак высечка заражаных дрэў у запаведнай зоне забароненая.
Васіль Філімонаў, галоўны ляснічы Нацыянальнага парка «Белавежская пушча»:
– Вось бачыце, калі ён распаўсюджваецца, мае такія хады, па хадах і разыходзіцца. Калі мы іх адкрыем, драўніна ўжо ўся ім апрацавана. Бачым муку-пілавінне, караед ужо зрабіў сваё. Яшчэ некалькі месяцаў таму гэтая стогадовая елка была цалкам здаровая. Але за кароткі час караед-тыпограф літаральна з’еў дрэва знутры. Агмень шкоднікаў знаходзіцца ў запаведнай частцы Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», там ссякаць нават хворае дрэва строга забаронена. Вось такі мёртвы лес, як пасля буралому, пакідае пасля сябе невялікі жучок на тысячы гектараў елі. Практычна ўсе ельнікі ў такім стане, яны небяспечныя. Караед іх апрацуе, яны высыхаюць і праз год-два пачынаецца аблом у выніку ветру. На адным толькі ствале можа быць да 100 тысяч караедаў. Заражаны лес быццам бы шамаціць ад такой колькасці насякомых! Падобныя ўспышкі іх колькасці могуць набываць пагрозлівыя маштабы. Таму падступны шкоднік заўсёды пад пільным наглядам навукоўцаў.
Дзмітрый Бярнадскі, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парка «Белавежская пушча»: – Цяпер апошняя ўспышка караеда-тыпографа не з’яўляецца самай буйной, самай масавай. Мабыць, рэкордам для пушчы было ўсыханне ельнікаў у пачатку 2000-х гадоў. Тады елка была раз’едзена на плошчы 20 тысяч гектараў. Траціна ўсіх вялікавяковых лясоў Белавежскай пушчы была з усыхаючай ялінай. У пушчы з караедам вядуць актыўную барацьбу, але толькі на тэрыторыі гаспадарчай часткі. І нават на такіх участках парка робяць гэта вельмі далікатна.
Васіль Філімонаў: Санітарна-аздараўленчыя мерапрыемствы – гэта не значыць, што трэба чыста ссекчы дрэвы. Ёсць і іншыя мерапрыемствы: біялагічныя, вывешванне прынад, выкладка лоўчых дрэў і выбарка свежанаселеных дрэў. Ці высякаць гінучыя дрэвы, ці чакаць пакуль караед знішчыць яшчэ тысячы елак? – адназначнага адказу на гэтае пытанне пакуль няма. У любым выпадку ўмешвацца ва ўнікальную экасістэму Белавежскай пушчы спецыялісты не спяшаюцца. Мяркуюць, што здаровыя дрэвы могуць і самі справіцца з падступным шкоднікам.
Агульная плошча Белавежскай пушчы, якая знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА – 140 тысяч гектараў: 60 тыс. у Польшчы і 80 тыс. – у Беларусі. На польскай тэрыторыі толькі 10,5 тыс. гектараў адведзена пад Белавежскі нацыянальны парк, дзе забаронена ўмяшанне чалавека ў прыроду і вядуцца навуковыя працы. Астатнія землі належаць Дзяржаўным лясам. Сістэма кіравання пушчай у Беларусі адрозніваецца ад польскай. Запаведнікам тут абвешчаныя ўсе 80 тыс. гектараў. «Гэтая тэрыторыя і яшчэ 70 тыс. гектараў прылеглых лясгасаў маюць статус Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», – тлумачыць намеснік кіраўніка Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» па навукова-даследчай працы Васіль Арнольбік. – Акрамя запаведнай зоны ў парку выдзелены яшчэ тры: рэгуляванага карыстання, рэкрэацыйная і гаспадарчая. У іх і перанесена ўся наша гаспадарчая актыўнасць. Але нават пры санітарных высечках мы не знішчаем векавыя лясы, уборка сухастою дапускаецца толькі на турыстычных маршрутах». Васіль Арнольбік падзяляе ўпэўненасць праціўнікаў дзеянняў польскіх уладаў у тым, што высечкі лесу супярэчаць натуральным прыродным працэсам. А галоўная праблема, на яго погляд, заключаецца ў тым, што ў Беларусі і Польшчы да гэтага часу няма скаардынаванага плана кіравання ўсёй тэрыторыяй Белавежскай пушчы як адзінага аб’екта ЮНЕСКА. «Мы ў адной звязцы, – кажа Арнольбік, – і калі Польшчу пакараюць за павелічэнне ліміту высечак, то наступствы закрануць і беларускую тэрыторыю».
Шкоднік адчувае сябе ў пушчы прывольна. Большая частка хваін і ельнікаў, на якія найбольш нападае караед-тыпограф, знаходзіцца ў запаведнай зоне, дзе любая гаспадарчая дзейнасць забаронена. У рэгуляванай і гаспадарчай зонах, дзе сустракаюцца ўкрапванні ельнікаў, супраць караеда выкладваюць так званыя лоўчыя дрэвы і праводзяць выбарачныя санітарныя рубкі. У зоне абсалютнай запаведнасці ўсё павінна ісці сваёй чаргой, без умяшання чалавека. Нават ферамонных пастак, на пах якіх злятаюцца караеды, там не ўсталёўваюць…
У мінулым годзе ў беларускай пушчы агмені караеда-тыпографа адзначаліся на 510 гектарах лясоў. 32 такіх ачгменя ў запаведнай зоне затухлі самі па сабе (шкоднік «абрабіў» участак і паляцеў). На 343 га, якія прыходзяцца на рэгуляваную і гаспадарчую зоны, былі праведзены выбарачныя санітарныя рубкі. Зараз караедам-тыпографам заражаныя 135 гектараў пушчы, прычым пашкоджаныя дрэвы можна выключыць толькі з паловы гэтых плошчаў.
«Калі мы кажам, што агмені ліквідаваныя на 343 га лесу, то трэба разумець, што гаворка ідзе толькі пра пашкоджаныя караедам дрэвы, – тлумачыць Алена Дзямянчык. – Калі ляснік кажа, што выяўлены новы агмень на 20 га лесу, то гэта зусім не значыць, што ўсе дрэвы на гэтых 20 га заражаныя. У адным месцы група пяці ялін, у іншым яшчэ пяці. Мы бярэм іх пад кантроль і, калі дрэвы моцна пашкоджаны, плануем выбарачную санітарную рубку. Але сам лес застаецца – і жывыя елкі, і ўсе іншыя пароды дрэў. Суцэльныя санітарныя рубкі, напрыклад у 2015 годзе, былі праведзены толькі на 4,4 га лесу – у гаспадарчай зоне, дзе дрэвы цалкам высахлі і засталіся без кары».
Для лясгасаў, вядучых прамысловую нарыхтоўку драўніны, масавае нашэсце караеда – сапраўднае бедства. У пушчы да яго навучыліся ставіцца спакайней. Навукоўцы схіляюцца да думкі каб лічыць караеда натуральным элементам экасістэмы.
– Караед у пушчы быў заўсёды, – лічыць навуковец Васіль Арнольбік. – Успышкі масавага размнажэння, якія наносяць шкоду яловым лясах, адбываюцца з перыядычнасцю 10-11 гадоў. Але караед паражае не ўсе ельнікі, а толькі аслабленыя. Акрамя таго, караедныя асяродкі іграюць важную ролю ў захаванні біялагічнай разнастайнасці пушчы. Пад уплывам караеда-тыпографа ўзрастае ўзровень мазаічнага расліннага покрыва, ускладняецца ўзроставая структура лясоў, што ў далейшым павышае іх устойлівасць да шкоднікаў і хвароб. Можна сказаць, што ён паскарае натуральнае аднаўленне лесу».
Міраслава Кастанчук