Беларускія ўлады вырашылі развіваць медыцынскі турызм. Плануецца, што медыкі заробяць для краіны мільёны долараў. Толькі летась замежныя турысты, якія прайшлі лячэнне ў бальніцах і паліклініках Беларусі, пакінулі там звыш 33 мільёнаў долараў. Гасцей прыцягвае сусветны ўзровень якасці сэрвісу па даступных цэнах. Такая ж тэндэнцыя і ў беларускіх санаторыях, дзе, акрамя адпачынку і аздараўлення, таксама можна вылечыць хваробы.
Беларускія замежныя прадстаўніцтвы ўжо пачалі працу па папулярызацыі беларускай медыцыны за мяжой. Аднымі з першых былі дыпламаты ў Варшаве. У канцы мінулага году ў Варшаве ў Цэнтры беларускай культуры адбыўся семінар на тэму: «Медыцынскі турызм Беларусі». Падчас сустрэчы прадстаўнікі беларускіх медустаноў і медыцынскіх тураператараў знаёмілі польскія турыстычныя арганізацыі і фірмы з беларускім рынкам медыцынскіх паслуг. Беларусь вырабляе сабе імя на рынку медыцынскіх паслуг. Паводле статыстыкі, летась на лячэнне ў Беларусь прыехала каля 115 тысяч замежных грамадзян з 73 краін свету.
Беларусь разлічвае павялічыць паток замежных турыстаў за кошт прапановы ўнікальнага прадукту, паляпшэння сэрвісу і спрашчэння візавага рэжыму. Медыцынскі турызм у Беларусі – напрамак, які з кожным годам становіцца ўсё больш запатрабаваным і папулярным. Госці Беларусі могуць спалучаць адпачынак з атрыманнем высокакваліфікаванай дапамогі ў лепшых медыцынскіх цэнтрах і клініках, прайсці курсы рэабілітацыі і аздараўлення ў санаторыях Беларусі. Беларусь даволі даўно прымае замежных грамадзян, якія вырашылі зрабіць складаную аперацыю або прайсці эфектыўны курс лячэння менавіта ў беларускіх спецыялістаў. За апошнія гады краіна зарэкамендавала сябе адным з самых перспектыўных напрамкаў па медыцынскаму турызму ў СНД. Гэтаму садзейнічаюць: кваліфікаваныя ўрачы, якія праходзяць стажыроўкі ў вядучых клініках свету, і падрыхтаваны медперсанал, высокая якасць паслуг і добрая аснашчанасць клінік, перадавыя медыцынскія тэхналогіі і прагрэсіўныя методыкі лячэння, параўнальна невялікі кошт медыцынскіх паслуг, зручнае геаграфічнае становішча Беларусі ў цэнтры Еўропы і ажыўленыя транспартныя зносіны, умераны клімат Беларусі, які не патрабуе перыяду акліматызацыі і спрыяе больш хуткаму выздараўленню. З кожным годам колькасць замежных грамадзян, якія атрымалі ў Беларусі медыцынскую дапамогу, расце: у 2010 г. – больш за 100 тыс., у 2011 г. – 115,5 тыс., у 2012 г. – 130 тыс., у 2013 г. – каля 160 тыс., у2014 г. – больш за 160 тыс., у 2015 г. – каля 160 тысяч. На лячэнне ў Беларусь прыязджаюць грамадзяне больш я 100 краін свету: Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Малдовы, Грузіі, Сірыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Кіпра, Емена і многіх іншых. Аперацыі і лячэнне – што прапануюць беларускія спецыялісты? Анкалогія, анкагематалогія, траўматалогія, афтальмалогія, акушэрства і гінекалогія, стаматалогія, нейрахірургія, кардыялогія, кардыяхірургія, спелеалячэнне, медыцынская рэабілітацыя – далёка не поўны пералік напрамкаў практычнай медыцыны, якія прадстаўляюць паслугі на экспарт.
Разам з высокім узроўнем аказання медыцынскіх паслуг і добрымі вынікамі лячэння, клінікі Беларусі пастаянна пашыраюць пералік высокатэхналагічных і складаных медыцынскіх умяшанняў. У кардыялогіі: у Беларусі праводзяць самыя перадавыя аперацыі на сэрцы і магістральных сасудах, уключаючы імплантацыю штучных жалудачкаў і трансплантацыю сэрца, аорты і іншых сасудаў, аперацыйнае лячэнне пры парушэннях рытму сэрца ў дарослых і дзяцей. У анкалогіі: укаранёны такія метады лячэння, як тэрмахіміятэрапія пры распаўсюджаным раку лёгкага, фотадынамічная тэрапія ў пацыентаў з дысплазіяй шыйкі маткі, трансплантацыя гемапаэтычных стваловых клетак.
Вынікі, атрыманыя беларускімі спецыялістамі ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі пры лячэнні злаякасных новаўтварэнняў, адпавядаюць сусветным стандартам: эфектыўнасць лячэння пры вострым лімфабластавым лейкозе – 75%, лімфагранулематозе – большая за 90%. У нейрахірургіі: прымяняюцца эндаваскулярныя метады лячэння пры анеўрызмах галаўнога мозга і артэрыя-вянозных мальфармацыях, стэрэатаксічныя метады лячэння пры хваробе Паркінсона і пухлінах галаўнога мозгу, малатраўматычныя мікрахірургічныя методыкі выдалення пухлін галаўнога мозгу, а таксама метады рызатаміі пры лячэнні неўралгіі трайчастага нерва. У траўматалогіі і артапедыі многія праводжаныя беларускімі спецыялістамі ўмяшанні – унікальныя. З 2009 года, акрамя эндапратэзавання каленных і тазасцегнавых суставаў, выконваецца эндапратэзаванне плечавога і галёнкаступнёвага суставаў. У афтальмалогіі выкарыстоўваюцца такія перадавыя метады лячэння, як мікрахірургічныя аперацыі ў сувязі з катарактай (факаэмульсіфікацыя), трансплантацыя рагавіцы і лазерныя аперацыі пры рэтынапатыі неданошаных дзяцей. У отарыналарынгалогіі праводзяцца аднаўленне прасвету гартані і трахеі ў дзяцей да года, мікрахірургічныя аперацыі па карэкцыі насавой перагародкі, кахлеярная імплантацыя. У рэпрадуктыўнай тэхналогіі (ЭКА) правядзенне экстракарпаральнага апладнення і вынік наступлення цяжарнасці больш чым у 42% выпадкаў – паказчык нараўне з замежнымі клінікамі. У трансплантацыі органаў і тканак беларускія спецыялісты-трансплантолагі прайшлі стажыроўкі ў лепшых клініках ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Бельгіі, Расіі, Літвы, Польшчы. Па колькасці трансплантацый органаў Рэспубліка Беларусь апярэджвае ўсе краіны постсавецкай прасторы, у тым ліку Расію і Украіну. У рэабілітацыі комплексны падыход да кожнага пацыента, высокая эфектыўнасць рэабілітацыі, унікальныя магчымасці аднаўлення парушаных рухальных функцый на найноўшым высокатэхналагічным абсталяванні. У пластычная хірургіі
нізкія цэны і добрыя вынікі прыцягваюць у беларускія цэнтры кліентаў з усяго свету: у некаторых клініках да 50% пацыентаў – іншаземцы. Якасць работы беларускіх пластычных хірургаў ацанілі жыхары краін Балтыі, Германіі, ЗША. Цэны на медыцынскія паслугі ў Беларусі. Кошт паслуг у беларускіх клініках – адзін з найбольш значных фактараў, што прыцягваюць пацыентаў нараўне з высокай якасцю лячэння. Вось некалькі прыкладаў цэн на медыцынскія паслугі:
Працэдура экстракарпаральнага апладнення (ЭКА) – каля 2.500$
Эндапратэзаванне тазасцегнавога сустава – каля 6.000$
Аорта-каранарнае шунціраванне – каля 10.000$
Аперацыя па кахлеярнай імплантацыі з улікам імпланта – 15.500-36.500€
Адзін дзень у бальніцы спелеалячэння – 45-79$
Як прыехаць на лячэнне ў Беларусь? На сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі дзейнічае раздзел „Платныя паслугі замежным грамадзянам», дзе пастаянна абнаўляецца інфармацыя аб пераліку медыцынскіх паслуг, клініках, неабходных дакументах, кошце аперацый і лячэння.
Прыехаць на лячэнне ў Беларусь можна: самастойна і з дапамогай агенцтва па медыцынскаму турызму ў Беларусі. Вывучыўшы папярэднюю інфармацыю і звязаўшыся з клінікай, вы можаце прыехаць (грамадзянам шэрагу дзяржаў патрэбна віза ў Беларусь), аформіць дагавор на аказанне платнай медыцынскай паслугі і прайсці лячэнне.
Аднаразовая медыцынская паслуга аплачваецца да яе аказання, комплексная (стацыянарнае лячэнне) – у два этапы: перадаплата (знаходжанне ў стацыянары і арыенціровачны кошт лячэння) з далейшым канчатковым разлікам.
Калі вы вырашылі скарыстацца паслугамі агенцтва па медыцынскаму турызму, трэба выбраць надзейную кампанію, у якой наладжаны кантакты з рознымі бальніцамі, і якая бярэ на сябе адказнасць за патрэбы пацыента ў час яго знаходжання ў Беларусі.
Каманда маладых супрацоўнікаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА) пад эгідай і пры актыўнай падтрымцы кіраўніцтва ўстановы стварыла анлайн-сэрвіс для прасоўвання і продажу комплексу паслуг у сферы медыцынскага турызму «Клінікі Беларусі» і адаптаваную мабільную праграму да яго. Распрацоўка прайшла ў фінал рэспубліканскага конкурсу БРСМ «100 ідэй для Беларусі».
Чаму мы лічым актуальным вырашэнне пытання прыцягнення ў краіну замежных грамадзян для аказання ім высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі? – тлумачыла мадэратар праекта, навуковы супрацоўнік навукова-даследчай лабараторыі БелМАПА Ганна Раманюк. – Па-першае, медыцынскі турызм – адзін з перспектыўных кірункаў развіцця сучаснай сістэмы аховы здароўя, які здольны павысіць прэстыж беларускай медыцыны на міжнародным узроўні, стварыць пазнавальны брэнд нашай краіны і падтрымаць імідж развітай высокатэхналагічнай дзяржавы ў вышэйназванай сферы. Па-другое, бясспрэчна, як і любая турыстычная дзейнасць, медыцынскі турызм нясе прыбытак. Прычым даходы, якія прыносяць звычайныя турысты, нельга параўноўваць з тымі, што даюць медыцынскія турысты. Так, у Турцыі сярэдні чэк па іх абслугоўванні складае 2,5 тысячы долараў, у той час як чалавека, што прыехаў пазагараць на пляжы – 650 долараў. У Ізраілі, адпаведна, крыху больш за 4,7 тысячы і 1 тысячу долараў, у Іарданіі – 5 тысяч супраць 3 тысяч долараў. Пагадзіцеся, розніца адчувальная. 80 працэнтаў каманды складаюць людзі з вышэйшай медыцынскай адукацыяй, якія маюць вялікі вопыт практычнай работы. Многія з арганізатараў, нягледзячы на свой малады ўзрост, маюць не адну вышэйшую адукацыю і досвед стварэння і развіцця інтэрнэт-праектаў у галіне навукі і медыцыны. Асноўныя карыстальнікі сэрвісу – замежныя грамадзяне, якія хочуць атрымаць высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу ва ўстановах аховы здароўя Беларусі. А магчымасці анлайн-кансультавання дазваляюць людзям, якія занятыя сваёй кар’ерай і цэняць уласны час, не выходзячы з дому, атрымліваць высокакваліфікаваныя кансультацыі спецыялістаў. (лук)