Ліст каханцы ў газету

Гумарэска


Карэспандэнт Максім Заўсім не забываў пра родную газету дзе б ні быў. Быў у роднай вёсцы — пісаў пра вёску. Быў у санаторыі — слаў пра страшнае і смешнае пукатыя канверты. З роднага горада, дзе жыў, пра левых-правых і сярэдніх, меншасных і большасных — пакеты выразак і інфармацыяў, плюс уласныя партрэты ў плане амерыканскім, з пазіцыі жабы і бусла… Пераклады з іншых часопісаў, падпісаныя ўласным прозвішчам як аўтара (ці будзе пільны рэдактар, цікава!). „Што пра мяне пісалі…” „Што я пра мяне напісаў…” „У якія кнігі заслужаных я трапіў, пераскочыўшы нават Прафесара…” Максім, здаецца, шчаслівы зусім, будучы карэспандэнтам года, а тым больш саракапяцігоддзя. Бо ён, сапраўды, абсалютна непраўзыйдзены, з нікім непараўнальны. Ну, можа толькі з адным, усё ж, паэтам, які палічыў гонарам быць названым „плагіятарам” (невядома, з каго ён спісвае, бо ніхто не ўмеў, не ўмее і не зможа ніколі так пісаць як ён адзін, значыць, плагіятарам ён не ёсць і быць не можа). А Максім Заўсім таксама і вершы стаў прысылаць, вельмі добрыя, але, пасля экалагічна-неэтычнай гісторыі ці не з выдрамі, рэдактар баіцца, што, дакладна не ведаўшы літаратуры нобелеўскіх лаўрэатаў, можа ўчыніць тыповы рэдактарскі ляпсус, які перакрэсліць яго кар’еру як рэдактара. Дык вершаў Максіма Заўсіма, на жаль, ніхто пакуль не друкуе. А яны сапраўды гучаць геніяльня, і па-польску, і па-нашаму, і, пэўна, прагучалі б і па-эсперанцку. Ці на нейкай праславянскай мове з неакрэсленым яшчэ алфавітам. Бо Максімавы пісаныя тэксты найбольшы смак маюць у арыгінале, таму і чытае іх уся рэдакцыя, пакуль надрукуюцца. Асабліва захапляе пішучых людзей, у тым ліку і так званых літаратараў, ягоная славатворчасць: супрацьпажарная гадзюка, лакір для кіпцюроў, мышка-кролік…

Аднойчы ў рэдакцыю прыйшоў пукаты пакет, падпісаны ласкавым імем. Па подчырку пазналі, што гэта пісаў Максім Заўсім. Але не ў рэдакцыю ён быў пісаны, дзе чакалі ягонага допісу з санаторыя. На канверце, праўда, быў адрас як трэба, таму і ліст трапіў у рукі рэдактара. А рэдактар, сціплы чалавек, увесь заліўся чырванню. Бо дзе ж такое чытаць яму, статнаму мужчыну, які нікому не пісаў лістоў пра каханне, а раз такі ў жыцці атрымаў, ды вельмі кароткі хоць змястоўны, — даўжэрнае пісьмішча нейкай кабеце, ды не Максімавай жонцы, якую з твару ды імені ў рэдакцыі ўсе ведаюць? Яна там, дома, з загіпсаванай нагой, а ейны Максімка, бачыце, мала што дурэе ў тым санаторыі, дык яшчэ столькі лістоў да кабет выпісвае чужых, што яму ўжо канверты памыліліся?! Можа, нейкай Ніне піша, а роднай рэдакцыі высылае? І невядома, ці чытаць рэдактарам той допіс (надта ж цікавы), ці шукаць адрасаткі? А мо дахаты Максіму ліст адправіць? Пакуль ліст дойдзе, Максім з санаторыя ўжо вернецца… А калі трапіць той ліст у жончыны рукі?! Не!!! Такога свінскага жарту свайму найлепшаму карэспандэнту рэдакцыя зрабіць не можа!

Асабліва рэдактаркі ды машыністкі перажывалі. Надта ж яны сардэчныя, чуллівыя. А што ж, меркавалі, падумае тая таямнічая Ізольда, як атрымае на свой адрас каркаломныя Максімавы гісторыі страшныя ды смешныя, запісаныя буквамі з чатырох алфавітаў? Пэўна, так як і ў рэдакцыі, палічыць Максіма цудаком ды жартаўніком несусветным.

 

Міра Лукша