Мяняем не толькі выгляд

Юрка Хмялеўскі
Галоўны рэдактар

Шаноўныя чытачы, пасля паўгадовага перапынку наш штомесячнік ізноў выходзіць. Спыніць выдаванне вымусілі фінансавыя праблемы. Каб ізноў атрымаць датацыю, мы як рэдакцыя вырашылі заадно памяняць выдавецкі фармат. Такая змена стала проста неабходнай. Найперш з увагі на тое, што наогул чытанне папяровых выданняў ёсць ужо нейкім рэліктам, бо ўсе кінуліся ў інтэрнэт. Гэта, праўда, не так ізноў добрая з’ява, бо традыцыйны друк усё ж такі ёсць культурнай каштоўнасцю як гістарычнае дасягненне цывілізацыі. Тымчасам е-выданні гэта папраўдзе толькі імітацыя друку.

Таму прыдумалі мы, што Часопіс у новым фрмаце будзе спалучуннем дзвюх гэтых формаў. Папяровы варыянт застаецца. Хаця таксама будзе іншы – у новым графічным афармленні, з інакш выдзеленымі рубрыкамі. Большы, аднак, націск робім на Інтэрнэт. Нашу сціплую дагэтуль е-старонку пераўтворым з часам у больш прафесійны партал. У інтэрнэце тэксты будуць з’яўяцца часцей чымсьці раз у месяц.

Не мяняецца адно – асноўны змест Часопіса. Так як дагэтуль будзе ён беларускім грамадска-культурным выданнем прысвечаным пытанням сучаснасці, гісторыі, літаратуры і мастацтва, месца чалавека ў свеце. Усё гэта з нашага пункту гледжання – беларусаў з Падляшша. Надалей Часопіс будзе таксама форумам думкі не толькі нас, але ўсіх тых, каму блізкая беларуская тэматыка. Такі вось гарызонт абноўленага Часопіса.

Прыпамінаю, што тэксты ў Часопісе публікуюцца на мове арыгіналу – па-беларуску або па-польску. Беларушчыну, хаця завужае нам чытацкае кола, трэба берагчы. Таму нашых аўтараў заахвочваю як мага больш звяртаць на гэта ўвагу, знаходзіць месца беларускаму слову нават у тэкстах на польскай мове, якая цяпер у друку больш зразумелая ўсё-такі для некаторых чытачоў.

Характэрнымі для Часопіса будуць таксама тэксты на карэнных мовах беларусаў Падляшша – па-просту і по-пудляську. Гэтыя ж словы маланкава знікаюць са штодзённага ўжытку, а мала дзе яны і запісаныя. Няхай тады пажывуць яшчэ на нашых старонках, бо з’яўляюцца яны вялікай каштоўнасцю як надзвычай важны элемент нашай тоеснасці.

Сапраўды, на фоне сённяшняга штучнага масавага медыйнага свету наш Часопіс ёсць чымсьці непаўторным, а ў новым выглядзе, з больш разнастайным, багацейшым зместам і адмененай выдавецкай канцэпцыяй будзе – я ў гэтым перакананы – яшчэ больш цікавым і вартасным.

Запрашаю таксама на наш сайт Czasopis.pl, дзе весткі і артыкулы будуць паяўляцца мінімум два-тры разы ў месяц. Заставайцеся тады з намі.