На радзіме Ігната Дварчаніна

Cz12_2015
Ігнат Дварчанін


Даўно не быў у вёсцы Погіры на Дзятлаўшчыне – радзіме вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага руху, педагога, вучонага, паэта, перакладчыка Ігната Дварчаніна (1895-1937). Таму летам 2015 года вырашыў наведаць радзіму Ігната Дварчаніна, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшло яго маленства.

Жыхары Дзятлаўшчыны памятаюць і ўшаноўваюць памяць пра свайго земляка. У цэнтры Дзятлава стаіць помнік Ігнату Дварчаніну. У вёсцы Погіры, дзе нарадзіўся слынны дзятлаўчанін, ёсць вуліца Дварчаніна. Праўда, на тым месцы, дзе стаяла хата сям’і Дварчанінаў, стаіць іншы дом. Але на ім прымацавана мемарыяльная шыльда, якая паведамляе аб тым, што на гэтым месцы стаяла некалі хата, дзе нарадзіўся і жыў Ігнат Дварчанін. І на рускай мове напісана, што вуліца ў Погірах носіць імя Ігната Дварчаніна. Сёння ў вясковым доме жыве Надзея Лукашык. Яна шчыра сустрэла мяне і я распавёў вясковай жанчыне, хто такі быў чалавек, які нарадзіўся на тым месцы, на якім сёння стаіць іх хата. „Дзякуй вам за цікавы аповед, – сказала жанчына, – я добра малюю, таму мы з сынам у бліжэйшы час перапішам шыльду на беларускую мову, а магчыма каля дома паставім камень і прымацуем да яго новую шыльду, якая будзе паведамляць аб тым, што тут стаяла хата Дварчанінаў”. А яшчэ Надзея Лукашык сказала, што ад хаты Ігната Дварчаніна застаўся толькі склеп. „Такога склепа не мае ніхто, у ім груглы год адна тэмпература. Там можна зберагаць усе прадукты і ніколі яны не сапсуюцца”, – прызналася жанчына.

Побач з Погірамі знаходзіцца вёска Жукоўшчына. У вёсцы працуе найвыдатнейшая сельская бібліятэка, якую давялося бачыць. Яе загадчыца Людміла Цюленіна зрабіла невялікую экскурсію па бібліятэцы, а таксама паказала літаратурны пакой у бібліятэцы „Знакамітыя людзі зямлі Жукоўшчынскай”. У гэтым пакоі наладжана і выстава, прысвечаная жыццю і творчасці Ігната Дварчаніна.

Вяртаючыся з Погіраў, яшчэ раз заехаў у Дзятлава. Спыніўся каля былога палаца Радзівілаў. На яго сценах размешчана мемарыяльная дошка: „Тут у настаўніцкай семінарыі з 1909 па 1912 год вучыўся наш зямляк І.С.Дварчанін, вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, доктар філасофіі”.

Ігнат Дварчанін нарадзіўся 27 мая 1895 года ў вёсцы Погіры Слонімскага павета, цяпер гэта Дзятлаўскі раён. Нарадзіўся ён у шматдзетнай беларуская сялянскай сям’і ў якой было 11 братоў і сясцёр. Дзякуючы выпадковым акалічнасцям, ён скончыў у Дзятлаве пачатковую школу. А потым юнак паступіў у Дзятлаўскую царкоўна-настаўніцкую школу, у якой курс навучання працягваўся тры гады. Пасля здаў экзамен на званне народнага настаўніка і некалькі гадоў настаўнічаў у вёсцы Хмяльніца на Слонімшчыне. Але, як сцвярджае гісторык Вячаслаў Швед (На зямлі Дзятлаўскай, Гродна, 1998. С.50), у Хмяльніцы ў гэтыя гады настаўнікам працаваў Ілья Іванюк, пра гэта паведамляюць „Памятные книжки Гродненской губернии” за 1911 і 1913 гады. А Ігната Дварчаніна прозвішча не згадваецца. Магчыма, ён настаўнічаў у іншых школах Слонімшчыны.

У 1915 годзе Ігната Дварчаніна забіраюць у войска, а пасля накіроўваюць у школу прапаршчыкаў. Калі адбылася лютаўская рэвалюцыя ў Расіі, Ігнат Дварчанін трапляе ў Маскву, дзе ўладкоўваецца ў Беларускі нацыянальны камісарыят. Ён прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні 21-23 ліпеня 1918 года ў Маскве нарады настаўнікаў школ Беларусі. Акрамя дэлегатаў-настаўнікаў, прыйшлі і прадстаўнікі ўсерасійскіх настаўніцкіх курсаў, слухачы Беларускага народнага ўніверсітэта, настаўнікі – дэлегаты Усерасійскага з’езда бежанцаў з Беларусі. На нарадзе настаўнікаў школ Беларусі наш зямляк убачыў і будучага міністра асветы БССР Платона Саевіча, настаўніка Аляксандра Куляшова – бацьку паэта Аркадзя Куляшова, этнографа і фалькларыста Ісака Сербава і іншых асоб. Як паведамляла газета „Дзянніца” (1918, 28 жніўня, № 27), Ігнат Дварчанін выступіў на нарадзе з дакладам пра задачы школьнай справы на Беларусі, падкрэсліўшы пры гэтым, што неабходна вывучаць беларускую мову, літаратуру, наогул, беларусазнаўства, каб „народ беларускі пазнаў самога сябе і лічыў сябе не нізшым пасярод другіх, а чуў сябе як роўны з роўнымі”.

Пад псеўданімам Гудок Ігнат Дварчанін змясціў у „Дзянніцы” і свае вершы „Думка” і „Гудок”. У  вершы „Гудок” паэт заклікаў братоў да бойкі, каб на катаў не працаваць, а адважна ісці „да бойкі з ворагам”.

У канцы ліпеня 1918 года Ігнат Дварчанін атрымаў пасведчанне аб камандзіроўцы ў Оршу. Ён шчаслівы вяртаецца на Бацькаўшчыну. А вясной 1919 года прыязджае на Дзятлаўшчыну да маці.

На радзіме ў вёсцы Пецюкі грамадскі актывіст заснаваў беларускую школу, а ў Дзятлаве – культурна-асветны гурток. Але будаваць новае жыццё на радзіме Ігнату Дварчаніну не атрымалася, бо ў 1920 годзе на Дзятлаўшчыну прыходзіць польская ўлада. На беларускіх патрыётаў хутка навальваюцца незлічоныя рэпрэсіі і пастаянныя праследаванні. І малады настаўнік нечакана аказваецца ў Беластоцкім канцэнтрацыйным лагеры.

Пасля выхаду на волю, ён едзе ў Вільню. Там здае экстэрнам экзамены на астэстат сталасці ў Віленскай беларускай гімназіі і, як адзін з найлепшых і здольных вучняў, атрымлівае магчымасць працягваць адукацыю ў Пражскім універсітэце. У 1920-я гады чэшскі ўрад штогод вылучаў некалькі дзесяткаў месц у Карлавым універсітэце для выхадцаў з Заходняй Беларусі, каб аказаць беларускаму народу дапамогу ў падрыхтоўцы кадраў нацыянальнай інтэлігенцыі. З восені 1921 года Ігнат Дварчанін вучыцца ў Празе.

На чужыне здольны беларус пасябраваў з групай беларускіх паэтаў, сярод якіх асаблівае месца займаў Уладзімір Жылка. У Празе тады існавала аб’яднанне беларускіх прагрэсіўных студэнтаў. Яго старшынёй быў абраны Ігнат Дварчанін. Аб’яднанне выдавала рукапісны часопіс „Перавясла”. У ім друкаваў свае вершы і наш зямляк. Адначасова ён вёў і навуковую працу ў галіне гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, а таксама даследаваў дзейнасць і светапогляд асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Пазней гэтыя даследаванні лягуць у аснову яго доктарскай дысертацыі „Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе”.

У 1925 годзе ў Празе пабываў Браніслаў Тарашкевіч. Ён выступіў перад беларускімі студэнтамі, расказаў пра палітычнае становішча ў Заходняй Беларусі. Дварчанін блізка сыходзіцца з Тарашкевічам, даведваецца ад яго, што ў Беларускім пасольскім клубе наспявае раскол, у выніку якога павінна ўзнікнуць рэвалюцыйна-дэмакратычная фракцыя пад назвай Сялянска-работніцкая Грамада. Браніслаў Тарашкевіч тады сказаў, што вельмі пажадана, каб ён, Дварчанін, хутчэй вяртаўся ў Вільню і ўключыўся ў грамадаўскі рух. Да просьбы Тарашкевіча Ігнат Дварчанін прыслухаўся, і ў 1926 годзе доктар філасофіі быў ужо ў Вільні. Ён адразу акунуўся ў палітычную і педагагічную работу: выконваў адказныя даручэнні
Цэнтральнага сакратарыята Грамады, уваходзіў у Галоўную ўправу ТБШ, выкладаў беларускую літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі і друкаваўся ў беларускай прэсе. Пра Ігната Дварчаніна я шмат пытаўся ў слонімскага паэта Анатоля Іверса (Іван Міско, 1912-1999), занатоўваў яго ўспаміны, рабіў з ім гутаркі для друку. Вось як прыгадваў Анатоль Іверс Ігната Дварчаніна ў 1988 годзе: „Вялікі ўплыў зрабіў для мяне гэты выдатны чалавек, грамадскі дзеяч і літаратар. А было гэта ў 1926 годзе. Вільня тады здавалася казачным горадам: там працавала беларуская гімназія, выдаваліся беларускія кніжкі, выходзілі беларускія газеты і часопісы. Даволі падрыхтаваным чатырнаццацігадовым хлопцам я і паступіў у трэці клас Віленскай беларускай гімназіі, што адпавядала пятаму класу цяперашняй сярэдняй школы. Выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў гэтай гімназіі быў Ігнат Сымонавіч Дварчанін. Там і адбылося наша знаёмства. Адразу хачу сказаць, што Ігнат Сымонавіч карыстаўся найбольшым аўтарытэтам у вучняў, а самымі любімымі прадметамі былі беларуская мова і літаратура. Яго ўрокі праходзілі заўсёды лёгка і цікава. Настаўнік не стараўся прытрымлівацца рамкаў падручніка, расказваў шырэй, прыводзіў шмат цікавых прыкладаў з літаратуры і жыцця пісьменнікаў. Я не помню, каб ён калі зазлаваў або каго пакараў. Усе вучні выдатна ведалі тое, аб чым гаварылася ў класе і што задавалася на дом. Амаль у кожнага настаўніка была мянушка, толькі ніякая мянушка не прыставала да Ігната Сымонавіча. Ён любіў і разумеў дзяцей, не патрабаваў сляпога паслушання. І таму дысцыпліна ў класе была не палачная, а вясёлая, я б сказаў – дэмакратычная. Дзяжурствы выконваліся акуратна, усе адчувалі сябе свабодна. Памятаю і яго апошні ўрок. На яго Ігнат Сымонавіч, як і заўсёды, з’явіўся бадзёры, з прыветлівай усмешкай. Але ў гэтай усмешцы праглядалася нешта новае, усхваляванае. Урок набліжаўся да канца. Настаўнік прайшоў між партаў, падыйшоў да стала, запытаў: „А ці ведаеце, сябры, што гэта мой апошні ўрок? Я прыйшоў развітацца з вамі. Мяне чакае вялікая грамадская работа ў сейме”. Гэтыя словы ашаламілі нас. Спачатку запанавала нейкая цішыня. А потым пачулася ўсхліпванне дзяўчат. Хлопцы – таму яны і хлопцы – не плакалі, а калі ў каго і скацілася слязіна, то ніхто яе не бачыў, бо галовы нізка апусціліся над партамі. „Не плачце, – папрасіў настаўнік, – мы яшчэ не раз убачымся, я буду прыходзіць у гімназію, заглядваць у інтэрнат…” (Перамога. Дзятлава, 1988, 20 верасня).

2
Ігнат Дварчанін (трэці злева) сярод беларусаў Латвіі, пачатак 1920-х гадоў

Зямляк-аднавясковец Анатоля Іверса Якуб Міско (1911-1981) у сваёй кнізе „Маё маўклівае сэрца” (Мн., 1983. С. 448-449) пра свайго настаўніка прыгадвае так: „Мы, вучні, неяк адразу адчулі прыхільнасць да гэтага чалавека. Ён не проста выкладаў нам беларускую літаратуру, а стараўся, каб мы і разумелі яе, і любілі. Успамінаецца, як аднойчы ў сёмым класе разбіралася паэма „Сымон-музыка”. Вучні гаварылі пра змест твора, пра яго ідэю, характарызавалі галоўных герояў. Дварчанін уважліва слухаў, а пасля падвёў вынікі. Усё гэта добра, хлопцы, гаварыў ён. Я бачу, што вы нядрэнна засвоілі ўрок. Толькі, мне здаецца, „Сымона-музыку” трэба і разумець, і сэрцам адчуваць. Гэта жамчужына нашай літаратуры. Тут кожны радок як быццам бруіцца, струменіць. Вы толькі паслухайце:

Восень ткала ўжо красёнцы
Мяккай чырвані ў лістах,
Восень спеў вяла бясконцы,
З ветрам ходзячы ў кустах;
Восень ткала кужаль тонкі –
Павуціння белы лён,
Восень шэрыя заслонкі
Моўчкі клала на адхон.

– Адчуваеце? – пытаўся Дварчанін. – Колькі тут любасці, замілавання да нашай прыроды, да восені, да нашай зямлі.

Мне здаецца, што вось так кожны яго ўрок станавіўся ўрокам любові да літаратуры, да свайго народа, урокам добрых чалавечых пачуццяў.
У 1928 годзе напрадвесні ў нас быў наладжаны вечар вучнёўскай самадзейнасці. Звычайны вечар – са спевамі, дэкламацыяй вершаў, з духавым аркестрам і танцамі. Усё ішло як мае быць, калі раптам на сцэну падняўся настаўнік гісторыі Польшчы С. Віслоух і сказаў, што ён прапануе вечар спыніць, бо тут, маўляў, чытаюцца бальшавіцкія вершы. Тады Дварчанін сказаў, што як выкладчык беларускай літаратуры катэгарычна адхіляе абвінавачванне Віслоуха. Усе вершы, якія чытаюцца тут, надрукаваны ў Вільні, а значыць, уладамі дазволены. Які ж тут бальшавізм? Можа, яны пану Віслоуху не прыйшліся даспадобы таму, што напісаны на беларускай мове і не хваляць парадкаў, якія зараз пануюць у Заходняй Беларусі?..

З таго часу ў гімназіі пачалося лютае цкаванне Дварчаніна. Яму стараліся наклейваць розныя ярлыкі: і што яго прыслаў з Прагі Камінтэрн, і што на ўроках ён падбухторвае вучняў на антыдзяржаўныя выступленні, і што выкладаючы беларускую літаратуру, адыходзіць ад праграмы, прапагандуе савецкія творы. Ды ўсё гэта не давала вынікаў. Аўтарытэт Ігната Дварчаніна быў вельмі высокі”.

У 1927 годзе Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні выпускае падручнік Ігната Дварчаніна „Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 году). Для старэйшых класаў беларускіх сярэдніх школ”. Для зручнасці карыстання выпушчаны былі пяць асобных частак-кніжак і адно цэласнае выданне аб’ёмам 498 старонак. Складальнік, як піша прафесар Аляксей Пяткевіч, імкнуўся ахапіць беларускую літаратуру згаданага перыяду дастаткова поўна, выходзячы і за яго рамкі, каб пераканаўча паказаць творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду, прадставіць яе рознабакова. У хрэстаматыі прыводзяцца сотні твораў 33-х аўтараў. Прычым не толькі вядомых, прызнаных ужо тады майстроў слова, але і менш значных, чыя творчасць усё ж узбагачала ўяўленне пра родную літаратуру… Заслуга Дварчаніна – складальніка хрэстаматыі – тым больш прыкметная, што ў яго, па сутнасці, не было папярэднікаў у працы на гэтым матэрыяле. Ён ішоў тут першым (На зямлі Дзятлаўскай. Гродна, 1998. С.63).

У 1928 годзе Ігнат Дварчанін балатуецца па 61-й Наваградскай выбарчай акрузе. І ён перамагае. Паслы Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік, Павел Крынчык, Флягонт Валынец, Іван Грэцкі ствараюць у польскім сейме самастойную фракцыю – беларускі пасольскі клуб „Змаганне”. Дварчанін становіцца намеснікам старшыні фракцыі. Стварыўшы вясной 1929 года амаль ва ўсіх паветах мясцовыя сакратарыяты, „Змаганне” стала ўплывовай палітычнай арганізацыяй працоўных Заходняй Беларусі. Яно змагалася за дасягненне тых самых мэт, што і Грамада. Умела выкарыстоўваў Ігнат Дварчанін і трыбуну сейма. Ён рашуча выкрываў антынародную палітыку санацыйнага ўрада пілсудчыкаў, сістэму сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, выступаў у абарону палітычных вязняў. Пасол часта ездзіў па гарадах і вёсках, выступаў на мітынгах і сходах, заклікаў народныя масы да барацьбы.

Шмат гадоў я перапісваўся з дзятлаўскім паэтам, які жыў у Сарнах на Украіне, Васілём Струменем (Аляксандрам Лебедзем, 1914-1992). Аднойчы ў яго запытаў і пра Ігната Дварчаніна. У адным з пісем Аляксандр Мікалаевіч напісаў: „Ігната Дварчаніна я бачыў яшчэ будучы школьнікам. І досыць часта слухаў мудрыя гутаркі гэтага чалавека з сялянамі нашай вёскі Зачэпічы на Дзятлаўшчыне. Прычынай частага наведвання Дварчанінам нашай вёскі ў 1920-х гадах было тое, што яго родная сястра Юлія Сымонаўна выйшла замуж у Зачэпічы за вельмі здольнага і папулярнага амаль на ўсе воласці Лідчыны, Дзятлаўшчыны, Слонімшчыны і Наваградчыны краўца Аляксандра Місарэвіча. Хадзіць да сястры Ігнату Сымонавічу было блізка – усяго шэсць кіламетраў са сваёй вёскі Погіры. Ды і вялікае жаданне нашых сялян паслухаць яго, мабыць, таксама заахвочвала выдатнага грамадскага дзеяча прыходзіць сюды.

Запомнілася мне першая чутка, што прабегла па вёсцы. Суседка казала маёй маці: „Ці чула ты, Кацярына, што наш кравец Аляксандр Місарэвіч будзе жаніцца. Пасватаў, кажуць, дзяўчыну з вёскі Погіры. Ёсць у яе тры браты: Ігнат, Гілярый і Мікалай.  Расказваюць, што Ігнат і Гілярый вельмі вучоныя, асабліва старэйшы Ігнат. Вучыліся яны недзе за граніцай, у нейкай Чэхіі”.

Да Місарэвічаў мне даводзілася часта хадзіць, бо сябраваў з краўцовым пляменнікам Мікалаем, які быў маім равеснікам. Цяпер жа стала яшчэ больш карцець пабегчы да іх. Бо тое, аб чым даведаўся пра братоў будучай жонкі краўца Місарэвіча, стала надта цікавіць. Нават і раней наш аўтарытэтны майстар кравецкай справы карыстаўся агульнай павагай і вядомасцю ўсяго наваколля. А інтарэс пабачыць і пачуць вучонага чалавека яшчэ лепш распаліў маю душу.

3
Вёска, дзе нарадзіўся Ігнат Дварчанін

Нарэшце прыйшоў дзень вяселля. Спраўлялі яго спачатку ў маладой у вёсцы Погіры. А потым гулялі ў нашых Зачэпічах. Прывезлі маладую з пасагам. Прыехала шмат гасцей, у тым ліку і яе браты Дварчаніны. Мы, падлеткі, былі вельмі цікаўныя. Тады я і ўбачыў першы раз вучоных братоў маладой. Яны ўсе трое сядзелі побач з маладой на пачэсных месцах – за першым сталом, сярод вясельных дружкоў і дружак.

Потым не раз даводзілася бачыць у Зачэпічах Ігната Сымонавіча, калі ён наведваўся сюды пагасціць у сястры і швагра. Яго братоў Гілярыя і Мікалая пазней бачыў выпадкова толькі два разы ў Погірах.

Кожны раз я з захапленнем слухаў  Ігната Сымонавіча, бо вёў ён цікавую гутарку з сялянамі. Хаця тады яшчэ шмат чаго не разумеў, але ўсё-такі кеміў, што гаварыў ён з імі: пра народнае гора, пра тое, як трэба змагацца супраць тых, хто здзекваўся з бедных людзей. Помню таксама, што ён расказваў пра падзеі ў Кітаі, дзе працоўныя масы змагаліся супраць сваіх і чужых эксплуататараў. Калі ў Зачэпічы наведваўся Ігнат Дварчанін, той дзень ператвараўся для нашых жыхароў у нейкае свята, а заадно – у палітасветны агульны сход”.

Польская паліцыя ніяк не змагла змірыцца з дзейнасцю „Змагання”. У студзені 1930 года яна арыштавала ўсіх супрацоўнікаў Цэнтральнага сакратарыята, а ў жніўні – і „недатыкальных” паслоў. Быў арыштаваны і Ігнат Дварчанін. Яго асудзілі на 8 гадоў турмы. У гэты цяжкі для вучонага і палітыка час ярка праявіліся яго якасці змагара: мужнасць, непахісная воля і цвёрды характар. Калі аднойчы ў віленскай турме на Стафанаўскай вуліцы да яго ў камеру зайшоў пракурор і, відаць, жадаючы схіліць яго да здрады, прапанаваў яму як вучонаму і былому паслу найбольш спрыяльныя ўмовы, Ігнат Дварчанін коратка і пагардліва сказаў: „Ласкі панскай не трэба”.

15 верасня 1932 года адбыўся абмен палітзняволеных. У ліку сарака шаснаццатым у спісе значыўся Ігнат Дварчанін. На мяжы, а потым і ў Мінску ўсіх сустракалі з вялікай пашанай. У хуткім часе беларусу-заходніку пранавалі добрую працу ў Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі БелАН, а таксама выконваць абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства. Але гэты шчаслівы час працягваўся нядоўга. 16 жніўня 1933 года наш зямляк быў арыштаваны ДПУ БССР. Яму і іншым дзеячам-адраджэнцам выстаўлялася адно абвінавачванне: „За кантакты з нацыянал-дэмакратычным цэнтрам на карысць Польшчы”.

Паводле пастановы судовай калегіі ДПУ БССР 9 студзеня1934 года Ігнат Дварчанін быў прыгавораны да расстрэлу, але хутка гэты прыгавор замянілі зняволеннем у лагерах тэрмінам на 10 гадоў.

Спачатку яго накіравалі на Салаўкі, а потым на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Паводле пастановы «тройкі» НКВД па Ленінградскай вобласці ад 25 лістапада 1937 года Ігнат Дварчанін усё ж быў прыгавораны да расстрэлу. І 8 снежня 1937 года яго расстралялі…

Падчас адкрыцця ў цэнтры Дзятлава помніка Ігнату Дварчаніну ў кастрычніку 1989 года народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль сказаў: „Народ стварае сваіх герояў, і яны назаўсёды застаюцца ў яго памяці. Такім героем быў і застаўся Ігнат Дварчанін. Можам толькі павіншаваць нашу цудоўную Дзятлаўшчыну, што тут будзе ўзвышацца помнік Ігнату Дварчаніну. Зроблена вялікая справа”.

Сяргей Чыгрын