Найбольшы кірмаш кніг на ўсход ад Віслы

Алена Брава і Анэта Прымака-Онішк (фота Міры Лукшы)

У Беластоку прайшоў Міжнародны кніжны кірмаш, на якім прадстаўленыя 82 выдавецтвы з Польшчы, а таксама 4 з Беларусі. Нязменным арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Фонд „Суседзі”. Прайшлі таксама сустрэчы з больш за 30-цю вядомымі аўтарамі ды літаратурны фестываль «На памежжы культураў». Кірмаш праходзіў 21 – 23 красавіка ў будынку Оперы і Філармоніі ў Беластоку, у Лялечным тэатры і ў музеі кнігадрукавання ў Супраслі. Сярод запрошаных аўтараў былі Алена Брава і Барыс Пятровіч, якіх кнігі адмыслова для кірмашу перакладзены былі на польскую мову. Кнігу Алены Брава «Каменданцкі час для ластавак» („Godzina policyjna dla jaskółek”) пераклала Міра Лукша.

Тлумы сабраліся на аўтарскіх сустрэчах між іншым Кацярыны Бонды („Okularnik”, „Pochłaniacz”, „Lampiony”), родам з Гайнаўкі, «каралевы польскага крымінала» (першая аўтарская сустрэча ў Беластоку) і лаўрэаткі сёлетняй узрагароды імя Веслава Казанэцка Анэты Прымакі-Онішк за кнігу «Бежанства 1915 г. Забытыя ўцекачы».

Кніжны кірмаш у Беластоку суправаджалі канцэрты, выстаўкі, майстар-класы. Гэта найбольшы такога тыпу фестываль на ўсход ад Віслы, – казаў арганізатар Анджэй Каліноўскі, прэзас Фонду «Суседзі». – Аказалася, што толькі Беласток з’яўляецца такім актыўным – мабілізаваць людзей, паказаць колеры культуры, паказаць так, як тут мы можам паказаць – беларускую, украінскую, літоўскую. І тут адбываецца шмат цікавых падзей.
– Сярод удзельнікаў кірмаша былі самыя лепшыя беларускія выдавецтвы, якія штогод папаўняюць сваю палічку новымі літаратурнымі прапановамі, – сказаў дырэктар выдавецтва „Кнігазбор” Генадзь Вінярскі. – Штогод мы выдаем каля 100 назваў кніг. Хацелася б адзначыць, канешне, наш бэстсэлер – „Возера Радасці” Віктара Марціновіча, таксама кнігу паэзіі Уладзіміра Някляева „Толькі вершы” і лепшую кнігу года па версіі конкурса Беларускага ПЭН-цэнтра Насты Кудасавай „Маё невымаўля”.

– Што прамаўляе за тым, каб польскі чытач сягнуў па Вашую кнігу? – пытанне да Барыса Пятровіча (Сачанкі), аўтара кнігі «Спачатку была цемра» («Na początku była ciemność” у перакладзе Ежы Плютовіча на польскую мову).

Кніжка трошкі незвычайная як і для Беларусі таму, што ў нас мала хто піша пра сучаснасць, у нас больш папулярная гістарычная літаратура ці пішацца на ваенную тэматыку, а гэтая кніжка максімальна набліжаная для нашага часу. Падзеі там адбываюцца ў першыя гады незалежнасці Беларусі. Новая моладзь, з якой я сустракаюся часам на прэзентацыях, яна ўжо забылася ці не ведае, яны тады зусім былі маленькія, яны не ведаюць тыя часы. Старыя можа ўзгадваюць з настальгіяй у пэўным сэнсе таму, што гэта быў час іхняй маладосці. Падзеі ў гэтай кнізе адбываюцца ў 90. гады мінулага стагоддзя. Малады хлопец-галоўны герой, які пасля пераследу КГБ пацярпеў, страціў прытомнасць і некалькі гадоў правёў у доме інвалідаў. Фактычна страціў усё, нават сваё імя.

Фонд «Суседзі» неўзабаве выдасць кнігу вершаў Надзеі Артымовіч у перакладзе на польскую мову (апошняе выданне па-польску было 20 гадоў таму) – перастворыць яе паэзію Марцін Рэмбач, а восенню, мабыць, паявіцца яшчэ адна «суседская» кніга беларускага аўтара. Анджэй Каліноўскі: «Мы лічым, што літаратура паўплывае на гэта, што культурная блізкасць Польшчы і Беларусі будзе яшчэ больш зразумелая і яскравая. Таму мы хочам перакладаць універсальныя кніжкі. Я веру, што менавіта тыя ўніверсальныя кніжкі ўдалося нам знайсці і што беларускую літаратуру будуць чытаць у Познані, Вроцлаве ці ў Кракаве. Калі б я на гэта не спадзяваўся, не падняўся б перакладаў і выдання. Тыя асобы, якія памагалі мне выбраць творы, упэўнілі мяне яшчэ, што гэта літаратура па-над Падляшша. Бывае так, што яна можа быць заўважанай у Польшчы, а калі будзе, могуць знайсціся асобы, якія схочуць перакласці яе яшчэ на іншыя мовы. Мы будзем намагацца, каб так было». (лук)