Прыгадаем Эрвіна Кашмідэра

Эрвін Кашмідэр

Асоба


У адпаведнасці з Рыжскім мірным дагаворам ад 18 сакавіка 1921 года Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, якая павінна была забяспечыць свабоднае развіццё беларускай культуры, мовы, даць мажлівасць арганізоўваць беларускія школы. Пра гэта гаварылася і ў Канстытуцыі Польшчы ад 21 сакавіка 1921 года. Аднак Польшча гэта не выконвала. Яна, наадварот, займалася дыскрымінацыйнай палітыкай да насельніцтва Заходняй Беларусі.

Найбольш дыскрымінацыя закранула асвету, навуку і культуру. 31 ліпеня 1924 года ў сейме быў прыняты закон, у адпаведнасці з якім асноўным тыпам школы навучання стала двухмоўная. Школы нацыянальных меншасцей зачыняліся. Такая палітыка прывяла да таго, што ў 1934 годзе беларускіх школ засталося толькі 16. У 1938-1939 навучальным годзе іх зусім не стала. Затое ў Заходняй Беларусі працавала 4421 агульная польская школа. Дзейнічала толькі адна беларуская гімназія ў Вільні. І не было ні адной беларускай вышэйшай навучальнай установы.

Аднак і ў такіх неспрыяльных умовах беларускае насельніцтва ў Заходняй Беларусі імкнулася развіваць сваю асвету, навуку і культуру. Юнакі і дзяўчаты хацелі вучыцца, яны паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Варшавы, Коўна, Прагі, Вільні. Там яны стваралі беларускія арганізацыі, таварыствы і саюзы.

1 снежня 1921 года ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя стварыўся Беларускі студэнцкі саюз (БСС). За ўвесь час існавання сябрамі БСС лічылася каля 300 студэнтаў. Куратарамі БСС былі вельмі паважаныя прафесары. З першага дня і да сярэдзіны 1932 года Беларускім студэнцкім саюзам апекаваўся прафесар неўралогіі Станіслаў Уладычка. Але падчас унутранага ідэалагічнага крызісу ў Беларускім студэнцкім саюзе ён адмовіўся ад куратарства. І з чэрвеня 1932 года да сярэдзіны 1939 года  функцыі куратара пачаў выконваць нямецкі славіст, філолаг, музыкант, прафесар Эрвін Кашмідэр (1896-1977).

Прафесар Кашмідэр аддана любіў беларускіх студэнтаў у Вільні, а яны былі ад яго ў захапленні. Прафесар шчыра апекаваўся ўсімі справамі беларускай моладзі, прыкладаў шмат намаганняў, каб паміж студэнтамі ў канфліктных сітуацыях, якія часам узнікалі сярод асобных сяброў і сярод арганізацый, знаходзіць кампраміс, паразуменне і выйсце.

Будучы доктарам славістыкі Эрвін Кашмідэр мог нават з навуковага гледжання разглядаць беларускае пытанне. Ён заўсёды і вельмі актыўна наведваў розныя студэнцкія беларускія мерапремствы, пасяджэнні праўлення арганізацыі, радаваўся поспехамі і перажываў праблемы беларускіх студэнтаў. Ён любіў з беларусамі фатаграфавацца, таму да сённяшніх дзён захавалася з віленскага перыяду другой паловы 1930-х гадоў шмат здымкаў, дзе беларусы сфатаграфаваны са сваім любімым куратарам.

Эрвін Кашмідэр вельмі сімпатызаваў поглядам беларускіх студэнтаў, праяўляў заўсёды цярпенне і непрадузятасць у ідэйных розных спрэчках. Яго рашэнні прызнаваліся большасцю сяброў Беларускага студэнцкага саюза аб’ектыўнымі і справядлівымі.

Злева направа сядзяць Эма Залкінд, Эрвін Кашмідэр, Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць злева направа Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч. 1932 г.

Эрвін Кашмідэр да беларускай моладзі адносіўся з цеплынёй і светлымі пачуццямі. Ён адчуваў час і добра ведаў тыя ўмовы, у якіх жылі і вучыліся беларускія хлопцы і дзяўчаты. Куратар ніколі не парушаў студэнцкага самакіравання і не ўмешваўся ў самадзейную працу студэнтаў. Але ён ім дапамагаў, прапаноўваў, абараняў. Апекаваў Эрвін Камшмідэр не толькі студэнтаў Віленскай беларускай гімназіі, але і Віленскага ўніверсітэта. У 1931 годзе там паўстала „Таварыства прыяцеляў беларусаведы”. А праз два гады гэта таварыства было зацверджана сенатам універсітэта. Яго куратарам таксама быў прызначаны Эрвін Кашмідэр.

Антон Шукелойць прыгадвае: „Па славянскай філалогіі прафесарам быў немец Кашмідэр, якога палякі запрасілі ва ўніверсітэт. Вялікі прыяцель беларусаў, ён быў апекуном нашых беларускіх арганізацый ва ўніверсітэце. Арганізацыі ва ўніверсітэце мелі сваіх апекуноў, якія перад адміністрацыяй універсітэцкай былі адказныя за дзейнасць дадзеных арганізацый. У гімназіі я вучыў французскую мову і нават матуру здаваў з французскай. Калі паступіў на філалогію, прафесар Кашмідэр сказаў: „Як вы будзеце з філалогіяй, калі не ведаеце нямецкай мовы?”. У тыя міжваенныя часы найвышэй славянскія навукі існавалі ў Нямеччыне. Асноўная граматыка на славянскай мове – гэта лексіка. Таму мусіў я вывучаць нямецкую мову, як лектарат. Гэта не тое, што ў гімназіі. Тут яе вывучалі, каб карыстацца навуковай літаратурай. Ва ўніверсітэце я быў на сваім месцы. Этнаграфію я студыяваў. Потым прафесар перацягнуў яшчэ на этнаграфію цэлы шэраг людзей, якіх ён ведаў і, найперш, літоўца Ёзаса Альдуліса, камуніста, ён выцягнуў яго з турмы. Пасля з прыродазнаўчага факультэта перацягнуў Цітовіча…” (Святлана Белая. Да роднага ганку. Мн., 2009).

Эрвін Кашмідэр, і гэта немалаважны факт, з беларускімі студэнтамі заўсёды размаўляў па-беларуску. Ён добра ведаў беларускую, польскую. украінскую, рускую мовы. Як піша гісторык Уладзімір Ляхоўскі ў сваёй кнізе „Ад гоманцаў да гайсакоў” (Беласток-Вільня, 2012), Эрвін Кашмідэр у 1937-1938 навучальным годзе на кафедры славянскай філалогіі Віленскага ўніверсітэта распрацаваў 20-гадзінны спецкурс беларускай мовы, які чытаў студэнтам свайго аддзялення. Ён шчыльна супрацоўнічаў у гэтым пытанні з Янкам Станкевічам, які меў на гэтым аддзяленні лектарат беларускай мовы.

Добра і шчыра прыгадваў пра Эрвіна Кашмідэра і беларускі грамадскі актывіст у тыя часы ў Вільні Мар’ян Пецюкевіч. Спадар Пецюкевіч нагадаў, што прафесар Эрвін Кашмідэр некалькі гадоў быў дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі імя Урублеўскіх у Вільні. Мар’ян Пецюкевіч туды дастаўляў беларускую літаратуру з БССР. „Эрвін Кашмідэр не хадзіў мне па пятах, што і давала мне адвагі „падкормліваць” сваіх нелегальных чытачоў савецкай літаратурай. Але за пару год перад пачаткам Другой сусветнай вайны становішча пагаршалася і змушала мяне да большай асцярожнасці”, – успамінаў Мар’ян Пецюкевіч у сваіх успамінах пра Віленскі музей, якія былі апублікаваны ў часопісе „Спадчына” ў № 2 за 1995 год.

У Вільню Эрвін Кашмідэр трапіў з Вроцлаўскага ўніверсітэта. Аднойчы прафесар Атрэмскі, вучань Я.Карскага, пачуў на славістычным з’ездзе даклад дацэнта Кашмідэра па польскай граматыцы (стылістыцы) і запрасіў яго выкладаць славянскую філалогію ў Вільню ва ўніверсітэт. Эрвін Кашмідэр пагадзіўся. Да гэтага запрашэння немец вывучаў класічную філалогію, славістыку і санскрыт у Вроцлаўскім універсітэце. Там абараніў доктарскую дысертацыю.

Беларускі студэнцкі саюз. У другім радзе чацвёрты справа Эрвін Кашмідэр, 1930-я гады

У 1938 годзе Эрвіна Кашмідэра тэрмінова адклікалі з Вільні і ён выехаў у Нямеччыну. Падчас вайны яго мабілізавалі ў нямецкую армію афіцэрам сувязі. А калі вярнуўся з вайны, жыў у Мюнхене. У Мюнхенскім універсітэце ўзначальваў кафедру славянскай філалогіі на філасофскім факультэце. Там і адпрацаваў да пенсіі. Быў сябрам Баварскай акадэміі навук, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Аўстрыі.

Эрвін Кашмідэр усё жыццё шчыра любіў беларусаў і ўкраінцаў. З украінцамі ён наладжваў розныя навуковыя канферэнцыі, сустрэчы, прэзентацыі. Ім напісана шмат даследчых прац, у якіх ніколі не мінаў беларусаў і беларускай мовы. Пра прафесара заўсёды пісалі, што ён на сваёй пасадзе і, дзякуючы сваім навуковым працам, набыў вялікі давер. Ён даследаваў скрыжаванне літоўскіх, беларускіх і польскіх інтэлектуальных плыняў…

І апошняе. Пасля таго, як Эрвін Кашмідэр пакінуў Вільню, рашэннем сената і рэктара Віленскага ўніверсітэта ад 23 чэрвеня 1939 года куратарам беларускіх студэнтаў у Вільні быў прызначаны мастак Ежы Гопен – дацэнт факультэта мастацтваў гэтага ўніверсітэта. Але пан Гопен не змог, так як Кашмідэр, унікнуць у справы беларускіх студэнтаў і свядома паўплываць на іх. Ды і хутка пачалася Другая сусветная вайна.

 

Сяргей Чыгрын