Надзённае
У тыя дні, калі беларусы абаранялі ад забудоўшчыкаў Курапаты, дзе ў сярэдзіне ХХ стагоддзя органамі НКУС былі знішчаны тысячы бязвінных людзей, а 75 гадоў таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года расстраляна больш як сто беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, навукоўцаў, святароў, мне прыгадаўся верш „Курапаты” слонімскага паэта Рудольфа Пастухова (1936-1997).
Лёс Рудольфа Пастухова быў няпростым. Яго бацькоў знішчылі ў сталінскіх лагерах, а ён выхоўваўся ў розных дзіцячых працоўных калоніях, уцякаў адтуль, яго лавілі, зноў саджалі за краты, а ён зноў знікаў… Аднойчы лёс Рудольфа Пастухова закінуў у Слонім, дзе ён і пражыў усё сваё астатняе жыццё. Пісаў на рускай мове вершы, шмат друкаваўся, выдаў пры жыцці адзіны зборнік паэзіі „Судьба”.
У 1988 годзе паэт напісаў верш „Курапаты”, а ў кастрычніку ён быў надрукаваны ў „ЛiMe”. Якраз напярэдадні тых памятных Дзядоў. Верш на беларускую мову добра пераклаў пісьменнік Іван Сяргейчык.
„Курапаты” Рудольфа Пастухова тады перадрукавалі многія газеты і часопісы. Гэта быў верш-стогн, верш-крык, што выходзіць з самых глыбіняў чалавечага болю, да якога спрычыніўся, калі яшчэ не мог усведамляць сябе, у тыя часы, калі вырасталі Курапаты. Крык сцішаны, стрыманы, адчайны. Моцная дакладная рыфма і сёння гучыць водгукамі стрэлаў, якія знішчалі тут усё жывое, нават тое, што забіць нельга: „Час расстраляны напавал”. Вобраз чорнага прывіду страшнай сталінскай эпохі, эпохі „гістарычнага правалу”, дзе „сталінізм шалёна рваў”.
Гэта верш-рэквіем па ахвярах сталінізму, па родных бацьках, па тых людзях, з якімі паэт дзяліў нягоды ГУЛагу. У творы згустак крывавага болю паэта, які шукае словы, каб перадаць думкі, што віруюць тут, дзе „мора выліта крыві”, дзе „пясок чырвоны”.
Прапаную чытачам „Czasopisu” верш „Курапаты” Рудольфа Пастухова.
Сяргей Чыгрын
Курапаты
Не Бухенвальд тут,
Не Хатынь,
А Курапаты.
Замшэлы лес –
– Куды ні кінь,
Ды скрып лапаты.
І сэрдца стук
На кожны гук
Смяротна раніць,
Жалобна б’е
Паклон зямлі
Людская памяць.
Галлё трашчыць –
Ужо вядуць
Пад крык зацяты.
Птушыны крык
Не змоўкне тут –
Тут Курапаты.
Ніхто не змог адсюль ўцячы.
Тут цемра суму.
Усяго сто крокаў уначы.
А колькі думак?…
Тут мора выліта крыві.
Тут –
Сосны ў неба.
Пясок чырвоны,
Ржавы жвір.
Тут – быль і небыль.
Куды ні кінешся – правал.
Вадаварот пясчаны.
Час расстраляны напавал,
І кліч адчайны,
І гістарычны той правал –
Чарней за ночы.
А можа, ён,
Як люты шквал,
Фашызм прарочыў?!
Тут сталінізм
Шалёна рваў –
Як вецер века,
Хрыбет гісторыі ламаў
І чалавека…
Пляўком свінцовым са ствала –
Ва ўпор ахвярам…
Крыж накрыж целы,
Пах крыві
І жах на тварах.
Свідруюць кулі чарапы
Ўначы без свісту:
І камсамольца,
Й мужыка,
І камуніста…
І лёсы новыя шумацяць
Ў стале Цанавы –
А целы зноў і зноў ляцяць
На дно канавы.
І на грудзях у Курапат –
На латцы лата,
А смерці, што да новых страт?
Не вінавата…
Яе не клікалі сюды,
Тут ўсё іначай.
Сцірае памяці сляды
Дажджлівым плачам.
І ні крыжоў,
Ні зорак тут –
Гамоняць сосны,
І песні над табой пяюць
Дразды галосна,
Ды цемра вышчарана п’е
Світальны золак…
Вось сведка інтэрв’ю дае.
На твары – сполах…
Фасфарыцыруюць ствалы
Гарой шкілетаў.
Як дзіркі ў чарапах
Ад пісталетаў…
…Ці не маёй матулі крык
Слух рэжа з-пад лапаты?
Павінен нехта адказаць
За Курапаты!
Рудольф Пастухоў
1988 г.