Раннія вершы Янкі Брыля

Нагода


Янка Брыль, 1938 г.

У сваёй кнізе запісаў і эсэ „Парастак” (Мінск, 2006) народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль (1917-2006) напісаў, што „друкавацца я пачаў у часопісе „Шлях моладзі” на пачатку 1938 года, псеўданімамі не карыстаўся, і таму маё „пісьменства” не было таямніцай для бліжэйшых землякоў, тым больш сяброў…”.

Сапраўды, Янка Брыль напачатку сваёй творчасці не карыстаўся псеўданімамі, хаця яны ў яго былі. Пазней ён падпісваўся пад сваімі творамі і Асцюк, і Бобрык, і Дубец, і Лупаты, і Прышчэпа і г.д. Але пачынаў ён свой шлях у літаратуру з вершаў і падпісваў іх сваім уласным прозвішчам Янка Брыль. Першыя яго вершы былі апублікаваныя ў віленскім часопісе „Шлях моладзі” ў 1938-1939 гадах. Гэта былі шчырыя радкі пра родны край, пра тое, што аўтар чуў, бачыў, ведаў. Пісаў і друкаваў ён свае вершы і пазней, яны з’яўляліся ў „Піянеры Беларусі”, і ў „Вожыку”.

Я прыгадаў пра гэта таму, што ў пачатку жніўня Янку Брылю спаўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. Гэты светлы і вялікі юбілей нашага пісьменніка, якога многія ведалі, з якім сябравалі, якога паважалі і шанавалі, адзначаць у многіх кутках Беларусі.

З Янкам Брылём я сустрэўся, калі быў студэнтам філфака БДУ. Мы любілі бываць на літаратурных вечарах у Доме літаратара ў Мінску, якія ён вёў, бо яны былі вельмі цікавыя і запамінальныя. Янка Брыль заўсёды распавядаў нешта асаблівае, вясёлае і новае.

У 2006 годзе ён папрасіў, каб я яму даслаў сваю кнігу „Чамяры і чамяроўцы”, прысвечану вёсцы Чамяры Слонімскага раёна. Я праз Уладзіміра Ягоўдзіка перадаў яму кнігу. Іван Антонавіч ужо моцна хварэў. Але ён уважліва прачытаў кнігу, бо там я распавядаў і пра яго сяброў маладосці Якуба Міско і Анатоля Іверса. А ў знак падзякі ён даслаў сваю кнігу „Парастак” з аўтографам: „Паважанаму Сяргею Чыгрыну – з падзякай за „Чамяры” і найлепшымі пажаданнямі. Янка Брыль. 8.07.2006 г.”.

Янка Брыль вялікі майстар прозы. Багацце асобы, літаратурная манера пісьма, высокае моўна-стылёвае майстэрства зрабілі яго прозу эмацыянальна хвалюючай. Але ў літаратуру ён прыйшоў найперш з вершамі, якія пачалі з’яўляцца амаль 80 гадоў таму. Першыя раннія паэтычныя радкі Янкі Брыля прапаную чытачам „Czasopisa”. Давайце сёння разам пабудзем з Брылём-паэтам, які прыгожа і вобразна апісваў і жніво, і поле, і вясну, і людзей, якія з ім жылі побач.

 

Сяргей Чыгрын

Янка Брыль
Ідзе жніво…

Сакочуць конікі… Бялеюць жыта нівы…
Павісла духата над гонямі палёў…
І мошак свет звініць дакучлівы, гуллівы,
І калыхаюць ветрыка павевы
Чароўны свет вусатых, цяжкіх каласоў.
Бульба красуецца, узорныя палосы
Аўсоў зялёна-сівых, жоўтых ячмянёў.
Гарох кішыць ад красак матылёў…
І не падняць вачэй на сінія нябёсы.

                                                 1939 г.

 

Апошнія крыгі

Ля моста лёд спынілі крыгаломы,
Нібы вясну хацелі затрымаць.
А з-пад лядовае вырваўшысь кары
На поўнач шпарка шэрыя кацілісь хвалі.
Іх сонца лашчыла і вецер карбаваў,
Гуляючы па іх халоднай сталі.
А з вёскі выйшлі хлопцы з бусакамі,
Ганяюць крыгі, весела крычаць…
Зірні: і дзед ў кажушку з дзецюкамі
Прыйшоў зіму ліхую праганяць…
Вунь. Як заўзята крыгу папіхае:
– Ну, праклятая! Як быццам ты не знаеш,
Што ў хляве карова не ўстае,
Што каніна шоры ледзь цягае,
Што ў хаце хлеба не стае,
Што год за годам ў лесе даражае…
Ну, яшчэ, яшчэ, э-эп! Па-а-йшла!..

12.03.1938г.

 

***

Ажываюць лес і поле,
Зашумелі, зацвілі…
А ў садочку на прыволле
З вулляў пчолкі загулі.
І пяюць – прыгрэе сонца,
Распускацца вербы стануць.
Пабялеюць вішні, грушы,
А на лузе кветкі глянуць.
І праз лодку, праз ваконца
Мы, гуллівай чарадою,
За вясною маладою
З песнямі да працы рушым…
Будзь разумны і ахвярны:
Дай нам догляду, спакою –
Хутка злюбімся з табою,
Працаваць цябе навучым,
Знімеш з сотаў мёд пахучы –
І паправіш лёс свой марны.

                                                 1938 г.

Спатканне

Рана ў нядзельку старэнькі дзядуля
Выйшаў у поле з сяла
Глянуць, як статак пільнуе Настуля,
Глянуць, як грэчка ўзыйшла.
Ідзе ён і цешыцца спевам птушыным,
Радасна вокам глядзіць.
І бачыць ля свежай капы канюшыны
Заяц спакойненька спіць.
З літасцю, з смехам падходзе старэнькі,
Зайчыну кульбай крануў.
І засмяяўся, кажа: „Дурненькі
Добра ты тут храпянуў.
Смачна паснедаў, відаць, небарака,
Добра, што я надыбаў.
Гэтак не важна: не бай Бог сабака –
Вось ты б тады і паспаў!..”
Зайка адбегся, дубка прыпадняўся –
Бы слухаць, як дзед наракаў, –
Сеў, пасядзеў… і спакойна у жыта,
Ўдоўж па аўсе паскакаў…
Быццам ён ведаў, што ў сэрцы старога
Светлы пануе спакой…
Быццам ён знаў, што не крыўдзіць нікога
Той, хто магутны душой!..

1938 г.