Сотні гадоў перад керамічнай фабрыкай

Зараз Ляўкова шырокавядомае з прадукцыі чырвонай цэглы. А варта ведаць, што ў XVI стагоддзі быў тут памешчыцкі двор абарончага характару. Ён знаходзіўся на ўзгорку, на правым берагу дзікай ракі Нараўкі. Навокал акружалі яго багны. Адсюль адкрываўся вялікі прастор лугоў. Двор быў абгароджаны вялікім густым частаколам. Цераз балоты з паўночна-ўсходняга боку вяла адна-адзіная вузкая дарожка цераз дрыгву і стаяў драўляны масток. У вёсцы пражывала 35 сялянскіх сем’яў.

Князь Ян Масальскі ў XVII стагоддзі фальваркі Ляўкова і Луку даў у арэнду Казіміру Хлусевічу. Дворскі ансамбль састаўлялі тры часткі: жылы будынак з вокнамі на раку і агарод ды дзве гаспадарчыя часткі. У галоўным абжытым будынку былі два вялікія пакоі, бакавы пакой у якім была спальня, ды каморка-кладоўка, кухня. Побач галоўнага будынка знаходзіліся будынкі для ксяндза і дворскай службы. У яшчэ іншых будынках перахоўвалі харчовыя прадукты, дровы на апал.

Гаспадарчая частка была за частаколам-плотам. Там былі дзве стайні, адрына, пякарня, кароўнік, два свірны і вазоўня. Бліжэй ракі знаходзілася стайня для валоў, піваварня і саладоўня. Над ракою (у ёй была чыстая вада) стаяла лазня з памостам. Да лазні была прымацавана скрыня, у якой трымалі злоўленую рыбу.

Непадалёк ад дворскіх будынкаў пры невялікім драўляным мосце на Баброўцы (яна правы прыток Нараўкі) пабудавалі вадзяны млын з вялікім колам ды фолюш. Тут быў глыбокі стаў, вакол якога ўвесь час раслі толькі вольхі. Крыху далей за ставам Баброўка ўлівалася ў Нараўку. На берагах Нараўкі раслі высокія вольхі ды вербы. Старыя дрэвы падалі ў раку і ляжалі на дне. На лузе насыпалі грэблю і частку вады з рэчкі Нараўкі накіравалі ў Баброўку, на дворскі млын. Млынаром быў Шымуль Карніла. У Ляўкове была яшчэ карчма.

У Луцэ стаяў сціплы дом і пякарня, вакол панадворка былі дзве стадолы, два крытыя саломай хлявы, гумно і іншыя гаспадарчыя будынкі. Усё было абгароджана плотам з дылёў. У Луцэ таксама была карчма, якую вёў яўрэй. У вёсцы жылі 43 сям’і.

29 сакавіка 1668 года на ляўкоўскі двор зрабіў напад судовы выканаўца Тэадор Дэнгоф. У той дзень уварвалася пару соцень узброеных людзей на конях. Яны забралі, між іншым, 10 французскіх пасярэбраных пісталетаў, шмат сярэбраных прадметаў, сукно. Выкралі трох коней-аргамакаў, дваццаць валоў, дзевяноста ялавіц, дваццаць цялят, дванаццаць вепрукоў і сто авечак. На працягу пару дзён рабавалі яны вёскі Ляўкова і Луку.

За набег Станіслаў Масальскі падаў на Дэнгофа ў суд і справу выйграў. Аднак кампенсацыі не атрымаў. У студзені 1669 года Дэнгоф памёр і высокага штрафу не заплаціў.

У першай палове XVIII стагоддзя князь Ян Казімір Масальскі пачаў рабіць шматлікія інвестыцыі ў Ляўкове. Быў выкапаны паралельна да рэчышча ракі Нараўкі канал, насыпалі грэблю, на ёй пасадзілі дэкаратыўныя дрэвы і кусты. Прыгожая алея вяла да новапабудаванай уніяцкай царквы (на месцы старой царквы) у адлегласці двух кіламетраў ад панскага двара. Млын мог амаль бесперапынна працаваць, бо вада з ракі Нараўкі плыла каналам у сажалку, на якой стаяў дворскі млын.

Чарговымі арандатарамі фальварка ў Ляўкове былі Ян Вянгерскі і да 1890 года капітан Юльян Каменскі.

Пасля меліярацыі Баброўкі высахла глыбокая сажалка, на якой калісьці стаяў вадзяны млын. На месцы, дзе быў памешчыцкі двор, захаваліся прыгожыя рыбныя сажалкі. Мы, хлапчукі з Новага Ляўкова ды яшчэ з адным старэйшым дзядзькам, вечарам, калі лугі патаналі ў імгле, падкрадаліся да сажалак і лавілі рыбу сеткай. Я трымаў торбу і апекаваўся ўловам ды сачыў з кустоў, каб не папасці нам у рукі жыхару з дому на ўзгорку.

Як памятаю, да 2002 года на берагах панскіх сажалак раслі тоўстыя старыя вольхі і вербы. На поўдзень, захад і поўнач каля панскага двара былі лугі і сенажаці. Яшчэ дваццаць гадоў таму вясной і восенню іх касілі новаляўкоўцы. Да 1990 года належалі яны, між іншым, Мікалаю Леўчуку і Кірылу Кучко з Новага Ляўкова. Апусцелы драўляны дом Мікалая Леўчука, накрыты чырвонай чарапіцай, стаіць на ўзгорку да гэтай пары. Уласнік яго памёр у канцы мінулага стагоддзя. Сын Кірыла Кучко, Аляксандр на сконе жыцця з ваколіц Гданьска, дзе працаваў ветэрынарам, прыехаў дажываць у бацькоўскі дом у Новым Ляўкове. Быў добрым маім суседам. І гэта ён па дазволу войта ссек некаторыя старыя дуплястыя вербы над сажалкай і на мяжы бацькоўскай сенажаці на дровы. Памёр спадар Аляксандр у лютым 2012 года на 92 годзе жыцця. Панскі двор і людзі адыходзяць у нябыт.

 

Янка Целушэцкі