У рэўні

Залессе

Вельмі прыемна тут бачыць блізкіх, родных людзей, якіх ведаю вельмі шмат гадоў. Калі сёння ехаў, спыніўся насупраць Гасцеева – каб яму пабібікаць. Кожны раз, калі ён на сваім „газоне” праязджаў, тады мне сігналіў. Гэта было, мабыць, 45 гадоў таму. Я ўдзячны, што вы ў першых радах, нізкі вам паклон, – гэтымі славамі на сваім панадворку прывітаў гасцей Аляксандр Быцко, які разам з жонкай Ларысай ужо сёмы раз у вёсцы Залессе (Кобрынскі раён) ладзіць спантанны фэст пад назовам «Вераснёвым днём у рэўні».

Сёлета, апрача студзіводскай «Жэмэрвы», на адмысловы канцэрт прыехаў раённы калектыў «Кобрынскі гармонік», а з далёкага Менску калектыў „Гаманіна” з Дзяржаўнага ўнівэрсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Чаму мы тут? Для нас вельмі моцнае слова – сябар. Калі сябрам нешта трэба, мы заўсёды стараемся дапамагчы, падтрымаць. З радасцю едзем у Польшчу, у Студзіводы, таму што там сябры. З вялікім задавальненнем едзем таксама на запрашэнні Ларысы. А калі пры гэтым яшчэ культурнае мерапрыемства дзе людзі жывуць, як тут – на вёсцы, тады адчуваем вялікаю радасць, – сказала мне Наталля Сазановіч, кіраўнік студэнцкага калектыва з Менску.

„Жэмэрва”

У рэўні, які вядзе па-за гумнамі ўсіх гаспадароў таго боку вясковай вуліцы, сустракаліся раней усе, хто ішоў на сваё поле. Архітэктура месца дазваляе дабудаваць да сцяны ў клуні сцэну. Калі знізу паставіш пару лавак, атрымоўваецца быццам антычны амфітэатр. У такіх умовах кожны раз праходзіць вясковы канцэрт на сядзібе сям’і Быцкаў. Рэвень паходзіць ад слова «роў». Часта, калі ідуць дажджы, робяцца там вымоіны – так паўстаў наш роў. З гадоў пасля вайны там яшчэ быў пясчаны кар’ер. Калі сельска-гаспадарчае прадпрыемства прыйшло, усё выраўняла. Рэвень, усё ж, застаўся. На гэтым месцы выраслі бярозы і сосны. Мы вырашылі выкарыстаць такую прастору і мне падаецца, што яна ўдалася, – кажа Саша Быцко, гаспадар. Уражанні на гэты год вельмі пазітыўныя, таму што прыехалі да нас знакамітыя людзі, якія не цураюцца заехаць сюды, у наш малы закутак. Гэта Дарафей Фіёнік са сваёй групай „Жэмэрва”, знакамітая паэтэса Антаніна Хатэнка з Менска, вядомы бард Алесь Камоцкі. Мне падаецца, што яму падабаецца.

Фэст гэта незвычайны, таму што круг сяброў Сашы і Ларысы прадстаўляе не толькі народны фальклор. Сёлета са сваімі вершамі прыехала ў Залессе Антаніна Хатэнка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кожнаму чалавеку сваім часам і ў пэўным узросце вельмі хочацца патрапіць на свае сляды, вярнуцца да сваіх каранёў. Са мной тое і адбываецца. Я паціху вяртаюся да той зямлі з якой вырасла, узняслася і пайшла ў свет. З Ларысай і Аляксандрам Быцко мы шмат што разам ладзім. Я далучаюся да ўсіх іхніх цікавых імпрэз, дзе магу сапраўды з’яднацца ў мастацкім парыве, дзе магу сказаць слова да землякоў, да зямлі. Яно роднае, дарагое. Там найцяплей. Сёння я сюды трапіла, таму што бы змовіліся загадзя, каб сустрэцца ў апошнія дні верасня, таму што яны мне патрэбны, а я патрэбна тут. Мы прыехалі з Алесем Камоцкім вельмі шчаслівыя, што тут хатняя атмасфера, што памяць людская. Нам тут добра і, спадзяюся, людзям таксама тут добра. Заўтра мы накіруемся на Драгічыншчыну, там таксама маем надзею гэтае адчуванне еднасці ў сваёй краіне падараваць людзям, а яны нешта таксама ад нас атрымаюць. Штосьці добрае, цёплае і светлае. Усё – што ў нашых душах.

Аляксандр і Ларыса Быцко

Я не ведаў куды еду, мне Антаніна запрасіла. Вельмі цікава пабываць у такім месцы. Разам з сябрам, Вадзімам Грыцко, пачынаю рабіць кніжку, якая будзе называцца „Вяртанне да вёскі”. Пакуль у мяне толькі канцэпцыя. Тэма вёскі ў фотаальбоме з вершамі. Хаця я вырас на асфальце і наскрозь гарадскі чалавек, я адчуваю нейкі сум з-за таго што зараз з вёскай адбываецца, – сказаў мне Алесь Камоцкі.

Мясцовая жыхарка, якая з’ехала ў Брэст – Галіна Карнеева – прыехала на фэст ужо другі раз. – Да мяне сёння прыехаў мой брат з Івацэвічаў. У чацвер даведалася, што будзе канцэрт, пакінула ўсю сваю работу і прыехала сюды, каб абавязкова прыйсці ў рэвень. Я пад уражаннем, у наступны год таксама хачу прыехаць. У любую пагоду варта вяртацца ў Залессе на такі канцэрт, – сказала.

У любым выпадку да сустрэчы са сувяскоўцамі многа не трэба. Крыху адвагі, добрага надвор’я, а часам, проста рэўня за клуняй.

 

Тамаш Суліма