Успамін пра старую Плянту

 

Зіма ў лесе каля Новага Ляўкова (Фота Янкі Целушэцкага)

Даволі вялікі лясны абшар за вёскай Новае Ляўкова ў бок чыгункі мае назву Плянта. Гэты лес на тэрыторыі Нараўчанскай гміны ў Гайнаўскім павеце. Тут на невялікіх узгорках растуць пераважна сосны ў сваім вечназялёным убранні. Там-сям можна ўбачыць елкі. Ліставыя дрэвы тут у меншасці. Да лесу з захаду падступаюць палі і лугі ды з усходу і з поўначы – шырокія лугі і сенажаці над рэчкай Баброўкай.

Лес прасякае чыгунка з Гайнаўкі ў Семяноўку і далей у Цісоўку. Там, дзе пачынаюцца балоцістыя лугі ў даліне, яна бяжыць па высокім насыпе. Там і мост над некалі завілістай дзікай рачулкай Баброўкай (паўвека таму яна не была меліяравана і было ў ёй многа рыб розных відаў). З лугоў бягуць да яе ручайкі. Яны асабліва булькатлівыя пасля праліўнага дажджу летам ды вясной, калі сыходзіць снег з прасторных лугоў.

У Плянце сем дарог і шмат пратаптаных дарожак ды сцяжынак. Дарогі прасякаюць лес як і калісьці – сама менш 60 гадоў таму. Накірунак іх… зусім не памяняўся. Лес тады быў куды вышэйшы і гусцейшы, месцамі непраходны і таму было ў ім больш таямніча ды ў спякотны дзень ён моцна пах смалой. Было многа старых вялікіх дрэў і пераважна разгалінастых сосен. А якія высокія-высокія былі елкі, на галінах якіх вясной каля вяршка, быццам ліхтарыкі, чырванелі шышкі. У Плянце былі конскія могілкі. На іх закопвалі здохлую хатнюю жывёлу. Вяскоўцы навокал гэтага месца выкапалі равы. Мы, тады яшчэ дзеці, іх абміналі. Крыху старэйшыя ад нас казалі нам, што там ляжаць вялікія бела-шэрыя конскія чэрапы, рэбры ды косці хрыбтоў і ног. У старым густым лесе не адзін раз прыйшлося мне блудзіць. Перш-наперш у пахмурны дзень і калі я быў у лесе сам. Трыццаць гадоў таму па лясных дарогах сяляне яшчэ ездзілі на сенажаці ды ганялі вялікую чараду кароў на супольныя вясковыя пасвішчы. Я памятаю як па гэтых дарогах сяляне ездзілі яшчэ вазамі-жалязнякамі. Тады ў шматлікіх месцах цягнуліся гразкія каляіны.

Шмат гадоў таму ў лесе здарыўся вялікі пажар. Але лес адрадзіўся нанава. Зараз зараслі травой многія прызабытыя дарожкі. Усё ж што мяне цешыць – межы лесу, як бачу на працягу майго 70-гадовага жыцця – яны не памяняліся! Плянта трымаецца, жыла, жыве і жыць будзе. Мяне не стане на гэтым белым свеце, а яна будзе расці далей, для наступных пакаленняў. Пакліча да сябе. І будуць яны збіраць як і я збіраў у цёплую пару года ягады і грыбы.

Ад 1951 па 1960 год я з братам пасвіў кароў з паўвёскі (у сярэднім 45-50 штук) на лугах у лесе і за лесам непадалёк Баброўкі. Ад раніцы да вечара. У летнюю спёку і ў дажджлівыя дні. Бацька часамі выручаў нас у дзень найвялікшага ў Ляўкове летняга прыхадскога свята Пятра і Паўла (яно прыпадае 12 ліпеня). Так праходзілі нам лета за летам. Пакідалі мы пасёнку кароў тады, калі канчаліся канікулы і прыйшла жаданая намі пара ісці ў школу. Тая пастушая Плянта бывае што і цяпер часамі прысніцца.

У Плянце не звяліся яшчэ ягады чарніцы і брусніцы (гэтых апошніх ёсць менш) ды грыбы-баравікі, пліскі, сыраежкі і зялёнкі. Паўвеку таму розных відаў грыбоў было куды больш чымсьці цяпер. Цяпер знаходжу яшчэ баравікі ды лісічкі ў чатырох месцах. Ягаднік устойлівы ў вядомых мне трох месцах і там ёсць ягады. Няма тут лісаў ні зайцаў (асталася толькі назва ўрочышча Лісіны норы). Сустрэць можна ўсяго вавёрку або вожыка. Ад нядаўна пачалі тут шарыць дзікія свінні. Не абмінаюць Плянты… зубры. Адзін раз яны мяне моцна напалохалі. Я падыйшоў да зубрынага стада, бо думаў, што гэта чыесці каровы. Іх, зуброў, тут да гэтай пары не было.

У лесе быў лужок, на якім з вясны да позняй восені цвілі розныя лясныя і лугавыя кветкі. На палянах вясной цвіў ландыш ды пад восень верасы. Я ведаў пяць месцаў, дзе раслі сончыкі. Пяць-шэсць гадоў таму было яшчэ адно такое месца. Было і знайшоў толькі адну іх “сямейку”. На тым лясным пясчана-жвірыстым узгорачку ссеклі сосны і кветкі звяліся.

Помніцца мне той час, калі быў у дзесятым класе ў Гайнаўскім агульнаадукацыйным ліцэі (было гэта ў 1961 годзе). Ездзіў я тады на польскім ровары „Olimp” у вясновы лес і любаваўся сончыкамі ды збіраў першыя грыбы. Радаваўся адраджэнню і аднаўленню прыроды, радаваўся жаданай вясне. Як добра ранняй вясной у сасновым лесе! Якое тут чыстае, празрыстае паветра! Сярод зялёнай ігліцы гучыць звонкі, бадзёры спеў. Спынішся і прыслухоўваешся. Спяваюць берасцянкі. Раніцай яны наладжваюць цэлыя канцэрты.

У лесе зацвіталі кураслеп, пралескі і сончыкі, а я ўжо збіраў першыя грыбы-смаршчкі. Яны любяць зарослыя травой і карычневым мохам абрывы ды берагі равоў побач лесу ў месцах дзе даходзіць сонца і сагравае зямлю. Часта паяўляліся яны перад самым Вялікаднем.

Што цікава, у плянтаўскім лесе ёсць больш дваццаці вялікіх купчастых мурашнікоў – яны пад смалістымі соснамі і вельмі часта каля ядлоўцаў. Найбольш іх на пясчаных узвышшах і побач пратоптаных сцяжынак. У іншых лясах увогуле іх няма. Так, як у Белавежскай пушчы няма ядлоўцаў. Аб гэтым я даведаўся нядаўна. Мы з братам два гады таму ездзілі ў пушчу за Капітаншчыну ды пад Крыніцу і нідзе не бачылі ядлоўцаў.

Прыгожа і неяк святочна ў лесе восенню, калі лісце на дрэвах пачынае жаўцець ды чырванець, набываючы розныя колеры і адценнні. Сярод цёмных лапак ялін і сосен зіхаціць залатое лісце бяроз. Адны толькі елкі ды сосны ніколі не губляюць сваёй адвечнай зялёнай красы. Сонечнай раніцай на лісцях хмызняку ды на павуцінні зіхацяць буйныя кроплі халоднай і чыстай расы. Стаіш і захапляешся восеньскай прыгажосцю.

Зімой мой бацька часта забіраў мяне ў плянтаўскі лес загатаўляць дровы і збіраць шышкі ў кошык або ў мяшок. Зімы тады былі снежныя. Ездзілі мы санкамі. У марозны дзень паганялі каня, каб хутчэй бег, а самі саскоквалі з санак і беглі за імі. Каб не давацца холаду! Дровы куплялі ў нас удавіцы з нашай і з суседняй вёскі, якая называецца таксама Плянтай. Хваёвыя і яловыя шышкі (леснікі ведалі, што адсюль насенне з іх ёсць самае лепшае для размнажэння на іншай тэрыторыі) купляў без абмежавання гаёвы, які жыў у Падляўкове. Так зімой, калі не трэба ісці працаваць у поле ці на сенажаць, мы падзараблялі.

Лес Плянта захоўваецца ў маёй памяці пакуль я жыць буду. А праз 10-20 гадоў, калі я ўжо буду пахаваны на старых могілках у Новым Ляўкове, можа нехта возьме ў рукі “Часопіс” – ды прачытае пра Плянту словы мною напісаныя і зробіць параўнанне: якая яна раней была і якая ёсць у новай рэчаіснасці?


Янка Целушэцкі