Успамінаю Гайнаўку паўвекавой даўнасці

З Гайнаўкай я быў звязаны з часоў свайго дзяцінства. Мая мама з вёскі Дольнае (зараз так называецца адна з гайнаўскіх вуліц на заходняй ускраіне горада) выйшла замуж у Новае Ляўкова. У Дольным – як я запамятаў – стаялі драўляныя хаты з саламянымі стрэхамі і вельмі часта былі яны спалучаныя з хлявом. Пяцьдзесят гадоў таму яшчэ жылі бацька і мачаха мае мамы, брат Федзя і сястра Вольга. Мы з бацькам і мамай наведвалі іх. Мой бацька вазіў мамінай сястры бульбу, буракі і капусту ды дровы на зіму. У Гайнаўцы жыве яшчэ толькі дваюрадны брат мамы Валодзя (ён пенсіянер).

Бацькі пакідалі  мяне на пару дзён у сям’і Федзі (драўляны дом і зараз стаіць пры вуліцы Электрычнай) і я меў ў Гайнаўцы новых калег. Вясной, летам і восенню мае гайнаўскія сябры вельмі любілі займацца футболам. Для гэтага мелі вялікую плошчу пасбішч-паплавоў побач вуліцы Электрычнай. На гэтай дачаснай спортпляцоўцы я навучыўся ездзіць на веласіпедзе. Зімой мы каталіся на каньках. Найчасцей з’язджалі на заснежаны луг з высокага насыпу чыгуначнай пуці, якая вядзе з Гайнаўкі ў Семяноўку. Дзяцей і моладзі збіралася процьма. Гоман і крыкі чутны былі пасля поўдня да змяркання ды яшчэ пазней і тады ўжо на вуліцы Паддольнай уключалі вулічнае электраасвятленне.

Дагэтуль сістэма вуліц у Гайнаўцы толькі крыху памянялася. Новых пабудавалі ўсяго некалькі, у тым ліку адну з найдаўжэйшых – вуліцу Ракавецкага (ад жыллёвага пасёлка Лясныя Калейкі да новапабудаванай бальніцы-шпіталя), Новую, Белавежскую і Жаб’яй Горкі. Вуліцы не былі такія шырокія як цяпер. На важнейшых быў брук або шлака (дзындра). Пасля ападкаў поўна гразі было на вуліцах Паддольнай, Электрычнай і іншых тады яшчэ не названых.

Вуліцы ў цэнтры горада мелі назвы: Сталіна (пасля 1 Мая і цяпер 3 Мая), Леніна (цяпер Арміі Краёвай), Л. Варынскага (зараз С. Баторыя), М. Бучка (цяпер кс. І. Верабея), Вызвалення (зараз Ю. Пілсудскага) і Пралетарыяцкая (зараз 11 Лістапада). Не было вуліц са скрыжаваннямі з кругавой развязкай (а цяпер іх чатыры). Зараз ёсць два скрыжаванні са святлафорамі. Найбольш тратуараў пабудавалі за апошнія дваццаць гадоў.

Яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя паабапал гайнаўскіх вуліц расло многа высокіх прыгожых дрэў: дубоў (шматлікія з іх растуць і цяпер, між іншым, пры вуліцах Белавежскай, Паркавай, Ю. Пілсудскага, а. Дзевятоўскага), ліпаў, клёнаў і бяроз. Дамы былі пераважна драўляныя. Царква таксама. Яна была адна на ўвесь горад (на яе месцы цяпер новы вялікі Святатроіцкі сабор). У горадзе быў двухпавярховы драўляны дом “Леснік” і ў ім кіно. Калі прывозілі цікавы кінафільм, былі па два кінасеансы ў адзін дзень. У “Лесніку” заснавалі духавы аркестр. У летнюю пару на пляцоўцы пад дубамі пры “Лесніку” ладзілі танцы. Калі пабудавалі мураваны вялікі Дом культуры “Гурнік”, тады і там пачалі арганізаваць усе культурныя мерапрыемствы. Цяпер гэта Гайнаўскі дом культуры.

Мураваныя шматпавярховыя жыллёвыя будынкі пачалі ставіць у цэнтры горада паабапал вуліцы 3 Мая, пры вуліцы С. Баторыя, пры колішняй вуліцы Вызвалення, вуліцы Аляксея Зіна, на пасёлку Пашкі і пры вуліцы Ліпавай. Прыватнае жыллёвае будаўніцтва разгарнулася ў раёне вуліц Варшаўскай, Скарпавай, Мастовай, Паддольнай, Простай, Доўгай, Новай, Паўднёвай, Электрычнай, Бельскай і іншых.

У шасцідзесятых гадах мінулага стагоддзя ў Гайнаўцы поўнай парай працавалі фабрыкі на базе драўніны: мэблевая фабрыка і г. зв. Паркецярня, хімічная фабрыка ды вялікі тартак. Цяпер не ўсе ведаюць, дзе знаходзіўся шкіпінарны завод (terpentyniarnia). Быў ён на месцы сённяшняга гарадскога парка. Драўніну з лесу ў тартак або на хімічную фабрыку вазілі вузкакалейкай. Ішла вялікая прадукцыя.

Добра памятаю колішні чыгуначны вакзал. Побач пуці стаяў доўгі драўляны будынак пачакальні для пасажыраў. У ім працавалі начальнік вакзала і дзяжурны руху паяздоў. У гэтым бараку быў бар. У ім абедалі не толькі чыгуначнікі. Ён быў адкрыты ад раніцы да вечара для ўсіх хто сюды заходзіў. Я і некаторыя мае аднакласнікі ў гады 1958 –1962 штодзень ездзілі цягніком з чыгуначнага паўстанка з надпісам “Нараўка” (хаця ён быў у Плянце, а да Нараўкі адсюль ажно 4 км) у агульнаадукацыйныя ліцэі (было іх два, адзін з беларускай мовай навучання) і ў прафесійныя школы. Цягнікі часта прыязджалі ды адпраўляліся ў Бельск-Падляшскі, Белавежу, Чаромху і далей у Варшаву, Семяноўку і далей у Цісоўку. Ва ўсе дні – буднія і святочныя ездзіла многа людзей. Хто на працу, хто ў школу, а хто толькі на базар. З даездам не было праблемаў. Цяпер не паедзеш пасажырскім поездам у Семяноўку, Белавежу або ў Бельск-Падляшскі. Апусцеў і заглух вакзал. Што такое магло б здарыцца, ніхто раней не прадбачваў.

У 1958 годзе я паступіў вучыцца ў гайнаўскі ліцэй. Меў гайнаўскіх калег, якіх бацькі былі дырэктарамі і кіраўнікамі гайнаўскіх фабрык і прадпрыемстваў. Адзін аднакласнік пасля ўрокаў ішоў да бацькі, які кіраваў прадпрыемствам Лясной недраўлянай прадукцыі “Лес” і мяне туды запрасіў. Шэф „Лесу” ветліва мяне прыняў і расказаў пра сваё прадпрыемства, чым яно займалася. А яно скупляла грыбы і ягады, лячэбныя зёлкі, а нават зайцоў. На экспарт высылалі ў заходнееўрапейскія краіны свежую і салёную пліску ды ягады-чарніцы. Жывых зайцоў экспартавалі на развод у Францыю і ў Італію. У замежныя краіны высылалі многа футаралаў для прэцызійнай апаратуры.

Пацікавіўся я, што прадукуюць на хімічнай фабрыцы. Тут працаваў да самай пенсіі брат маёй мамы Федзя. Ён мне тады сказаў, што ім, рабочым на гэтай фабрыцы, строга забаронена гаварыць пра яе вытворчасць. Іх, адыходзячых дадому пасля працы, заўсёды дакладна правяралі. І ў мяне былі толькі здагадкі, чаму тут усё было такое засакрэчанае.

У 1960 годзе ў Гайнаўцы пабудавалі дрэваапрацоўчы камбінат. У ім пасля заканчэння прафесійнай школы працаваў мой брат Кастусь. Быў столярам. Ён мне распавёў, што працавалі тады сем цэхаў: лесапільны, фрэзерны, паркетны, мазаікавага паркета, фарнірны, мэблевы і драўлянай упакоўкі (усялякіх скрынак, між іншым, да транспарту прадуктаў харчавання, грыбоў, садавіны і для прамысловасці). У мэблевым цэху выраблялі перш за ўсё высакаякасную кухонную мэблю пад назвай “Рэха пушчы” (1 000 камплектаў у год). У склад камплекта ўваходзілі буфет, шафка, палічка, вешалка, стол, столік і два крэслы.

Гайнаўка помніцца мне яшчэ невялікім ціхім і спакойным горадам. Было ў ім многа дрэў і ў цёплую пару года кветак. Садзілі іх перш-наперш паабапал галоўных вуліц. Прыгожы і задуменны быў горад каляровай восенню. Вецер шумеў у галінах высокіх дрэў, ападала лісце з пажаўцелых клёнаў, ліпаў і бяроз. Яно доўгі час шасцела пад нагамі. Вечарамі вуліцы былі ціхія-ціхія. Патаналі яны ў паўзмроку – тады няшмат было вулічных ліхтароў.

Янка Целушэцкі