Вектары Галіны Тварановіч

Галіна Тварановіч (Фота Міры Лукшы)

Беларуская літаратуразнаўца і паэтэса Галіна Паўлаўна Тварановіч нарадзілася ў 1955 г. у Дараганавае Магілёўскай вобласці. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. 1985 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю, а ў 1999 г. – доктарскую. З 1983 года працавала навуковым супрацоўнікам у Інстытуце літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1999 г. выкладае ва Універсітэце ў Беластоку З 2001 г. – галоўны рэдактар часопіса «Studia Wchodniosłowiańskie» («Усходнеславянскія даследаванні»). Выдала некалькі паэтычных зборнікаў. Друкуецца з 1967 г., як літаратуразнаўца — з 1982 г. Аўтарка даследаванняў па ўзаемасувязях сучаснай беларускай прозы і прозы былой Югаславіі, па кампаратывістыцы, гісторыі беларускай літаратуры, сучасным літаратурным працэсе. Выдала м.інш. «Маральны свет героя: Беларуская і югаслаўская ваенная проза 60-70-х гг.» (1986), «Пакутаю здабыты мір: Тыпалогія характару ў беларускай і славенскай прозе» (1991) і інш. Адна з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст.» (т. 1–4, 1999-2002). Яе паэтычныя зборнікі «Ускраек тысячагоддзя» (1996), «Верасы Дараганава» (2000), «Чацвёртая стража» (2004), «Бурштынавы яблык» (Беласток 2010) прасякнуты роздумам над праблемамі жыцця, лёсам чалавека ў Вечнасці, любоўю да роднай зямлі, хрысціянскімі матывамі. У перакладзе на польскую мову выйшла кніга «W nieba utulenie» (Białystok 1996). Перакладае з сербскай і польскай моў. Выдала „Пры брамах Радзімы. Літаратурнае аб’яднанне «Белавежа»: станаўленне, праблемы, асобы” (Беласток 2012) і інш. Пераклала са старапольскай мовы (у суаўтарстве з Янам Чыквіным) „Запіскі янычара Канстанціна Міхайловіча, серба
з Астровіцы” (Беласток 2008). Кніга «Пайсці, каб вярнуцца» ўзнікла на аснове шматгадовых дзённікавых запісаў аўтаркі.

Новы зборнік артыкулаў праф. Галіны Тварановіч «Вектары беларусазнаўчых даследаванняў. Традыцыя – Сучаснасць – Узаемасувязі», выдадзены Універсітэтам у Беластоку ў канцы 2016 г. Сама назва кнігі сведчыць аб намерах аўтаркі акрэсліць некаторыя прыярытэты сучаснай беларусістыкі ў Польшчы і Беларусі. Трыма тэматычна-праблемнымі вектарамі, накірункамі прадстаўлены тут навуковыя інтарэсы аўтаркі.

– Сярэдняму з іх, а менавіта асэнсаванню літаратурных узаемінаў беларусаў і паўднёвых славян я абавязана, – успамінае аўтарка, – яшчэ студэнцкаму захапленню творчасцю лаўрэата Нобелеўскай прэміі Іва Андрыча. У свой час па яго знакамітым рамане «Мост на Дрыні» мне пашчасціла напісаць і абараніць дыпломную працу, што прывяло да далейшай шматгадовай, можна сказаць, пажыццёвай любові да кампаратывістыкі – параўнальна-гістарычных даследаванняў, да даследаванняў, як выпрацоўвалася беларуска-балканская літаратурная традыцыя. Адным з заўсёды актуальных вектараў маіх даследчыцкіх інтарэсаў была і ёсць таксама сучасная беларуская літаратура. Прытым хочацца падкрэсліць, што своеасаблівай кропкай адліку пры асэнсаванні беларускага прыгожага пісьменства ХХ – пачатку ХХІ стст. для мяне з’яўляецца менавіта даўняя літаратура з яе духоўным, гуманістычным пафасам. Таксама цалкам невыпадкова кніга распачынаецца тэматычным блокам, прысвечаным творчасці сяброў Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», якое набліжаецца да свайго шасцідзесяцігадовага юбілею (2018 г.). Творчы феномен гэтай унікальнай пісьменніцкай арганізацыі цікавіць мяне ўжо звыш паўтара дзесяцігоддзя. Аб тым, што «Белавежа» ўзнікла ў 1958 г. пры рэдакцыі тыднёвіка «Ніва» ў Беластоку, што з’яўляецца арганічнай часткай агульнага беларускага літаратурнага працэсу, яскрава сведчаць, між іншым, дачыненні з ёю вядомага беларускага эміграцыйнага пісьменніка Масея Сяднёва і народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля – гэтымі выдатнымі творчымі асобамі яднаюцца першы і трэці вектары кнігі, ствараецца агульны кантэкст беларускай літаратуры ў Польшчы, Беларусі і на эміграцыі.

Кніга Галіны Тварановіч з’яўляецца зборам артыкулаў на беларускай, польскай, нямецкай і сербскай мовах. Першым артыкулам з’яўляецца „Jerzy Wołkowyckі – działacz i pisarz: geneza białoruskiego ruchu literackiego w Polsce”. Грамадская і прафесійная дзейнасць і цікавая паэтычная і празатарская спадчына ставяць Валкавыцкага на асаблівае месца ў гісторыі беларускай літаратуры ў Польшчы. Аўтарка адзначае, што Георгій Валкавыцкі, выпускнік прэстыжнага Літаратурнага інстытута ў Маскве, не навязваў калегам сваіх адносін да літаратуры, да творчага працэсу, рэалізаваў на практыцы глыбока прадуманую ім сваю літаратурна-эстэтычную праграму, якая пастаянна стала эстэтычнай платформай для ўсяго аб’яднання. Своеасаблівым пацвярджэннем плённасці выбранай Г. Валкавыцкім пазіцыі з’яўляецца артыкул «Белавежац Яша Бурш: традыцыя і наватарства. Паэт і мастак Я. Бурш (1928-2007)». Яша Бурш як першы з «белавежцаў» пачаў выкарыстоўваць верлібр, асноўваючы свае пошукі імкненнем да шчырасці ў самавыяўленні, што з’яўляецца асновай поспеху ў любой творчасці. Яго пытанне «Якая павінна быць паэзія?» было разгорнутае на літстаронцы «Белавежы» ў «Ніве» ў 1963 г. Аб тым, чым жыла «Белавежа», у тым ліку і пошукамі адказу на пытанне чым ёсць паэзія, якія ў яе крыніцы і якія заданні яна рэалізуе – сведчыць творчасць паэта-селяніна Уладзіміра Гайдука (1941- 2012) – аўтатэматычныя праблематыка асабліва відная ў яго ўжо выдадзенай пажыццёва кнізе «Дзівасіл» (2013) – што аналізуецца ў адным з артыкулаў кнігі. Аповесці Віктара Стахвюка «Мая Камчатка» і «Корсіка» выразна ўзбагацілі прасторавыя каардынаты творчасці беларускіх пісьменнікаў у Польшчы, у творах якіх сюжэт развіваецца перш за ўсё на Беласточчыне. З кнігай В. Стахвюка «Пакуль змеркне дзень» (2014) у белавежскую прозу ўвайшла тэматыка прадстаўленая ўпершыню, таксама і ў літаратуры метраполіі. Аўтарка падкрэслівае, што ў сваіх празатарскіх творах В. Стахвюк, аўтар паэтычнага зборніка «Багровы цень» (2002) застаецца быць верным сваім нацыянальным вытокам, уцвярджаючы чалавечыя гуманістычныя каштоўнасці. Культурна-гістарычнай аўры Бельска-Падляшскага, які займае асаблівае месца ў гісторыі ўсходніх славян і Вялікага Княства Літоўскага, а якога мінулае і сённяшняе сталі натхненнем для шэрагу белавежцаў (Юрка Геніюш, Мікола Гайдук, Юры Баена, Ян Чыквін, Надзея Артымовіч), аналізу яго феномена і творчасці захопленых ім аўтараў прысвечаны адзін з артыкулаў зборніка. Праф. Г. Тварановіч успамінае таксама працу іншых польскіх і беларускіх навукоўцаў, датычную да творчасці аўтараў БЛА «Белавежа». Былі абаронены дзве габілітацыйныя дысертацыі на гэтую тэму: Тэрэсы Занеўскай (1998), Гэлены Дуць-Файфер (2012), і дзве доктарскія: Бэаты Сівэк (2011) і Анны Саковіч (2007) ды працы ў розных навуковых цэнтрах Польшчы – у Варшаве, Любліне, Беластоку і Кракаве. Артыкул «Беластоцкія этапы жыццёва-творчага шляху Масея Сяднёва» – пра аднаго з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай эміграцыйнай літаратуры таксама ўваходзіць у першую частку зборніка. Свае ўражанні ад часу праведзенага ў Беластоку Сяднёў унёс у свой «Беластоцкі сшытак». Беластоцкі этап М. Сяднёва працягнуўся ў 1991 г., калі ўстанавіліся яго новыя кантакты з «Нівай» і літаратурна-мастацкім часопісам «Тэрмапілы», дзе таксама паявілася творчасць і аналізы твораў Янкі Брыля. Другая частка даследавання кранае беларуска-паўднёваславянскія традыцыі (пачынаючы ад «Турэцкай хронікі серба Канстаніцна Міхайловіча», разглядаецца характар узаемаадносін беларусаў і сербаў, славенцаў, харватаў, разам з беларускім «залатым векам». Заключная, трэцяя частка кнігі факусіруе ўвагу на некаторых праблемах сучаснага літаратурнага працэсу.

У артыкуле «Беларуская паэзія ў процістаянні дэідэалагізацыі (творчасць Ніны Мацяш і Хрысціны Лялько)» аўтарка падкрэслівае, што навукова-тэхнічны прагрэс, не забяспечаны гуманістычнай ідэалогіяй, духоўнасцю, вядзе да дэградацыі, глабальнай катастрофы ўсяго чалавецтва. Разам з трагічнай дэхрысціянізацыяй Еўропы адбываецца звядзенне функцыі прыгожага пісьменства да гульні, забавы. Творчасць Н. Мацяш (1943-2008) і Х. Лялько (нар. 1956) сведчыць ад вернасці этнічным, нацыянальным каштоўнасцям, аб прыярытэце духоўнага зместу. У артыкуле «Літаратуразнаўчыя пошукі Алеся Яскевіча» аўтарка арганізуе ступень прафесійнага росту аднаго з найбольш яркіх прадстаўнікоў беларускай гуманітарнай навукі так званага філалагічнага пакалення. Раскрываецца шматаспектны характар навуковых інтарэсаў А. Яскевіча (нар. 1934): ад праблем фармавання новай літаратурнай традыцыі, псіхалогіі творчасці, праблем стылю і структуры твора да пытанняў перакладу і рытмічнай арганізацыі тэксту. Тэндэнцыі і накірункі развіцця беларусістыкі ў Польшчы і Беларусі прадстаўляюцца ў завяршаючым кнігу артыкуле «Вектары беларусазнаўчых доследаў», звяртаючы ўвагу на даследаванні, якія ўбачылі свет
у Варшаве, Мінску, Віцебску, Любліне, Кракаве, Брэсце, Баранавічах і Беластоку.

– Праблемна-тэматычнае поле літаратурна-крытычных артыкулаў Галіны Тварановіч закранае тры накірункі даследаванняў, – адзначае праф. Галіна Тычко з БДУ у Мінску. – Найперш гэта тое, што найбліжэйшае і найдаражэйшае сэрцу – мясцовы беластоцкі кантэкст існавання беларускага слова. Тое, што іспанскі пісьменнік Мігель дэ Унамуна называў «бясконцасцю і вечнасцю», якую «мы знаходзім толькі на сваім месцы і ў сваю гадзіну, у сваёй краіне, у сваёй эпосе». Тое, што ў гісторыі літаратуры выяўляецца праз прызму: індывід – нацыя – чалавецтва.

 

Міра Лукша

 

Галіна Тварановіч, Вектары беларусазнаўчых даследаванняў. Традыцыя – Сучаснасць – Узаемасувязі, выданне Універсітэта ў Беластоку, Беласток 2016.