Вяртанне з небыцця заходнебеларускіх паэтаў

Спадчына


Вершы Маладога Дубка і Язэпа Крыгі з вялікім задавальненнем публікавалі часопісы „Шлях моладзі”, „Калосьсе” і іншыя выданні

Партыйная падпольная і легальная беларуская прэса ў былой Заходняй Беларусі ва ўмовах жорсткай цэнзуры, пастаянных канфіскацый польскай паліцыяй друкаваных выданняў ажно да 1939 года літаральна была запоўнена матэрыяламі, падпісанымі рознымі прыдуманымі псеўданімамі і крыптанімамі. Многія псеўданімы беларускіх літаратараў прыжыліся і іх ведаюць больш па псеўданімах, чым па сапраўдных прозвішчах: Максім Танк, Міхась Васілёк, Анатоль Іверс, Сяргей Хмара, Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Янка Маланка, Антон Навіна, Пятро Сакол, Дзядзька Пранук, Казімір Сваяк, Стары Ўлас, Вінцук Адважны, Анатоль Бярозка і дзесяткі іншых. Рэдакцыі абавязаны былі тады берагчы таямніцу аўтараў, якія карысталіся псеўданімамі і крыптанімамі. Таму многія аўтары са сваімі псеўданімамі так і засталіся невядомі на старонках беларускіх газет, бюлетэняў і часопісаў Заходняй Беларусі. Шмат па расшыфроўцы псеўданімаў і крыптанімаў літаратараў Заходняй Беларусі зрабіў Янка Саламевіч. Ён у 1983 годзе выдаў „Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX ст.ст.)”. Праўда, многа псеўданімаў не раскрыта, за якімі зберагаецца да сённяшніх дзён таямніца сапраўдных аўтараў. Але гісторыя літаратуры, літаратуразнаўства і крытыкі не можа абысціся без іх расшыфроўкі. Таму што за псеўданімамі не толькі зберагаюцца таямніцы сапраўдных аўтараў, але і іх лёсы, іх творчасць.

Літаратурная Дзятлаўшчына ў былой Заходняй Беларусі мела добрую суполку творчых людзей, якія пісалі літаратурныя творы і актыўна друкаваліся ў віленскіх і ў іншых беларускіх выданнях. Былі гэта Ігнат Дварчанін (1895-1937) з вёскі Погіры, Сяргей Хмара (сапраўднае прозвішча Сяргей Сіняк, 1905-1992) з вёскі Казлоўшчына, Васіль Струмень (сапраўднае прозвішча Аляксандр Лебедзеў, 1914-1992) з вёскі Зачэпічы, Пятрусь Граніт (сапраўднае прозвішча Іван Івашэвіч,  1909-1980) з вёскі Зачэпічы, Гарасім Прамень (сапраўднае прозвішча Іван Пышко, 1908-1964) з вёскі Зачэпічы, Нікіфар Жальба (сапраўднае прозвішча Аляксандр Бяленка, 1898-1991) з вёскі Гірычы. Пра іх часцей за ўсё і згадвалі літаратуразнаўцы, пішучы пра заходнебеларускую літаратуру ў кантэксце агульнай беларускай літараратуры. А Уладзімір Калеснік у калектыўныя зборнікі „Сцягі і паходні” (Мн., 1965) і „Ростані волі” (Мн., 1990) уключыў па некалькі вершаў Ігната Дварчаніна, Петруся Граніта, Нікіфара Жальбы і Васіля Струменя. Але той жа Уладзімір Калеснік, ды і іншыя даследчыкі нашай літаратуры, ніколі не згадалі тых паэтаў, якія пад рознымі псеўданімамі друкаваліся ў „Шляху моладзі”, „Калоссях”, заходнебеларускіх календарах, калектыўных зборніках, газетах. Але не прыгадвалі яны не таму, што не хацелі, а таму, што сапраўдныя прозвішчы невядомых аўтараў пад псеўданімамі цяжка было расшыфраваць. Нядаўна прозвішчы двух паэтаў з той жа Дзятлаўшчыны ўсё ж удалося вярнуць з небыцця.

У 2009 годзе мне ўдалося падрыхтаваць і выдаць асобнай кнігай выбраныя творы Сяргея Хмары (Сіняк) пад загалоўкам „Рабінавы хмель”. Вырашыў зноў перачытаць гэта выданне. І на старонцы 170 звярнуў увагу на адзін раней прапушчаны факт, дзе Сяргей Хмара прыгадвае, што „не так далёка ў суседняй гміне (Раготная)” жыў паэт М.Дубок (сапраўднае прозвішча яго было Язэп Сіняк). Язэп Сіняк не быў ніякім сваяком Сяргею Хмары-Сіняку, проста на Дзятлаўшчыне вельмі шмат жыло людзей з прозвішчам Сіняк, ды і зараз Сінякоў там хапае.

Пра Маладога Дубка не згадвае і Янка Саламевіч ў сваім „Слоўніку беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў”. Гартаючы, напрыклад, часопіс „Шлях моладзі”, які выходзіў у Вільні ў 1929-1939 гадах, сапраўды, трапляюць вершы М.Дубка і Маладога Дубка. Але не трэба блыдаць з Маладым Дзятком, бо гэта псеўданім паэта Сяргея Новіка-Пеюна. Сяды-тады друкаваўся ў віленскіх выданнях і проста Дубок. Але пад такім псеўданімам падпісваўся аўтар з вёскі Кашачы каля Паставаў („Шлях моладзі”, 1937, № 1.С.27). А менавіта псеўданімі М.Дубок і Малады Дубок меў яшчэ адзін паэт з Дзятлаўшчыны Язэп Сіняк.

Язэп Сіняк жыў у вёсцы Раготна. Ён меў пэўную адукацыю, бо актыўна знаёміўся з заходнебеларускай прэсай і чытаў яе. А потым сам пачаў дасылаць свае вершы ў Вільню. Асабліва шчыльна супрацоўнічаў Малады Дубок з часопісам „Шлях моладзі”. Агляд яго вершаў трапляў і ў паштовую скрынку часопіса. „Вершы атрымалі, адзін з іх друкуем. Звярніце ўвагу на папраўкі і пішыце выразней пяром, а не алоўкам. Адказ  на ўсе пытанні дамо пісьмом тады, як дастанем той адрас, каторага Вы просіце”, – так паведамляў „Шлях моладзі” ў № 7-8 за 1934 год. А ў № 2 за 1935 год „Шлях моладзі”Маладому Дубку пісаў: „Пісьмо і матэрыялы атрымалі, просьбу часткова спаўняем, рэшта будзе ў пісьме, якое незадоўга пастараемся напісаць”.

Малады Дубок (Язэп Сіняк) жыў бедна, працаваў на зямлі разам з бацькамі. Вершы і пісьмы пісаў алоўкам, занатоўваў алоўкам і ў сшыткі. Гэтыя сшыткі ён заўсёды насіў з сабою за пазухай, бо дома баяўся пакідаць. Некалькі разоў іх маці спальвала ў печы, бо чула на вёсцы, што тых, хто чытае газеты і часопісы, а таксама нешта піша, арыштоўваюць і саджаюць у турму. Таму баялася, каб сын з-за „гэтай пісаніны” не трапіў за краты.

Сяргей Хмара ў „Шляху моладзі” (1938, № 21) апублікаваў вялікі артыкул „Пяе беларускі маладняк”, дзе згадаў і пра Маладога Дубка: „…Вельмі плодны. З вершаў яго б’е нейкі сум і туга. Няма радасці, хоць час ад часу вырываюцца і бунтарныя радкі. Піша. Піша ўсюды. Дзень і ноч…”.

І Малады Дубок пісаў, а лепшыя творы траплялі ў друк. Хаця, сапраўды, вершы атрымліваліся тужлівыя, у іх аўтар марыў пра тое, што „устане наш народ з пакуты… і парве вяковы путы ён магутнаю рукой”. Паэт хацеў, каб яго краіна дарагая прытуліла і абняла, каб „над намі зорка Волі узышла, і над нашым родным краем ззяла міла без канца”.

Пра светлае і шчаслівае жыццё марыў з Дзятлаўшчыны Малады Дубок (Язэп Сіняк). Ён таксама вельмі жадаў выдаць свой першы паэтычны зборнік, але, як пісаў Сяргей Хмара, „на зборнік не было выдаўцоў”.

Як склаўся лёс вясковага паэта – пакуль невядома. Сёння ў вёсцы Раготна на Дзятлаўшчыне старэйшыя жыхары яго не памятаюць, ды і людзей у вёсцы з прозвішчам Сіняк ужо не засталося.

У 1920-я—1930-я гады на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Казлоўшчына жыў яшчэ адзін беларускі паэт Язэп Крыга. Сапраўднае прозвішча яго было Хаім Кравецкі. Яўрэй па нацыянальнасці, але беларус – сэрцам і душой.

Язэп Крыга быў сынам местачковага краўца з вёскі Казлоўшчына. Яго дзяцінства прайшло разам з беларускімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, з якімі ён размаўляў па-беларуску, чытаў беларускія газеты і часопісы. А дзесьці ў 1927 годзе ён паступіў у Радашковіцкую беларускую гімназію імя Францыска Скарыны. Але ў верасні 1928 года гімназія была закрыта і Кравецкі вярнуўся дамоў.

Жывучы на Дзятлаўшчыне, Хаім Кравецкі пачаў пісаць вершы на беларускай мове і дасылаць у віленскія выданні, падпісваючы іх псеўданімам Язэп Крыга. Вершы з вялікім задавальненнем публікавалі часопісы „Шлях моладзі”, „Калосьсе” і іншыя выданні. Па першых паэтычных творах Язэпа Крыгі было бачна, што ў беларускую літаратуру прыйшоў вельмі таленавіты паэт. Некаторыя яго сябры і віленскія паэты пачалі называць Хаіма „другім Змітруком Бядулем”. У артыкуле „Пяе беларускі маладняк” пра яго напісана, што Язэп Крыга „характарызуецца багацтвам вобразаў і думак. Шматабяцаючы талент. Патрэбна толькі шліфоўка…”.

У часопісе „Баявая ўскалось”(1949, № 2) Сяргей Хмара апублікаваў невялікі артыкул-згадку, які так і называецца „Язэп Крыга”. У ім аўтар прыгадвае, што Язэп Крыга разам з беларусамі „перажываў трагедыю усяе тадышняе беларускае сялянскае моладзі”, што „гадуючыся разам са сваімі суседзямі – хлопцамі-беларусамі, ён з маленства чуўся зродненым з імі. Жыў іхнымі думкамі, імгненнямі і летуценнямі”.

Першыя вершы Язэпа Крыгі, якія публікаваліся ў „Шляху моладзі” і ў „Калосьсях”, былі навеяны жыццёвай праўдзівасцю, адчувалася, што паэт шмат думаў над з’явамі і працэсамі той рэчаіснасці, якая існавала. Тым не менш, паэт быў аптымістам, шчырым і смелым беларусам, які моцна любіць сваю Бацькаўшчыну:

Але ніякая бура ўжо з сэрца

Вырваць не зможа любоў да краіны…

У вершах Язэпа Крыгі было вельмі шмат розных параўнанняў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога. Адчувалася, што аўтар добра ведаў, як і чым можна ўзмацніць вершаваны твор, каб зрабіць паэтычны малюнак па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным і праўдзівым. Праз розныя параўнанні ў вершах выяўлялася мастакоўская своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўвалася ў ягоных творах: „асеннія вятры – кудлатыя сабакі”, „кашмарнай хмараю навеялі тугу”, „вецер мой сум слязой ў хмары прыгоніць” і г.д.

Другая сусветная вайна спыніла паэтычную творчасць Язэпа Крыгі, які нават паспеў падрыхтаваць да друку і свой першы паэтычны зборнік. Яўрэйская сям’я Кравецкіх уцякала ад немцаў на ўсход. Развітанне з радзімай паэт моцна перажываў і не вельмі хацеў нікуды ехаць. Але выхаду іншага не было. Гэтыя ўцёкі таксама аказаліся трагічнымі. У ваколіцах Смаленска ўся сям’я Кравецкіх была расстраляна немцамі. Загінуў і Язэп Крыга…

Пошукі звестак пра беларускіх паэтаў Маладога Дубка і Язэпа Крыгу працягваюцца. Але сёння пакуль толькі застаецца чытачам „Czasopisu” ўпершыню пазнаёміцца з некаторымі вершамі маладых і невядомых раней аўтараў з Дзятлаўшчыны, якія некалі на этапах беларускага гісторыка-літаратурнага руху ў Заходняй Беларусі былі сведкамі самасвядомасці свайго народа і вядома ж патрыётамі роднай Бацькаўшчыны.

 

Сяргей Чыгрын

 

Язэп Крыга

Шый, ды шый…
Млеюць рукі й ногі пры рабоце –
Шый, ды шый, ды шый!
Ломіць спіну боль і слепіць вочы –
Гнісь, працуй, маўчы!
Трэба ж, ой, як многа трэба!
Дзецям і сабе –
На аптэку, на падаткі, трэба –
Ні канца бядзе.
Шый, ды шый, ды шый, шчэ трэба многа!
Ноч вяліка, гэй!
Выспішся ў другім жыцці, нябога, –
Сон гані з вачэй!
Шый, ды шый… ах, укалола йголка,
Паказалась кроў.
Разыгралася ў вачах вясёлка…
Ах! Ўкалола йзноў…
Кроў!.. Ці сон яно ці ява?
Кроў во ручаём –
Залівае стол, машыну, лаву
І усё, весь дом…
Выбіць шыбу, крыкнуць – мо пачуюць…
Гэй!.. Ах, што за мара – сон!
Цёмна. Лямпа згасла. Вецер дуе,
Вые за вакном…
1938 г.

Можа…
Можа віхураю гнаны прыдзецца
Родную хату яшчэ калі кінуць,
Але ніякая бура ўжо з сэрца
Вырваць не зможа любоў да краіны.
Тут усё блізкае, матчына – міла:
Неба, зямля, лес і луг, кожна горка,
Могілкаў дзедаўскіх кожна магіла, –
Свет першых радасцяў і слёзаў горкіх…
Калі прыдзецца – ў далёкай чужыне,
Сэрца тугой будзе поўна, не йначай,
Але і родна вярба і рабіна
Пэўна ля хаты за мною заплача.
Хіба іх можа віхура паломіць,
Ды разам з бацькаўскай хатай зруйнуе –
Вецер мой сум слязой ў хмары прыгоніць,
Роднае неба хоць раз засумуе.
1939 г.

Туман
Туман павіс над мерзлаю зямлёю,
Заслонаю сівой завесіў ззянне зор.
Заліў ўвесь свет, нібы жывой вадою,
І патанулі хаты, дрэвы, цёмны бор.
Ды хаты аганькамі пранізалі прастор,
Нібы шукаючы адна другое…

І – праз заслону сіву – ззянне зор,
Туман павіс на мерзлаю зямлёю.
1939 г.

Першы снег
Асеннія вятры – кудлатыя сабакі –
Парвалі радасць сіня-сонечну маю,
Ўкачалі ў гразь яе ліхія ваўкалакі,
Кашмарнай хмараю навеялі тугу…
Расплакаліся дні мае – сівыя вочы
Над брудным воблікам і галітой зямлі,
Над горкай роспаччу даўгой асенняй ночы,
І над бяссіллем дрэў, якіх вятры змаглі.
У дзень тужлівы йзноў ўсміхнулася мне радасць –
Быў гэтай ласкай белай ціхі мілы смех:
З узвышшаў ён пачаў кружыцца й падаць
Латункай яснаю на землю – першы снег…
Ён усміхаўся над тугою і нягодай
І баяў байкі-чары, як у дзіўным сне,
Аб восені праходзячай і аб зіме халоднай,
Аб белых хорамах, аб сонцы і вясне…
Ды сум заўторыў йзноў, як ветру свіст пануры –
Аб ўсім праходзячым, аб жыцці людскім выў…
Я гнаць бы рад яго мяцеліцаю-бурай,
Ды снег у гразь упаў… Таму мо й сум той быў…
1937 г.

 

Малады Дубок
Скажыце
Ах, родна старонка,
Пакутна мая.
Крывавай рукою
Ты спісана ўся.
У крыўдзе і здзеку
Ты бедная спіш,
Ад слёзаў-уціску
Без руху ляжыш.
Куды не паглянеш:
Магілы-крыжы,
Ну, проста за імі
Жывы сам ідзі.
Скажыце вы, людзі,
Скажыце вы мне,
Калі зло мінецца
І ў процьму спадзе?
Яснае сонца
Калі заблішчыць,
Свабода над краем
Маім загудзіць?
І праўда пагляне,
Народ ажыве,
І родная ніва
Уся зацвіце?..
1930 г.

***
Надзейся на сілу, на гарт свайго цела –
Здабудзеш ты сонца агні!
Глянь ворагу ў вочы адважна і смела –
І самі спадуць кайданы!
Сплыве тваё гора, адыдуць мучэнні,
Жыццё зацвіце, як вясна.
Адхлынуць ад сэрца ўсе болі-цярпенні –
Красой абальецца душа…
Салодкае радасці чыстай слязою
Зямелячку родну зрашу.
І буду маліцца я цэлай душою
За тых, хто палёг у баю!
1934 г.

 

***
Прыйдзе час і волі зорка,
Зорка шчасця прыйдзе к нам –
Не пальюцца слёзы горка,
Не дакучыць боль грудзям.
Разгарыцца над старонкай
Залатым агнём зара,
І вясёлай песняй звонкай
Прыйдзе, прыйдзе к нам вясна!
Ўстане наш народ з пакуты,
Вочы змые, твар расой –
І парве вяковы путы
Ён магутнаю рукой.
1934 г.

Толькі ўчора…
Толькі учора, здаецца, прыгожа,
Сонейка ззяла, вітала зямлю,
Толькі учора, здаецца, вясёла,
Птушачкі песні пяялі ў гаю.
Сёння ўжо цёмныя, цяжкія хмары
З даляў у далі па небе плывуць.
Сёння ўжо сумныя думкі, як чары,
Сэрца скавалі, балюча ўздыхнуць.
Толькі ўчорайка мне, як дзіцяці,
Снілісь салодкія сны пра жыццё.
Толькі учорайка мог шчасце пазнаці…
Сёння ж у момант прапала усё.
1934 г.

 

Зіма
Зіма, зіма нягодная,
Да нас ты ўжо прыйшла,
Халодна і марозна
Дарогу замяла.
Усюды нема, глуха,
На полі снег ляжыць,
І толькі завіруха

Мяцеліцай гудзіць.
Куды не глянь – маўкліва
Зямелька родна спіць,
Глядзець аж неяк крыва,
І сэрца нат шчыміць…
Было, калісь, вясною,
Пойдзеш ў зялёны гай, –
Вячэрняю парою
Дрыжыць ад песні май.
Дзянёчак светла-ясны,
Кіпіць жыццё, бурліць.
А сёння ён няшчасны
Бушуе і гудзіць.
Аднак жа век не будзе
Зіма ў нас панаваць –
Вясна ізноў к нам прыдзе,
Красою будзе ззяць.
1934 г.

 

З Новым годам
З Новым годам! З новым шчасцем,
З лепшай доляю, жыццём!
Я вітаю цэлым сэрцам,
Беларусаў-крывічоў!
З Новым годам! З днём – зарою,
Светлай зорачкі – агнём!
Я вітаю ўсёй душою,
Беларусаў-крывічоў!
З Новым годам! Каб над намі
Зорка Волі узышла,
І над нашым родным краем
Ззяла міла без канца!
1935 г.

 

***
Міне зіма, вясна надыдзе,
У полі кветкі зацвітуць.
Дзе сёння бура ўсцяж бушуе –
Вясёлы песні загудуць.
І там, дзе сёння гора, смутак,
Праклёны цяжкія вісяць, –
Шчаслівы дзень для ўнукаў нашых
Праз іх, браты, ужо відаць.
1935 г.

 

***
Шэрыя, цёмныя хмары
Цяжка па небе плывуць,
Дрэвы лісцё раскідаюць,
Сцюжай вятры так і дзмуць.
Глуха і нудна у полі,
Сціх салавей у гаёх –
Восень прыйшла й схавала
Светлыя дні ў туманох.
Спіць, спачывае зямелька,
Людзям аддаўшы дары.
Толькі балючае сэрца
Не мае спакойнай пары.
1935 г.

 

***
На зары дзён юнацка-бурлівых
Я жыццё самахоць атруціў,
У бяссоныя ночы тужліва
Я, шукаючы праўды, блудзіў.
І не раз плакаў я над магілай,
Дзе найлепшыя спяць змагары,
І душой не раз я таміўся.
Быў гатоў, як яны, умярці.
І не раз маё сэрца шчымела,
Апякаючы прошлыя дні…
О. краіна мая дарагая,
Ты мяне прытулі, абнімі!..
1937 г.