Зачыніць пушчу?

З 1 красавіка ў Белавежскай пушчы можна рухацца толькі па некаторых дарогах і адукацыйных шляхах. У тых месцах, дзе турысты не дапускаюцца, былі ўведзеныя знакі, якія забараняюць уваход у лес. Надлясніцтва Белавежа аргументавала, што гэта з’яўляецца вынікам пагрозы з-за «значнага пашкоджання дрэвастою». Запратэставалі людзі з пушчы.

Такая забарона перад турыстычным сезонам азначае страты. Надлясніцтва Белавежа паведамляла: «Прычынай забароны з’яўляецца пагроза для грамадскай бяспекі, звязанай з выступленнем у лясах знішчэння дрэвастою, якое выяўляецца масіўным адміраннем дрэў і лясных насаджэнняў у выніку працэсаў, якія прыводзяць да вялікай колькасці мёртвых дрэў, што ўяўляе рэальную пагрозу для жыцця і здароўя людзей i iх уласнасцi». Згінуў жа чалавек, ляснік, прывалены сухім дрэвам.

Не ўвойдзеш на небяспечны шлях. «Прабыванне, праходжанне, праязджанне праз лясы ахопленыя забаронай доступу з’яўляецца парушэннем правілаў па артыкуле 151 § 1 Кодэкса аб правапарушэннях (Дз. У., 2015, з папраўкамі), які нагадвае: «Хто пасвіць сельскагаспадарчыя жывёлы на неналежных яму лясных грунтах або праходзіць праз такія грунты ў месцах якія забаронены, праязджае па іх або праганяе тудою гаспадарчую жывёлу, будзе аштрафаваны да 500 злотых або асуджаны наганай».

Забарона абавязвае на тэрыторыі Белавежскага надлясніцтва, на абшары каля 1/5 часткі польскай часткі пушчы. Была яна выдана на нявызначаны тэрмін. Можна рухацца толькі па пазначаных дарогах і трох адукацыйных шляхах.

Забарона доступу не прымяняецца да: участка надлясніцтва размешчанага на ўсход ад ваяводскай дарогі № 689, паміж вёскай Белавежа і дзяржаўнай мяжой, Нараўчанскай дарогі, Сініцкай дарогі на адрэзку да ваяводскай дарогі № 689 да дарогі Алямбургскай, даезду да Паказнога запаведніка зуброў Белавежскага Нацыянальнага парку, даезду ад Нараўчанскай дарогі да кастровага месца «Гайдукі», адукацыйнага шлях у «Рэбры Зубра», адукацыйнага шляху «Шлях каралеўскіх дубоў» і адукацыйнага шляху «Месца Моцы».

Польскія арганізацыі WWF, Greenpeace, Дзікая Польшча, Greenmind, ClientEarth Юрысты для дзеля Зямлі і Майстэрня дзеля ўсіх істот пратэставалі супраць абмежаванняў. «Прычыны гэтага рашэння няясныя, і яго ўвядзенне выклікае трывогу часткі мясцовай супольнасці, для якой турызм з’яўляецца важнай крыніцай прыбытку» – пісалі арганізацыі ў заявах у сродкі масавай інфармацыі. Арганізацыі згаджаліся, што нейкія забароны можна ўводзіць, але не татальныя: «Забароны, звязаная з бяспекай могуць быць намечаны часова ў перыяды моцнага ветру (як гэта мае месца ў нацыянальных парках), мясцова або на адрэзках дарог і сцежак, дзе на самай справе гэта неабходна. Акрамя таго, неабходны будуць маркіроўкі трас і размешчаны знакі і табліцы з інфармацыяй пра патэнцыйную небяспеку і магчымасць рухання па тэрыторыі» – лічаць арганізацыі і намякаюць: «Увядзенне забароны можа быць звязана хутчэй з высечкай дрэў у Белавежскай пушчы – рэальнай прычынай забароны можа быць жаданне, каб схаваць ад грамадскай думкі парушэнне заканадаўства!». А надлясніцва адказвае: «Увядзенне часовай забароны доступу ў пушчу з’яўляецца правільным і адказным рашэннем, але, вядома ж, радыкальным крокам. Жыццё і бяспека наведвальнікаў пушчы з’яўляецца для нас прыярытэтам».

Запратэставалі таксама прадпрымальнікі і жыхары. У лісце міністру навакольнага асяроддзя Яну Шышку прадпрымальнікі, якія ў асяроддзі Белавежскай пушчы атрымліваюць асноўны даход у індустрыі турызму, напісалі, што не пагаджаюцца з рашэннем аб закрыцці многіх участкаў надлясніцтва Белавежа. Таксама жыхары пісалі: «Мы разумеем неабходнасць некаторых абмежаванняў, такія як закрыццё амаль усіх зялёных сцежак у Запаведніку Шафера, таму што спроба адкрыць яго лучылася б з занадта вялікім умяшаннем у прыродны свет» – заўважалі жыхары. Яны патрабавалі неадкладнага адмянення забароны на доступ у лясы Белавежскага надлясніцтва. Лічылі, што забарона прынясе вялікую шкоду турызму. Ліст падпісалі між іншым уласнікі аграгаспадарак, ательеры, экскурсаводы, уладальнікі турыстычных агенцтваў, рэстаратары.

Надлясніцтва паінфармавала на сваёй старонцы, што аб закрыцці доступу ў Пушчу былі раней паінфармаваны ўсе суб’екты дзейнічаючыя на тэрыторыі Белавежскай гміны: «Мы вельмі шкадуем, калі часовая забарона, якую мы былі вымушаныя ўвесці, якім-небудзь чынам сарвала Вашы планы. Як толькі прыбярэм небяспечныя дрэвы і стан лесу на гэта дазволіць, зачыненыя дарогі, сцежкі і ўчасткі лесу неадкладна зробім даступнымі, аб чым паведамім у СМІ» – інфармаваў надляснічы.

Афіцыйнай прычынай забароны з’яўляецца меркаваная пагроза, якая зыходзіць ад мёртвых дрэў, для жыцця і здароўя чалавека. А эколагі каменціруюць: «Але ўсё паказвае на тое, што забарона звязаная з рашэннем № 51 Генеральнага дырэктара Дзяржаўных лясоў (ДЛ) Конрада Тамашэўскага ад 17 лютага гэтага года. Яна дазваляе рубку «ва ўсіх узроставых класах насаджэнняў», а такім чынам, і ў старадрэўі. І эколагі тлумачаць так: «Можа сапраўднай прычынай з’яўляецца хаванне перад грамадскай думкай таго, што парушаецца заканадаўства, таксама еўрапейскае, па ахове навакольнага асяроддзя» – заўважылі Greenpeace, Дзікая Польшча і іншыя экалагічныя арганізацыі. У сумесным каментары напісалі, што часта адлегласць паміж выразкамі і дарогамі і шляхамі перавышае вышыню дрэў. Так што нават калі б мёртвае дрэва ўпала на дарогу, яно не паставіла б пад пагрозу наша здароўе і жыццё. Па словах эколагаў, гэта «ясна паказвае, што гэтае рашэнне не тычыцца павышэння бяспекі».

Эколагі паўтараюць, што сапраўднай прычынай забароны з’яўляецца ўсё ж выразка як найбольш дрэў, нават старадрэвін, што панізіць прыцягальнасць пушчы для турызму і змарнуе яе як першабытны лес, ды абвінавачваюць леснікоў у эканамічным падыходзе да пушчы і бяздумным аблясенні выцерабаў зноў ялінай, а леснікі тлумачаць, што вырэзваюцца сапраўды толькі хворыя, заражаныя караедам дрэвы, гніючыя і сохнучыя, ствараючыя небяспеку для людзей – турыстаў і леснікоў. І крыўдна леснікам, якія дбаюць пра пушчу, што робяць з іх аўтарытэтныя асобы, аказваючыя вялікі ўплыў на грамадскую думку, грашаробаў, дурняў, маніпулятараў і нікчэмных эксплуататараў пушчы, якая з’яўляецца не толькі нацыянальным, але і сусветным скарбам.

Міраслава Кастанчук

 

P.S. 30 мая Рада гміны Белавежа, толькі пры двух галасаў устрымліваючыхся, прагаласавала  пазіцыю, у якой выказваецца супраць забароны ўваходу ў Белавежскую пушчу. Супраць пастановы не прагаласавалі нават радныя-леснікі.