У першыя пасляваенныя гады ў Польшчы былі арыштаваны і вывезены ў СССР сотні беларусаў. Гэта былі ўдзельнікі беларускіх нацыянальных арганізацый і мілітарных фармацый, якія спрабавалі схавацца ад савецкіх спецслужб. Многія жылі пад новымі прозвішчамі, некаторыя – пад сваімі. Іх шукалі, арыштоўвалі, адпраўлялі ў канцлагеры ў Расіі, але нямала людзей так і не былі выкрыты, спакойна дажылі сваё жыццё.
Нікану Мікулічу не пашанцавала: у ліпені 1948 года яго арыштавалі ў Інаўроцлаве. Наракаць ён мог толькі на сябе, бо жыў там пад сваім прозвішчам ды яшчэ меў неасцярожнасць падтрымліваць сувязь са незнаёмымі беларусамі.
Пра гісторыю свайго жыцця Мікуліч распавёў мне ў студзені 2013-га, за 10 дзён да свае смерці. Паспрыяў нашаму знаёмству маладзечанскі краязнаўца Міхась Казлоўскі. У 91-гадовага Нікана Мікуліча была добрая памяць, ён прыгадаў шмат цікавых фактаў, распавёў пра людзей, якіх сустракаў, з якімі сябраваў. Нават прыгадаў некалькі радкоў з невядомай дагэтуль песні спецбатальёна беларускіх камандасаў „Дальвіц”, якую ў чэшскіх гарах напісаў паэт Язэп Пабяржын:
Сьнягі ў горах таюць,
сонца прыгравае
Спэцбатальён «Дальвіц»
там адпачывае…
Мікуліч нарадзіўся 6 студзеня 1922 года ў вёсцы Круплі ў цяперашнім Іўеўскім раёне. Бацька – Канстанцін Мікуліч – у Першую сусветную вайну ваяваў у складзе рускай арміі, быў вайсковым фельчарам, а ў міжваенны час працаваў на сваёй гаспадарцы. Сям’я была вялікая – восем дзяцей.
Нікан вучыўся ў Бакштах, спачатку ў польскай школе, а пасля ў савецкай (у 1939-1941 гадах). Расказваў, што „заўзятым беларусам” быў яго брат — Уладзімір Мікуліч. Падчас вайны ён, падафіцэр польскага войска, удзельнічаў у беларускім вайсковым руху, а ў паваенны час жыў пад іншым прозвішчам у Польшчы. Савецкія спецслужбы яго так і не знайшлі. Толькі перад смерцю ён распавёў дзецям, што ў іх ёсць сваякі ў Беларусі.
Найбольш на братоў Мікулічаў паўплываў іх дзядзька, брат маці Таццяны Мікуліч Цімафей Вееўнік, які быў беларускім патрыётам. Ён працаваў пры немцах бурмістрам Любчы, загінуў пасля вайны ў бальшавіцкай турме.
Падчас нямецкай акупацыі Нікан жыў з сям’ёй у Круплях. Вясной 1944-га Уладзімір, які служыў у Лідзе, дапамог ім усім пераехаць у Вільню – баяліся, што расстраляюць савецкія партызаны. А летам 1944 года Нікан Мікуліч патрапіў у школу нямецкай разведкі, у так званы „беларускі спецыяльны батальён „Дальвіц” ва Усходняй Прусіі. Цікава, што завербавала яго туды нейкая жанчына, прозвішча якой ён не змог (ці не захацеў) успомніць. У гэтым падраздзяленні ён быў да капітуляцыі Нямеччыны, якую сустрэў у чэшскіх гарах.
Знізу бой ідзе, трашчыць артылерыя, а мы на гары яшчэ абучаемся”, – успамінаў былы камандас. Ён сцвярджаў, што на травень 1945 года батальён налічваў да 1000 чалавек.
Мікуліч збіраўся прабірацца на Захад, але ад нейкага ўкраінца даведаўся, што амерыканцы выдаюць былых грамадзян СССР саветам. Тады ён знайшоў ровар і на ім без дакументаў паехаў з рознымі прыгодамі з Чэхіі ў Польшчу. У Лодзі хлопец з-пад Івянца, Вялічка, паручыўся за Нікана і дапамог яму здабыць дакументы ўцекача. Прозвішча Мікуліч не змяніў.
Беларускі камандас уладкаваўся ў Інаўроцлаве, вывучыўся на бухгалтара, працаваў у гандлі, меў дзяўчыну. Усё змяніла выпадковая сустрэча на нейкай чыгуначнай станцыі з двума знаёмымі байцамі „Дальвіца”. Яны распавялі, што ў Беластоку арыштаваны Усевалад Родзька з групай, назвалі прозвішча здрадніка. Высветлілася, што хлопцы… абрабавалі банк і цяпер збіраліся нелегальна перабрацца на Захад. Далі Нікану адрасы некалькіх беларусаў у Польшчы, якія добра ўладкаваліся і маглі яму дапамагчы. І ён ім напісаў, адказаў толькі адзін, які працаваў „сакратаром раёна”. Па гэтых лістах пазней і знайшлі Мікуліча спецслужбы.
А каб я не пісаў, і сёння там бы жыў, – гаварыў Нікан.
У ліпені 1948 года Нікана Мікуліча затрымала група аператыўнікаў, якая складалася з палякаў і рускіх. Маёр контрразведкі, рускі, сказаў:
Здравствуй, Микулич!…
Спачатку яго трымалі ў Польшчы, у Легніцы, дзе ў савецкіх спецслужбаў быў аператыўны пункт. У лютым 1949-га Мікуліча прывезлі на месяц у Брэст, пасля былі Арол, Масква, Волагда і, нарэшце, Варкута, дзе адразу адправілі працаваць у шахту. Ён быў асуджаны на 25 гадоў зняволення і 5 гадоў „паражэння ў правах”. У выніку, адсядзеў, а дакладней – адпрацаваў на Варкуце 7 гадоў.
У 1956-м Нікана Мікуліча вызвалілі, але ён застаўся працаваць на шахце. Ажаніўся. У 1972 годзе выйшаў на пенсію, яны з жонкай памянялі кватэру — на Украіну. Там, у Днепрапятроўскай вобласці, пражылі 18 гадоў.
У пачатку 1990-х Мікуліч вярнуўся ў Беларусь, у свае родныя мясціны. Беларусь стала незалежнай, а гэта ж была яго мара. Пасля смерці жонкі Нікан Мікуліч жыў у дачкі ў Мінску. Калі мы сустрэліся, ён быў у добрым настроі, спяваў беларускія песні. На ягоным стале ляжала „Новая зямля” Якуба Коласа. А яшчэ ён паказваў фотаздымкі, частку якіх здолеў забраць са сваёй справы ў КДБ.
Незадоўга да смерці Нікан наведаў у Польшчы магілу свайго брата, афіцэра, беларускага патрыёта, пахаванага пад іншым прозвішчам. І нават цяжка сказаць, каму з іх пашанцавала больш. Бо Уладзімір пасля вайны жыў пад пагрозай выкрыцця яго мінулага, баяўся. А яшчэ пакутаваў ад таго, што не мог прыехаць на Радзіму, не мог даць вестку сваім блізкім.
When practicing good nutrition tha is overall, fats from meat and coconut
oil are crucial to enhance testosterone levels in most individuals.