Архіў
Напрыканцы Другое сусветнай вайны паводле савецка-польскіх пагадненняў пра мяжу ад 26 ліпеня 1944 года і 16 жніўня 1945 года ўлады СССР перадалі Польшчы са складу БССР 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей, населеныя пераважна беларусамі. Падчас дэмаркацыі мяжы паміж БССР і Польшчай і ўзаемнае рэпатрыяцыі насельніцтва з Беларусі ў Польшчу (пераважна на Беласточчыну) у 1944-1948 гадах пераехалі больш за 270 тысяч чалавек (беларусы-католікі дэкларавалі сябе палякамі). Праз тэрор польскага нацыяналістычнага падполля, неспрыяльнае эканамічнае становішча на Беласточчыне, частка беларусаў пасялілася ў Памор’і (раёны Гданьскa і Шчэціна), Варшаве, Кракаве,Торуні і іншых гарадах. А тысячы беларусаў Беласточчыны пакідалі родныя мясціны і ехалі на ўсход Беларусі і нават далей. Няпростым было іх развітанне з роднымі вёскамі, хутарамі, мястэчкамі, з цёплымі хатамі і багатымі агародамі, са сваімі землякамі і сваякамі. Але іншага выхаду не было, бо беларусы хацелі спакойна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей. А ў другой палове 1940-х гадоў у Польшчы ім спакойна жыць не давалі. Таму яны шукалі шчасце ў іншых рэгіёнах Бацькаўшчыны. Пра такіх беларусаў Беласточчыны я шмат ужо напісаў, але па-ранейшаму працягваю адшукваць іх лёсы.
Шмат матэрыялаў пра беларусаў-рэпатрыянтаў з Беласточчыны, якія ў 1947 годзе прыехалі ў Слонімскі, Дзятлаўскі, Навагрудскі і Карэліцкі раёны, захоўваецца ў Навагрудскім занальным дзяржаўным архіве. Давайце пакуль спынімся на адным раёне – Слонімскім. У фондах архіва мне ўдалося выявіць дзесяткі розных дакументаў, звязаных з беларусамі Беласточчыны, якія прыехалі на Слонімшчыну ў 1947 годзе. Усе гэтыя дакументы знаходзяцца ў фондах 588, 521, воп.1, 3, спр.25, 48а, арк.25 і 282. Там захоўваюцца розныя заявы, спісы, акты, рашэнні, пастановы, выпіскі, звароты – адным словам усё, што было звязана з тымі беларусамі, якія прыехалі на месца жыхарства на Слонімшчыну. Не так усё проста і лёгка тады адбывалася з беластоцкімі беларусамі, бо складанасцяў і непаразуменняў было шмат. Вялікая колькасць маёмасці, якую вызвалілі слонімскія палякі (а таксама з іншых рэгіёнаў БССР) і выехалі ў Польшчу на пастаяннае месца жыхарства, і ў якую павінны былі засяляцца беларусы з Беласточчыны, мясцовыя чыноўнікі, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, размяркоўвалі бясплатна каму ім хацелася, і нават сабе бралі па некалькі кватэр, дамоў, розных іншых пабудоў і афармлялі, як сваю ўласнасць. Бывала што прадавалі іх, а грошы клалі ва ўласную кішэнь. Нават не дапамагала і не палохала пастанова Савета міністраў БССР ад 17 жніўня 1946 года № 1553, дзе быў вызначаны парадак рэалізацыі гэтай маёмасці. І гэта было бачна, пра гэта гутарылі і мясцовыя людзі, і тыя, хто прыехаў, напрыклад, на тую ж Слонімшчыну. Старшыня выканаўчага камітэта Баранавіцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных нехта П. Бандарэнка наконт гэтай праблемы дасылаў пісьмовае распараджэнне старшыні Слонімскага райвыканкама тав. Мардашову. У ім паведамлялася, што ў сувязі з пастановай Савета міністраў Беларускай ССР ад 19 красавіка 1947 года, за № 353 „Пра факты парушэння пастановы Савета міністраў БССР ад 17 жніўня 1946 года за №1553 па вяртанні маёмасці беларускаму насельніцтву, якія прыехалі з Польшчы”, выканкам Баранавіцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных адзначае, што замест продажу і прадастаўлення дамоў у першую чаргу беларускаму насельніцтву, якое прыехала з Польшчы, дамы і гаспадарчыя пабудовы перадаюцца асобам, нічога агульнага не маючых да перасяленцаў… Скаргі і заявы перасяленцаў па прадастаўленню будынкаў у раёнах разглядаюцца несвоечасова і часам дамы, у якіх пражываюць перасяленцы, прадаюцца іншым асобам і арганізацыям… Несвоечасовыя звароты перасяленцаў – грамадзян Кулеш І.П., Каваль В.Я. у Слонімскі райвыканкам аб просьбах і заявах наконт продажу ім дамоў, застаюцца неразгледжанымі. Улік перасяленцаў у райвыканкамах арганізаваны дрэнна ў Слонімскім, Дзятлаўскім, Стаўбцоўскім і іншых раёнах… Усе гэтыя факты сведчаць пра грубае парушэнне пастановы Савета міністраў БССР…
У фондах Навагрудскага занальнага дзяржаўнага архіва захоўваецца копія рашэння Баранавіцкага абласнога фінансавага аддзела (Слонім тады ўваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці, якую скасавалі ў 1954 годзе – С.Ч.). Рашэнне гэта было накіравана старшыні Слонімскага райвыканкама. У ім паведамлялася, што ў першую чаргу пустая маёмасць павінна перадавацца тым беларусам, хто прыехаў з Польшчы. І ім павінна перадавацца жыллё на тую суму, на якую яны сваю маёмасць прадалі ў Польшчы. Праўда, не ўсе беларусы гэта паспелі зрабіць.У дакуменце запісана, што абавязкова мець усім эвакуацыйныя дакументы і ацэначныя акты. Толькі ў выключных выпадках беларусам павінны былі дазволіць набыць жыллё за меншы кошт, чым яны прадалі яго ў Польшчы.
Выяўлены ў фондах архіва эвакуацыйны ліст Барташука Якіма Навумавіча з вёскі Пятроўшчына Бельскага павета. У Слонім ён прыехаў з сям’ёй: жонкай, дочкамі – 1927, 1933, 1936, 1937 года нараджэння і сынам 1930 года нараджэння. Барташукі з сабой прывезлі адну карову, двое свіней, адну авечку, шмат збожжа і прадуктаў.
Выяўлены ў архіве і дакументы Сокала Міхаіла Пятровіча, які прыехаў у Слонім з сям’ёй: жонкай Аленай, дачкой Аленай і сынам Міхаілам. Па тых дакументах бачна, што Міхаіла Сокала ўладкаваць на Слонімшчыне не ўдалося і яго з сям’ёй накіравалі ў Гомельскую вобласць.
Захоўваецца ў архіве і заява Афанасія Феафілавіча Жэрначука. У заяве напісана, што ён абавязуецца ўнесці грошы за дом 3300 рублёў да 1 студзеня 1950 года. Яму жыллё было выдаткавана ў Слоніме на Студэнцкай вуліцы, д.37. Заява гэта была напісана ў снежні 1949 года.
У дакуменце на імя загадчыка Слонімскага райфінаддзела паведамляецца пра Васіля Анісімавіча Мартынюка ў тым, што ён насамрэч на Беласточчыне пакінуў дом памерам 70 кубічных метраў, коштам 15 тысяч рублёў, хлеў – 75 кубічных метраў на суму 10 тысяч рублёў. Засталіся ў Польшчы і зямельны ўчастак – 0,5 га, ворыўнай зямлі – 3,5 га, зямлі для пасеваў – 1,5 га.
Захоўваецца ў архіве пастанова Слонімскага райсавета наконт прадастаўлення жылля беларусу з Беласточчыны Несцеру Ананічу. Яго засялілі ў Слоніме ў дом сям’і Шапавал, якая выехала ў Польшчу. Дом гэты знаходзіўся на Падгорнай вуліцы, 47.
Выяўлены ў Навагрудскім архіве і акт ад 16 мая 1947 года наконт той маёмасці, якую на Беласточчыне пакінуў беларус Васіль Анісімавіч Мартынюк. Гэта ўласны дом 70 кубаметраў, ён быў пакрыты саломай. Хлеў 75 кубаметраў. Дом быў пабудаваны ў 1937 годзе.
Ёсць у архіве і справа № 156. Гэта справа з дакументамі аб перадачы домаўладання ў вёсцы Буроўшчына Слонімскага раёна перасяленцу Барташуку Я. Н. Справа была пачата 11 чэрвеня 1947 года.
Самым цікавым дакументам, які захоўваецца ў Навагрудку, з’яўляецца спіс перасяленцаў-беларусаў і выпіска з пратакола № 2 ад 13 студзеня 1947 года наконт пастановы „Аб прадастаўленні перасяленцам гаспадарак, якія пакінулі тыя, хто выехаў у Польшчу”. Згодна гэтым дакументам, у горадзе Слоніме былі перададзены дамы беларусам Беласточчыны, якія туды і засяліліся:
Перасяленца Семяняку – у дом на Камсамольскай вуліцы.
Перасяленца Лук’янюка – у дом на вуліцы Тракт Косаўскі.
Перасяленку Скараходаву – у дом на вуліцы Горкага.
Перасяленку Касанову – у дом на вуліцы Гусінай.
Перасяленца Саўко – у дом на вуліцы Пушкіна.
Перасяленку Каліноўскую – у дом на вуліцы Тапалёвай.
Перасяленца Амельянюка – у дом на Парахавой вуліцы.
Перасяленца Трафімчука – у дом на Альбярцінскай вуліцы.
Перасяленца Скаўронка – у дом на Жыровіцкай вуліцы.
Перасяленца Буйко – у дом на вуліцы Першыя Рэзкі, былы дом Грыгарчука.
Перасяленку Фёдараву – у дом на вуліцы Доўгая.
Перасяленца Мігуна– у дом на вуліцы Тракт Косаўскі.
Перасяленца Антанюка – у дом на вуліцы Альбярцінскай.
Перасяленку Бароткіну – у дом на вуліцы Скубішоўка.
Перасяленку Скаўронак Паліну – у дом на Падгорнай вуліцы.
Перасяленца Туркоўскага – у дом на вуліцы Агародняй.
Перасяленца Чапюка – у дом на вуліцы Цяглянай.
Перасяленца Чарнабая – у дом на вуліцы Маякоўскага.
Перасяленца Семяняку Ул. – у дом на вуліцы Чырвонаармейскай.
Перасяленца Гукайлу Уладзіміра – у дом навуліцы Першыя Рэзкі.
Многіх перасяленцаў з Беласточчыны засялялі ў пустыя вясковыя хаты Слонімскага раёна. Захаваўся іх спіс, хаця прозвішчы некаторых напісаны неразборліва:
Перасяленца Федарука Ал. – у вёску Глоўсевічы.
Перасяленца Якуту – у вёску Перавалока.
Перасяленца Гуту Фёдара – у вёску Мізгіры.
Перасяленца Літвінюка Андрэя – у вёску Мізгіры.
Перасяленца Нічыпарука Максіма – у вёску Глоўсевічы.
Перасяленца Зяленскага Цімафея – у вёску Сасноўка.
Перасяленца Стэфановіча Фёдара – у вёску Ярмалоўшчына.
Перасяленца Грушу Івана – у вёску Трыбушкі.
Перасяленца Савіцкага Восіпа – у вёску Трыбушкі.
Перасяленку Фёдараву Аляксандру – у вёску Жыровічы.
Перасяленку Саевіч Варвару – у вёску Глоўсевічы.
Перасяленца Гуторскага Іосіфа – у вёску Ярмалоўшчына.
Пошукі беларусаў Беласточчыны працягваюцца. Многіх лёсы і лёсы іх дзяцей і ўнукаў пакуль невядомыя. Іх трэба шукаць. Вядома толькі, што гэта была трагедыя для тых, хто ўсё жыццё пражыў на роднай беларускай Беласточчыне, а потым з ёй пад прымусам развітаўся. Як пісаў Яўген Мірановіч у прадмове да кнігі „Час трывогі і надзеі” (Беласток, Праграмная рада тыднёвіка „Ніва”, 2007, с. 6), „ніхто не хацеў пакідаць сваёй зямлі, якая кожнаму селяніну была найвышэйшай каштоўнасцю”.
Сяргей Чыгрын