Юрыю Баену – 60

Юрый Баена нарадзіўся 24 сакавіка 1957 года ў Бельску-Падляшскім. Родам ён з вёскі Мокрае на Бельшчыне. Паэт, настаўнік, грамадскі дзеяч.

Юрый Баена (Фота Міры Лукшы)

Выпускнік Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім (1976). Закончыў геаграфію ў Люблінскім універсітэце ім. М. Кюры-Складоўскай. Шматгадовы настаўнік геаграфіі Комплекса школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску-Падляшскім (раней Пачатковая школа н-р 3).

Дэбютаваў на старонках «Нівы» ў 1973 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Лісты блакітных успамінаў» (Бельск-Падляшскі, 1991), «Вечар над светам» (Беласток., 1998), «Крык дзікай ружы» (Беласток, 2003), «Пад нашым небам» (Беласток, 2007), «Бераг надзеі» (Беласток, 2013), «Шкатулка святла» (Беласток, 2013), «Вочы зялёнай душы» (2016).

Ю. Баена з’яўляецца арыгінальным пісьменнікам сярод творцаў Беларускага літаратурнага аб’яданння «Белавежа», яго вершы вылучаюцца асацыятыўнасцю і незвычайнай вобразнасцю. «Навізна паэзіі Юркі Баены – у глыбокай творчай здольнасці аўтара шукаць і знаходзіць на старыя пытанні не старыя адказы, насычаць іх новымі шматзначнымі ўяўленнямі пра свет, уласнымі назіраннямі, вопытам дарог, грамадзянскай мудрасцю пазнання яго набалелых праблем і шчаслівых радасцей» – пісаў Сярей Чыгрын, паэт, публіцыст і краязнавец са Слоніма.

Старшыня Бельскага аддзела Саюза польскіх настаўнікаў (ад 1994 г.). Радны Гарадской рады Бельска-Падляшскага (1990 – 2010) і Рады павета Бельск-Падляшскі (2010 – 2014). Дзеяч Беларускага грамадска-культурнага таварыства (намеснік старшыні Галоўнага праўлення 2005 – 2013).

Узнароджаны Крыжам заслугі, Медалём Камісіі нацыянальнай адукацыі, адзнакамі «Заслужаны Беласточчыне» і «Заслужаны для польскай культуры».

 

Міра Лукша: – Раскажы, адкуль ты родам, з якой Ты сям’і, з якой вёскі, і які гэта мела ўплыў на тое, што стаў Ты пісаць.

Юрый Баена: – Нарадзіўся я 24 сакавіка 1957 г. у Бельску, родам я з вёскі Мокрае, куды і вярнуўся. Тут жылі мае бацькі – Зінаіда і Уладзімір, а таксама дзяды з матчынага боку – Сцепаніда і Рыгор Прафірукі. Бацька штодня ездзіў у Бельск, дзе працаваў пераважна ў будаўляных прадпрыемствах. Дзед, баба і мама займаліся сельскагаспадарчымі і хатнімі справамі. Дадаткова дзед быў кавалём. У кузню прыходзілі аднавяскоўцы і прыязджалі некаторыя сяляне з суседніх вёсак. Вялі пры нагодзе звыклыя размовы, але і аповеды пра бежанства, Кастрычніцкую рэвалюцыю, Другую сусветную вайну, пра Польшчу, Расію і Амерыку.

Бабулін бацька, а мой прадзед Васіль Юзвюк пайшоў на Першую сусветную вайну, невядома калі і дзе загінуў, асіраціўшы траіх малых дзетак. Раз толькі з фронту прыбыў пешшу дадому, пераначаваў, а ўжо перад узыходам сонца вярнуўся ў сваю ваенную часць. Было гэта яго апошняе развітанне з сям’ёй, якая праз некалькі дзён падалася ў бежанства, у глыб Расійскай імперыі. Вельмі магчыма тое, што загінуў ён у баі недзе на Бельшчыне.

Бабулін дзед, а мой прапрадзед Мікіта Філіпюк (цесць Васіля Юзвюка) быў апошнім царскім войтам тэрытарыяльна разлеглай гміны ў Дубяжыне. Памёр у бежанстве ва ўсходняй Беларусі ў снежні 1918 года.

Другая баба – Ольга – жыла ў вёсцы Сабятын Сямятыцкага павета. Дзеда Ігната Баену, ураджэнца вёскі Жэрчычы, я ніколі не бачыў, бо раптоўна памёр ён у горадзе Прушкаў 5 сакавіка 1953 года (дарэчы, у той самы дзень памёр Іосіф Сталін). У Прушкаў дзед паехаў да замужняй там сястры. Сястра пахавала брата на каталіцкіх могілках.

У мае вучнёўскі гады ў Мокрым існавала 4-класная пачатковая школа. У першым класе ўсе прадметы вяліся на беларускай мове, а польскі «Элемэнтаж» уваходзіў у другім класе. Макрэнская моладзь і старэйшыя людзі мелі беларускую нацыянальную свядомасць. Зімой пры нагодзе школьнай навагодняй ёлкі маладыя жыхары вёскі выступалі ў беларускіх «камедыйках» – пастаноўках такіх вядомых беларускіх п’ес як «Дзесяць гектараў», «Мікітаў лапаць», «Конская кніжка» або «Пярэстая красуля».

Памятаю добра, як у маленстве дзед Рыгор браў мяне на калені і чытаў пры стале або перад печкай казкі
і вершы рускіх аўтараў. Памятаю таксама, як матуля, перш-наперш па-беларуску, вучыла чытаць. Разам мы рысавалі і лічылі.

Мама памерла 1 студзеня 1973 года. Меў я ўсяго 15 гадоў. Была гэта найвялікшая драма ў маім жыцці. Бацька неўзабаве другі раз ажаніўся, а я застаўся ў родным Мокрым, разам з бабай і дзедам. Пакута, боль, туга звязаныя з заўчаснай росстанню з матуляй спарадзілі патрэбу ратунку – напісання верша. З гэтага моманту
і пачалася мая прысутнасць у паэзіі.

Неўзабаве адбыўся твой сур’­ёзны дэбют.

– Дэбютанцкі верш «Дом» з’явіўся на белавежскай Літстаронцы 1 красавіка 1973 года. Быў я тады вучнем першага класа белліцэя. Публікацыя вершаванага твора падняла мяне на духу, акрыліла і прыдала ўпэўненасці ў выбранай творчай дарозе.

Бася Гаральчук (таксама аўтарка вершаў) частуе Юрыя Баену прысмакамі на фэсце ў іх роднай вёсцы (Фота Міры Лукшы)

Твой жыццёвы і працоўны шлях меў несумненны адбітак у тваёй творчасці.

– У гадах 1968 – 72 вучыўся я ў Пачатковай школе
ў Дубяжыне (класы V– VIII). У 1976 г. зкончыў Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім як яго найлепшы вучань. Вышэйшую адукацыю атрымаў на факультэце геаграфіі Люблінскага ўніверсітэта імя М. Кюры-Складоўскай. Настаўніцкую працу пачаў у 1980 годзе ў Пачатковай школе ў Красным Сяле. Адзін год адслужыў у арміі – у Кашаліне і Голдапі. У афіцэрскай школе ў Кашаліне заспела мяне ваеннае становішча.

У чарговы раз працаваў я ў Пачатковай школе ў Дубяжыне. З 1983 г. шмат часу я вучыў геаграфіі ў Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску- Падляшскім, ранейшай «тройцы». У 1994 г. выбралі мяне старшынёй Бельскага аддзела Саюза польскіх настаўнікаў (гэтыя абавязкі выконваю я да сёння). 24 гады быў я радным Гарадской рады Бельска-Падляшскага (5 кадэнцый) і Рады Бельскага павета (1 кадэнцыю). Дзейнічаю ў Беларускім грамадска-культурным таварыстве, быў намеснікам старшыні ГП ад 2005 да 2013 года. Я член Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа» і ганаровы сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар сямі паэтычных кніг.

Жанаты я. Усе мае дзеці (чацвёра) ведаюць беларускую мову. Кожны з іх вучыўся ў Бельскім белліцэі. Зараз я таксама дзед сваіх унукаў.

Дзякуючы асабістаму ўдзелу ў грамадскім жыцці гарызонты маёй творчасці намнога расшырыліся. Люблю я прыглядацца людзям, аналізую іх імкненні і паводзіны, стараюся заглянуць у глыбіню чалавечай душы. Шляхам гадоў на польска- беларускім памежжы ў няпросты перыяд сацыяльна-палітычных змен змяняўся
ў народзе падыход да маральна-этычных каштоўнасцей, да нацыянальнай спадчыны. Таму, як паэту, хочацца сказаць так: Разам з сябрамі з Літаб’яднання «Белавежа» родным словам здаўна я чытачам чарчу карту пагоды.

Чым для Цябе ёсць верш?

– Верш – гэта найбольш скандэнсаваня форма выказвання. Заўсёды хочацца, каб была яна поўная асацыятыўнай шматзначнасці.

Верш нараджаецца ад жаху або ад захаплення. Узнімае ён у сэрцы і розуме пачуццё халявання і роздуму, праменна пранікаючы да іхніх глыбінь. Дазваляе таксама захаваць светласць сэрца, жыццялюбства, веру
ў чалавека і надзею на лепшае.

Верш – зялёны лісток душы, мае крылы, зямля, неба, споведзь і малітва да Бога. У паэтычных словах шукаю адказаў на простыя і складаныя пытанні. У вершах павінна быць усё – ад кропелькі расы па космас. Дзякуючы тварэнню кожны раз мой свет адраджаецца, каб у бляску і красе лунаць усімі колерамі вясёлкі.

Кожнага паэта радуе першы крык новага верша. Малаважная колькасць паэтычных твораў, найбольш істотная іх якасць. Разлічваю на надыходзячы добры час для творчай самарэлізацыі. Мне ўжо пахне папера наступных томікаў.

Якія ў Цябе літаратурныя і жыццёвыя планы?

– Хачу пісаць таксама лірычную прозу. Гэта вельмі надзейны напрамак. Сям’я надалей будзе ў цэнтры ўвагі. Мы ў 2012 годзе перабраліся з Бельска ў Мокрае між іншым таму, каб дзеці і ўнукі мелі добрае месца для адпачынку (і працы, калі захочуць), каб як мага найчасцей былі ўсе мы разам, каб любавацца роднымі краявідамі і каб хадзіць дарогамі дзядоў і прадзедаў.

Няхай так будзе! Дзякуем Табе за размову і віншуем з юбілеем!

 

Размаўляла
Міра Лукша