Две рôдны мовы

Памятаю як недзе ў 2002 годзе ў час беларускага рэйду па Беласточчыне начаваў ля мяжы, у Мастаўлянах. Гаварыў тады думна на сваёй беларушчыне якой ганарыўся. Нечакана мясцовыя назвалі мяне ўкраінцам. Маладому хлапчуку з Бельска стала крыўдна і незразумела. У студзені на старонцы «Нашай Нівы», а потым таксама ў сацсетках, прайшла дэбата наконт ідэнтычнасці Берасцейшчыны, якую пачала Наталка Бабіна. Яна зараз украінка, якая хоча зберагчы ўкраінскасць рэгіёна. Прапануе распаўсюд „Слоўніка Берасцейшчыны” Уладзіміра Леанюка, якога востра атакуе з беларускіх пазіцый Стас Карпаў, маўляў – „зрабіце ў нас другі Данбас”. Прапанова Алеся Чайчыца для палешукоў нейтральная: рэгіяналізм без палітыкі.

Тэма здаецца быць адкрытай таксама і на нашым Падляшшы, паколькі ўкраінскіх арганізацыяў у нас зараз багата. Яны прызнаны, фінансуюцца падобнымі сродкамі польскай дзяржавай як і беларускія арганізацыі. Такія часопісы як „Над Бугам і Нарвай” доўгі час вялі змаганне з беларускасцю Бельшчыны і Гайнаўшчыны кожны раз выходзячы з моўных пазіцый.

Пачаць трэба з гісторыі падляшска-палескага рэгіёна. Гэта папраўдзе ўскраіна Польшчы, старажытнай Літвы і Русі, якая стала Украінай. Доўгі час Брэст як і Бельск існаваў у Галіцка-Валынскім Княстве. І тут праблема, ці гэта вытокі беларускай дзяржаўнасці, ці ўкраінскай? Дасучаснай. Канчаткова споры можна весці без канца. Народ Берасцейшчыны, як і вялікая частка палешукоў, быў доўгі час называны маларускім. Так пра праваслаўных жыхароў Бельска пісаў настаяцель Міхайлаўскага прыхода а. Тарановіч.

Але як растлумачыць і перакласці дасучасныя катэгорыі на сённяшні лад? Пачаць трэба ад таго, што нацыя, якую мы зараз ведаем, абгрунтавана на вузка прынятай культуры, гістарычнай міфалогіі ды кадыфікаванай мове, гэта твор толькі ХІХ ст. Таму нельга вызначыць маларусаў — сённяшнімі беларусамі або ўкраінцамі. А прыкладамі такіх спробаў у дыскусіі з’яўляюцца Наталка Бабіна і Стас Карпаў. Наколькі добра зразумеў прапанову, справа ў тым, каб нарысаваць лінію дзе канчаецца беларускасць, а дзе пачынаецца ўкраінскасць. Таму што таго ад іх чакае сучасная нацыянальная міфалогія, якая не любіць перыфэрыяў ды культурніцкіх памежжаў.

Палессе можна і трэба разглядаць як культурніцкаю краіну, якая магла стаць асобнай дзяржавай, а палешукі нацыяй. Такім чынам як у Ноўгарадзе. Гісторыя склалася так, што наўгарадчане зліліся ў маскоўскім моры з іншымі этнасамі, а палешукам наканавана дзяліць Беларусь з Украінай. Але ж палескі патэнцыял дагэтуль моцны! Паводле палескага мовазнаўцы Фёдара Клімчука, палеская мова складае на сённяшні дзень 14 дыялектаў. Такая ж мова яшчэ нядаўнім часам на Падляшшы называлася каралеўскай. Як даказвае рэгіяналіст Дарафей Фіёнік, падляшукі трымаюцца моўнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і дагэтуль, хаця вядома, што мова мяняецца. Фактычна, калі параўнаць гістарычны тэкст часоў Ягелонаў да сённяшняй гаворкі на Бельшчыне ці Кобрыншчыне, трэба прызнаць, што захавалі яны больш архаікі чым сучасныя, нацыянальныя мовы.

Дык чаму ж не прызнаць каралеўскай мове Падляшша і палескай Палесся статусу дзяржаўнай? Мова беларуская быццам бы адна, хаця ў двух правапісах. Але ж яна не аб’ядноўвае ўсёй тэрыторыі! Яна выключае жыхароў Берасцейшчыны маларускага паходжання. Мадэльная інтэрпрэтацыя мовы не служыць інтэграцыі, тым больш што афіцыйная мова ніколі не ўжываецца ў дакладным выглядзе ў вуснах карыстальнікаў. Гэтае закрытае становішча лічу памылковым. Боязь перад актывістам падляшскай мовы Янкам Максімюком як ідэалагічным сепаратыстам паказвае галоўную слабасць вузкай беларушчны пабудаванай на эксклюзіўнасці.

Беларусы маларускага паходжання, як падляшукі ці палешукі, невінаватыя ў гісторыі. Яны маглі стаць украінцамі, але так не склалася. У іх культурніцкае багацце і своеасаблівы ўклад у беларускасць. Шкада, што ідэалагізаваная частка беларусаў не хоча таго прыняць.

А берасцейская праблема ўкраінскасці будзе ажыццяўляцца ў будучыні такім чынам як на Падляшшы. Зараз яна ў падполлі як варожая лукашэнкаўскай дзяржаўнасці, але толькі калі памяняецца ўлада і стане нацыянальна-дэмакратычнай, палескае пытанне вернецца з усёй моцай.

У дзень роднай мовы, які святкуем 21 лютага, хочу вам сказаті што я белорус, но я знаю нэ тôлько одну родну мову. Так як у мэнэ в сэрці Пôдляшэ і Белорусь, так і две своі, впоўне родны мовы.

 

Тамаш Суліма